ПРЫПОВЕСЬЦІ24bel_jfc

1Не зайздросьці людзям ліхім, не жадай быць з імі,2бо пра злачыннасьць думае сэрца іхняе, і пра ліхоту вусны іхнія гавораць.3Мудрасьцю будуецца дом, і розумам умацоўваецца,4і праз веданьне напаўняюцца пакоі яго ўсялякай каштоўнай і прывабнай маёмасьцю.5Мудры чалавек мае моц, і чалавек, які мае веды, умацоўвае сілу [сваю].6Таму з разважлівасьцю вядзі вайну тваю, і пры мностве дарадцаў — выратаваньне.7Занадта высокая мудрасьць для неразумнага, ён не раскрывае ў брамах вуснаў сваіх.8Хто задумляе рабіць ліхое, таго называюць зламысным.9Намеры бязглуздага — грэх, і [намеры] блюзьнера — агіда для чалавека.10Калі ты слабы ў дзень бедства, дык малая сіла твая.11Ратуй узятых на сьмерць, і ці ж не пашкадуеш тых, якія сказаныя на загубу?12Калі скажаш: «Вось, мы ня ведалі гэтага?», ці ж Той, Хто дасьледуе сэрцы, не разумее? Ці ж Той, Хто захоўвае душу тваю, ня ведае? Ці ж Ён не аддасьць чалавеку паводле справаў ягоных?13Еш мёд, сыне мой, бо ён добры, і соты салодкія для паднябеньня твайго.14Гэтак сама веданьне мудрасьці для душы тваёй. Калі ты знайшоў яе, ёсьць будучыня, і надзея твая не загіне.15Не цікуй, бязбожніку, каля жытла праведніка, не спусташай месца супачынку ягонага,16бо сем разоў упадзе праведнік і ўстане, а бязбожнікі трапяць у няшчасьце.17Ня радуйся, калі ўпадзе вораг твой, і няхай ня цешыцца сэрца тваё, калі ён спатыкнецца,18бо часам убачыць ГОСПАД, і будзе [гэта] ліхім у вачах Ягоных, і Ён адверне гнеў Свой ад яго.19Ня гневайся, [гледзячы] на ліхотнікаў і не зайздросьці бязбожнікам,20бо ня будзе будучыні ліхому, і сьветач бязбожнікаў стухне.21Бойся ГОСПАДА, сыне мой, і валадара, і ня зьвязвайся са змоўшчыкамі,22бо неспадзявана прыйдзе на іх загуба, і бедства ад іх абодвух хто можа ведаць.23Гэта таксама для мудрых: нядобра зважаць на аблічча ў судзе.24Таго, хто кажа бязбожніку: «Ты праведны», будуць праклінаць народы і будуць брыдзіцца ім людзі.25А тымі, што дакараюць, будуць захапляцца, і зыйдзе на іх шчодрае дабраславенства.26У вусны цалуе той, хто адказвае шчырымі словамі.27Выканай працу тваю звонку [дому] і скончы яе на полі тваім, а пасьля пабудуй дом твой.28Ня сьведчы без прычыны супраць бліжняга твайго, і не падманвай вуснамі тваімі.29Не кажы: «Як ён мне зрабіў, так і я зраблю яму, аддам чалавеку паводле справаў яго».30Праходзіў я праз поле гультая і праз вінаграднік чалавека бяз розуму,31і вось, усё зарасло асотам, і крапіва пакрыла паверхню яго, і каменная агароджа зруйнаваная.32І паглядзеў я, і зьвярнуў [на гэта] сэрца маё, убачыў, і атрымаў настаўленьне:33«Крыху пасьпіш, крыху падрэміш, крыху, склаўшы рукі, паляжыш.34і прыйдзе, як валацуга, беднасьць твая, і нястача твая — як чалавек узброены».