ПСАЛЬМЫ104bel_jfc

1Дабраславі, душа мая, ГОСПАДА! ГОСПАДЗЕ, Божа мой, Ты вельмі вялікі! У годнасьць і велічнасьць Ты апрануўся!2Ты ахінуўся ў сьвятло, быццам у шату, Ты раскінуў нябёсы, як намёт.3Ты паставіў над водамі хорамы Твае, Ты паставіў хмары як калясьніцу Тваю, Ты ходзіш на крылах ветру.4Ты робіш вятры анёламі Тваімі, служыцелямі Тваімі — агонь, што палае.5Ты паставіў зямлю на месцы яе, ня можа яна пахіснуцца на вякі вечныя.6Бяздоньнямі, як вопраткай, закрыў Ты яе; па-над горамі воды стаялі.7Перад пагрозай Тваёй яны ўцякалі, перад голасам грымотаў Тваіх адступаліся.8Узьнімаліся горы, зыходзілі раўніны на месцы, якія Ты заснаваў для іх.9Ты паклаў [водам] мяжу, якую не пяройдуць; ня вернуцца, каб закрыць зямлю.10Ты пасылаеш крыніцы для ручаёў, яны цякуць паміж гораў,11пояць усіх зьвяроў палявых, праганяюць дзікія аслы смагу сваю.12Над імі жывуць птушкі нябесныя, праз вецьце голас падаюць.13Ты поіш горы з хорамаў Тваіх; пладамі дзеяў Тваіх зямля насычаецца.14Ты ўзрошчваеш траву для скаціны і расьліны для працы чалавеку, каб вырастаў хлеб з зямлі15і віно, якое сэрца людзям весяліць, і алей, ад якога твар іх блішчыць, і хлеб, які сэрца людзей умацоўвае.16Насычаюцца дрэвы ГОСПАДА, кедры Лібанскія, якія Ён пасадзіў.17Там птушкі робяць гнёзды, бусел на кіпарысе [мае] дом свой.18Высокія горы — для сарнаў, скалы — прыстанішча для даманаў.19Ён месяц зрабіў, [каб вызначаць] пару; сонца ведае захад свой.20Ты цемру кладзеш, і стаецца ноч, у ёй рухаюцца ўсе зьвяры лясныя.21Львяняты рыкаюць пра здабычу, шукаючы ў Бога пажывы.22Як узыйдзе сонца, яны зьбіраюцца разам і ў логвах залягаюць.23Выходзіць чалавек на дзеі свае і на працу сваю аж да вечара.24Якія шматлікія, ГОСПАДЗЕ, дзеі Твае! Усё Ты ў мудрасьці ўчыніў, зямля поўная даброцьцяў Тваіх.25Вось мора, вялікае і шырокае на абодва бакі. Там рухаецца безьліч жывёлаў малых і вялікіх.26Там караблі ходзяць. Левіятан, якога Ты ўфармаваў, гуляе ў ім.27Усе яны ўзіраюцца на Цябе, каб Ты даў ім пажыву ў свой час.28Ты даеш ім, яны зьбіраюць; Ты адкрываеш руку Тваю, і яны дабром насычаюцца.29Ты хаваеш аблічча Тваё, і яны палохаюцца; забіраеш дух іхні, і яны паміраюць, і ў пыл назад вяртаюцца.30Ты пашлеш Дух Твой, і яны створаныя, і Ты аднаўляеш аблічча зямлі.31Няхай будзе слава ГОСПАДА на вякі, няхай радуецца ГОСПАД з дзеяў Сваіх.32Ён гляне на зямлю, і яна дрыжыць; дакранецца да гор, і яны палаюць.33Буду сьпяваць ГОСПАДУ жыцьцём маім; буду выслаўляць Бога майго яшчэ больш.34Няхай будзе салодкім Яму разважаньне маё, а я буду весяліцца ў ГОСПАДЗЕ.35Няхай грэшнікі счэзнуць з зямлі, няхай больш ня будзе бязбожнікаў! Дабраславі, душа мая, ГОСПАДА! Альлелюя!