ПСАЛЬМЫ55bel_jfc

1Кіраўніку хору: на струнных інструмэнтах. Навучаньне Давіда.2Прыхілі вуха, Божа, да малітвы маёй і не хавайся ад маленьня майго!3Зваж на мяне і адкажы мне; я стогну ў тузе маёй і енчу4ад голасу ворага, ад уціску бязбожніка, бо злачынства закідаюць мне і ў гневе змагаюцца са мною.5Сэрца маё трапеча ў-ва мне, і жахі сьмерці напалі на мяне;6страх і дрыжаньне прыйшлі на мяне, і трывога ахапіла мяне.7І я сказаў: «Хто дасьць мне крылы, як у голуба! Я паляцеў бы і супачыў!8Вось, уцёк бы далёка і жыў бы ў пустыні». (Сэлях)9Я б сьпяшаўся, каб схавацца перад ветра віхурай, перад бурай!10Вынішчы іх, Госпадзе, падзялі мову ім, бо я бачыў крыўды і спрэчкі ў горадзе.11Дзень і ноч яны ходзяць па мурах ягоных наўкола, злачынства і ліхоцьце ў сярэдзіне яго.12Загуба ў сярэдзіне яго, і не зыходзяць з плошчаў ягоных ашуканства і здрада.13Бо ня вораг мяне зьневажае, я дараваў бы [гэта], ня той, што мяне ненавідзіць, узьвялічваецца супраць мяне, ад яго б я схаваўся,14але ты, чалавек, як я, сябра мой і знаёмы мой,15з якім мы разам вялі шчырыя гутаркі, з якім у Дом Божы хадзілі ў грамадзе.16Няхай, зьнішчаючы, зьнішчыць іх сьмерць! Няхай зыйдуць жывыя ў пекла, бо ліхота [жыве] ў вандраваньні іхнім, у нутры іхнім.17А Я буду клікаць да Бога, і ГОСПАД збавіць мяне.18Увечары, і раніцаю, і ў белы дзень я буду енчыць і галасіць, і Ён пачуе голас мой.19Ён выбавіць душу маю, каб даць супакой ад [тых, што] варагуюць супраць мяне, бо шмат было тых, якія супраць мяне.20Пачуе Бог, і ўпакорыць іх Той, Які жыве спрадвеку. (Сэлях) Бо няма ў іх паправы, і яны не баяцца Бога,21руку сваю выцягваюць на тых, што з імі ў супакоі жылі, і парушаюць запавет свой;22гладкія, як тое масла, вусны ягоныя, а ў сэрцы — варожасьць; словы ягоныя лагаднейшыя за алей, але яны — мячы аголеныя.23Ускладзі бярэмя тваё на ГОСПАДА, і Ён паклапоціцца пра цябе; ня дасьць Ён ніколі, каб пахіснуўся праведнік.24І Ты, Божа, іх кінеш у ямы парахненьня; людзі крыважэрныя і падступныя не [дажывуць] паловы дзён сваіх. А я на Цябе спадзяюся!