МАЦЬВЕЯ5bel_jfc
1Убачыўшы натоўпы, Ён узыйшоў на гару, і, калі сеў, падыйшлі да Яго вучні Ягоныя.2І Ён, расчыніўшы вусны Свае, навучаў іх, кажучы:3«Шчасьлівыя ўбогія духам, бо іх ёсьць Валадарства Нябеснае.4Шчасьлівыя тыя, што плачуць, бо яны будуць суцешаныя.5Шчасьлівыя ціхія, бо яны возьмуць у спадчыну зямлю.6Шчасьлівыя тыя, што прагнуць і смагнуць праведнасьці, бо яны будуць насычаныя.7Шчасьлівыя міласьцівыя, бо яны будуць памілаваныя.8Шчасьлівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.9Шчасьлівыя міратворцы, бо яны сынамі Божымі будуць названыя.10Шчасьлівыя тыя, каго перасьледуюць за праведнасьць, бо іх ёсьць Валадарства Нябеснае.11Шчасьлівыя вы, калі дзеля Мяне будуць зьневажаць вас, і перасьледаваць, і казаць усякае злое слова хлусьліва.12Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая нагарода вашая ў небе; бо так перасьледавалі прарокаў, якія былі раней за вас.13Вы — соль зямлі. Калі ж соль згубіць сілу, то чым зробіш яе салёнаю? Яна ўжо ні на што не надаецца, хіба толькі выкінуць яе вон на патаптаньне людзям.14Вы — сьвятло сьвету. Ня можа схавацца горад, які стаіць на вяршыні гары.15Ніхто не запальвае сьвечку, каб паставіць яе пад пасудзінай, але на сьвечніку, і яна сьвеціць усім, хто ёсьць у доме.16Гэтак няхай сьвятло вашае сьвеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя справы і славілі Айца вашага, Які ў небе.17Ня думайце, што Я прыйшоў парушыць Закон ці Прарокаў; не парушыць прыйшоў Я, але споўніць.18Бо сапраўды кажу вам: пакуль не праміне неба і зямля, аніводная ёта ці рыска не праміне з Закону, пакуль ня станецца ўсё.19Вось жа, хто парушыць адно з гэтых найменшых прыказаньняў і навучыць гэтаму людзей, той найменшым названы будзе ў Валадарстве Нябесным; а хто выканае і навучыць, той вялікім названы будзе ў Валадарстве Нябесным.20Бо кажу вам: калі праведнасьць вашая не перавысіць [праведнасьці] кніжнікаў і фарысэяў, вы ня ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае.21Вы чулі, што сказана старадаўнім: “Не забівай, а хто заб’е, падлягае суду”.22А Я кажу вам, што ўсякі, хто гневаецца на брата свайго дарэмна, падлягае суду; а хто скажа брату свайму: “Нікчэмны”, падлягае сынэдрыёну, а хто скажа: “Дурань”, падлягае гееньне вогненай.23Дык калі ты прынясеш дар твой на ахвярнік, і там узгадаеш, што брат твой мае нешта супраць цябе,24пакінь дар твой перад ахвярнікам і пайдзі перш пагадзіся з братам тваім, а тады, прыйшоўшы, прынясі дар твой.25Пагадзіся з супраціўнікам тваім хутчэй, пакуль ты яшчэ ў дарозе з ім, каб супраціўнік не аддаў цябе судзьдзі, а судзьдзя не аддаў бы цябе паслугачу, і ня быў ты кінуты ў вязьніцу.26Сапраўды кажу табе: ты ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга кадранта.27Вы чулі, што сказана старадаўнім: “Не чужалож”.28А Я кажу вам, што ўсякі, хто глядзіць на жанчыну, жадаючы яе, ужо чужаложыць з ёю ў сэрцы сваім.29Калі ж правае вока тваё згаршае цябе, вырві яго і кінь ад сябе, бо лепш табе, каб загінуў адзін з членаў тваіх, а ня ўсё цела тваё было ўкінута ў геенну.30І калі правая рука твая згаршае цябе, адсячы яе і кінь ад сябе, бо лепш табе, каб загінуў адзін з членаў тваіх, а ня ўсё цела тваё было ўкінута ў геенну.31Сказана таксама, што, калі хто разлучаецца з жонкаю сваёю, няхай дасьць ёй развод.32А Я кажу вам: хто разлучаецца з жонкаю сваёю не з прычыны распусты, той робіць яе чужаложніцай, і хто жэніцца з разьведзенай, той чужаложыць.33Яшчэ чулі вы, што сказана старадаўнім: “Не прысягай фальшыва, але спаўняй перад Госпадам прысягі твае”.34А Я кажу вам: не прысягай зусім, ані небам, бо яно — пасад Божы;35ані зямлёю, бо яна — падножжа ног Ягоных, ані Ерусалімам, бо ён — горад вялікага Валадара;36ані галавою сваёю не прысягай, бо ня можаш аніводнага воласу зрабіць белым ці чорным.37Але няхай будзе слова вашае: “Так, так”, “Не, не”, а што больш таго, тое ад злога.38Вы чулі, што сказана: “Вока за вока і зуб за зуб”.39А Я кажу вам: не праціўцеся злому, але, хто ўдарыць цябе ў правую шчаку тваю, павярні да яго і другую,40і хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе вопратку, аддай яму і шаты;41і хто прымусіць цябе ісьці з ім адну мілю, ідзі з ім дзьве.42Таму, хто просіць у цябе, дай, і ад таго, хто хоча ў цябе пазычыць, не адварочвайся.43Вы чулі, што сказана: “Любі бліжняга твайго і ненавідзь ворага твайго”.44А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых, дабраслаўляйце тых, якія праклінаюць вас, рабіце дабро тым, якія ненавідзяць вас, і маліцеся за тых, якія крыўдзяць вас і перасьледуюць вас,45каб сталіся вы сынамі Айца вашага, Які ў небе, бо Ён узьнімае сонца Сваё над добрымі і злымі і спасылае дождж на праведных і няправедных.46Бо калі вы любіце тых, якія вас любяць, якая вам нагарода? Ці ж ня так робяць і мытнікі?47І калі вы вітаеце толькі братоў вашых, што асаблівае робіце? Ці ж не такім чынам робяць і мытнікі?48Дык будзьце ж дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш, Які ў небе.