ПСАЛЬМЫ56bel_jfc

1Кіраўніку хору: на лад “Галубка бязмоўная ў мясьцінах далёкіх”. Залатая песьня Давіда, калі яго ў Гаце схапілі Філістынцы.2Зьлітуйся нада мною, Божа, бо прагне праглынуць мяне чалавек; усякі дзень нападаючы, уціскае мяне.3Прагнуць праглынуць мяне ворагі мае ўвесь дзень, бо шмат іх ваюе супраць мяне, Найвышэйшы!4У дзень, калі я баюся, я спадзяюся на Цябе.5У Богу буду хваліцца словам Ягоным. На Бога я спадзяюся, ня буду баяцца. Што цела можа зрабіць мне?6Штодзень яны перакручваюць словы мае; супраць мяне ўсе думкі іхнія, [каб учыніць мне] зло.7Яны зьбіраюцца і хаваюцца, яны высочваюць сьляды мае, бо цікуюць на душу маю.8Дзеля злачынства [іхняга будзь] выратаваньнем для мяне, у гневе [Тваім] адкінь народы, Божа!9Туляньне маё Ты мне залічыў. Зьбяры сьлёзы мае ў мяхі Твае, бо яны [запісаныя] ў кнізе Тваёй!10Тады павернуць наўцёкі ворагі мае ў дзень, калі паклічу. Я ведаю, што Бог са мною!11У Богу буду хваліцца словам, у ГОСПАДЗЕ буду хваліцца словам [Ягоным].12На Бога я спадзяюся, ня буду баяцца. Што можа зрабіць мне чалавек?13На мне, Божа, абяцаньні Твае, дык прынясу падзяку Табе,14бо Ты вызваліў душу маю ад сьмерці і стопы мае ад падзеньня, каб хадзіў я перад абліччам Бога ў сьвятле жывых.