ПСАЛЬМЫ103bel_jfc
1Псальм Давіда. Дабраславі, душа мая, ГОСПАДА, і ўсё нутро маё — імя Ягонае сьвятое!2Дабраславі, душа мая, ГОСПАДА і не забывайся пра ўсё, што Ён зрабіў!3Ён даруе табе ўсе беззаконьні твае, вылечвае ўсякую немач тваю,4вызваляе ад магілы жыцьцё тваё, літасьцю вялікай і міласэрнасьцю карануе цябе,5насычае дабром старасьць тваю, аднаўляе, як у арла, маладосьць тваю.6Праведнасьць чыніць ГОСПАД і суд для ўсіх прыгнечаных.7Ён зрабіў вядомымі шляхі Свае Майсею, сынам Ізраіля — учынкі Свае.8Спагадлівы і літасьцівы ГОСПАД, павольны да гневу і багаты на міласэрнасьць.9Не назаўсёды Ён гневам палае і ня вечна памятае ліхое.10Не паводле грахоў нашых нам Ён дае і не ўчыняе з намі паводле беззаконьняў нашых,11бо як высока неба над зямлёю, так вялікая міласэрнасьць Ягоная да тых, што баяцца Яго,12як далёкі ад захаду ўсход, так [далёка] Ён нашыя правіны ад нас аддаліў,13як літуецца бацька над сынамі, так ГОСПАД літуецца над тымі, што баяцца Яго.14Бо ведае Ён настаўленьне нашае, памятае, што мы — [толькі] пыл.15Дні чалавечыя — як трава; як кветка ў полі, так ён квітнее,16бо пройдзе над ім вецер, і няма яго, і ўжо месца ягонае больш не пазнае яго.17Але міласэрнасьць ГОСПАДА ад веку і на вякі над тымі, што баяцца Яго, і праведнасьць Ягоная — над сынамі сыноў18тых, якія захоўваюць запавет Ягоны і загады Ягоныя памятаюць, каб выконваць іх.19ГОСПАД умацаваў пасад Свой на нябёсах, і валадарства Ягонае над усім пануе.20Дабраславіце ГОСПАДА, анёлы Ягоныя, магутныя моцаю, што выконваеце слова Ягонае, чуючы голас слова Ягонага!21Дабраславіце ГОСПАДА, усе войскі Ягоныя, служыцелі Ягоныя, што выконваеце волю Ягоную!22Дабраславіце ГОСПАДА, усе творы Ягоныя па ўсіх месцах панаваньня Ягонага! Дабраславі, душа мая, ГОСПАДА!