ПСАЛЬМЫ25bel_jfc
1Давіда. Да Цябе, ГОСПАДЗЕ, узьнімаю я душу маю.2Божа мой! На Цябе спадзяюся; ня дай мне быць асаромленым, ня дай ворагам маім быць нада мной пераможцамі.3Бо ўсе, якія на Цябе спадзяюцца, ня будуць асаромленыя. Будуць асаромлены тыя, якія адступаюцца без прычыны.4ГОСПАДЗЕ, дай мне ведаць шляхі Твае, навучы мяне сьцежкам Тваім.5Вядзі мяне ў праўдзе Тваёй і навучы, бо Ты — Бог збаўленьня майго, на Цябе спадзяюся ў-ва ўсякі дзень.6Узгадай пра літасьць Тваю, ГОСПАДЗЕ, і пра міласэрнасьць Тваю, бо яны — ад вякоў.7Пра грахі маладосьці маёй і пра правіны мае ня ўзгадвай. Паводле міласэрнасьці Тваёй Ты ўзгадай пра мяне, дзеля добрасьці Тваёй, ГОСПАДЗЕ!8ГОСПАД добры і справядлівы, таму Ён будзе навучаць шляху [Свайму] грэшнікаў.9Ён прывядзе ўцісканых на суд і навучыць уцісканых шляху Свайму.10Усе сьцежкі ГОСПАДА — міласэрнасьць і праўда для тых, якія захоўваюць запавет Ягоны і сьведчаньні Ягоныя.11Дзеля імя Твайго, ГОСПАДЗЕ, даруй мне беззаконьне маё, бо надта яно вялікае!12Хто той чалавек, які баіцца ГОСПАДА? Яго Ён навучыць шляху, які [трэба] выбраць яму.13Душа ягоная будзе жыць у добрым, і насеньне ягонае зямлю ў спадчыну возьме.14Таямніца ГОСПАДА з тымі, што баяцца Яго, і запавет Свой Ён дае ім ведаць.15Вочы мае заўсёды [глядзяць] на ГОСПАДА, бо Ён выцягне з сеткі ногі мае.16Павярніся да мяне і зьлітуйся нада мною, бо я — самотны і прыгнечаны.17Трывогі сэрца майго пашырыліся, выцягні мяне з бедаў маіх!18Глянь на пакуты мае і нядолю маю, і даруй мне ўсе грахі мае!19Глянь на ворагаў маіх, бо шмат іх, і нянавісьцю злачыннаю яны ненавідзяць мяне.20Захавай душу маю і выратуй мяне, каб ня быў я асаромлены, бо я ў Табе маю надзею.21Беззаганнасьць і праведнасьць няхай захаваюць мяне, бо я на Цябе спадзяюся.22Божа, збаў Ізраіля ад усіх трывогаў ягоных!