ЛУКІ7bel_jfc

1Калі ж Ён скончыў [гаварыць] усе словы Свае ў вушы народу, увайшоў у Капэрнаум.2У аднаго ж сотніка слуга, якога той цаніў, быў хворы пры сьмерці.3Пачуўшы пра Ісуса, ён паслаў да Яго старшыняў Юдэйскіх прасіць Яго, каб прыйшоў аздаравіць слугу ягонага.4І яны, прыйшоўшы да Ісуса, дужа прасілі Яго, кажучы: «Ён варты, каб Ты зрабіў для яго гэтае,5бо ён любіць народ наш і пабудаваў нам сынагогу».6Ісус пайшоў з імі. А калі Ён быў ужо недалёка ад дому, сотнік прыслаў да Яго сяброў сказаць Яму: “Не турбуйся, Госпадзе! Бо я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой,7бо і сябе самога я не палічыў вартым прыйсьці да Цябе. Але скажы слова, і будзе аздароўлены слуга мой.8Бо і я чалавек, які маю над сабою ўладу, і маю пад сабою жаўнераў; і кажу аднаму: “Пайдзі”, — і ён ідзе; і другому: “Прыйдзі”, — і ён прыходзіць; і слузе майму: “Зрабі тое”, — і ён робіць».9Пачуўшы гэтае, Ісус зьдзівіўся з яго і, павярнуўшыся, сказаў натоўпу, які ішоў за Ім: «Кажу вам, што нават у Ізраілю не знайшоў Я гэткае веры».10І вярнуўшыся ў дом, пасланыя знайшлі хворага слугу паздаравеўшым.11І сталася пасьля гэтага, пайшоў Ён у горад, называны Наін; і з Ім ішлі многія з вучняў Ягоных і шматлікі натоўп.12Калі ж Ён наблізіўся да брамы гораду, вось, выносілі памёршага, адзінароднага сына ў маці сваёй, а яна была ўдава; і вялікі натоўп з гораду ішоў з ёю.13І, убачыўшы яе, Госпад зьлітаваўся над ёю і сказаў ёй: «Ня плач».14І, падыйшоўшы, дакрануўся да пахавальных насілак; а тыя, што несьлі іх, затрымаліся, і Ён сказаў: «Юнача, табе кажу: "Устань!"»15І сеў мёртвы, і пачаў гаварыць; і Ён аддаў яго маці ягонай.16І ўсіх ахапіў страх, і яны славілі Бога, кажучы: «Вялікі прарок паўстаў між намі», і: «Бог адведаў народ Свой».17І разыйшлося слова гэтае пра Яго па ўсёй Юдэі і па ўсёй ваколіцы.18І паведамілі Яну вучні ягоныя пра ўсё гэтае.19І, паклікаўшы двух з вучняў сваіх, Ян паслаў іх да Ісуса, кажучы: «Ці Ты Той, Які прыходзіць, ці чакаць нам іншага?»20А мужы [гэтыя], прыйшоўшы да Яго, сказалі: «Ян Хрысьціцель паслаў нас да Цябе, кажучы: “Ці Ты Той, Які прыходзіць, ці чакаць нам іншага?”»21У гэтую гадзіну Ён многіх аздаравіў ад хваробаў і немачаў, і ад злых духаў, і многім сьляпым вярнуў зрок.22І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Пайдзіце, паведаміце Яну, што вы бачылі і чулі, што сьляпыя бачаць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць, убогім дабравесьціцца.23І шчасьлівы той, хто ня згоршыцца праз Мяне».24Калі ж пасланцы Яна пайшлі, Ён пачаў гаварыць да натоўпаў пра Яна: «Што глядзець хадзілі вы ў пустыню? Ці трысьціну, якую вецер хістае?25Але што хадзілі вы ўбачыць? Ці чалавека, апранутага ў мяккія шаты? Вось, тыя, што ў пышным адзеньні і жывуць раскошна, знаходзяцца пры дварох валадарскіх.26Але што хадзілі вы ўбачыць? Прарока? Так, кажу вам, і больш за прарока.27Ён ёсьць той, пра якога напісана: “Вось, Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які пракладзе шлях Твой перад Табою”.28Бо кажу вам: "Сярод народжаных жанчынамі няма ніводнага прарока, большага за Яна Хрысьціцеля; але меншы ў Валадарстве Божым большы за яго".29І ўвесь народ, які слухаў яго, і мытнікі аддалі хвалу Богу, хрысьцячыся хрышчэньнем Янавым;30а фарысэі і законьнікі адкінулі параду Божую для іх, не ахрысьціўшыся ў яго».31Госпад жа сказаў: «З кім параўнаю людзей пакаленьня гэтага? І да каго яны падобныя?32Яны падобныя да дзяцей, якія сядзяць на вуліцы, і клічуць адзін аднаго, і кажуць: “Мы гралі вам на жалейцы, і вы не скакалі; мы галасілі, і вы ня плакалі”.33Бо прыйшоў Ян Хрысьціцель, ані хлеба ня есьць, ані віна ня п’е, і вы кажаце: “Дэмана мае”.34Прыйшоў Сын Чалавечы, есьць і п’е, і вы кажаце: “Вось, чалавек — абжора і п’яніца, сябра мытнікаў і грэшнікаў”.35І апраўдана мудрасьць усімі дзецьмі яе».36Нехта з фарысэяў прасіў Яго паесьці разам з ім, і Ён, увайшоўшы ў дом фарысэя, узьлёг.37І вось жанчына з таго гораду, якая была грэшніцай, даведаўшыся, што Ён узьлягае ў доме фарысэя, прынесла алябастравы збанок міра,38і, стаўшы ззаду каля ног Ягоных і плачучы, пачала абліваць ногі Ягоныя сьлязьмі, і выцірала валасамі галавы сваёй, і цалавала ногі Ягоныя, і мазала мірам.39Бачачы гэтае, фарысэй, які быў запрасіў Яго, сказаў сам у сабе: «Калі б Ён быў прарок, дык ведаў бы, хто і якая жанчына дакранаецца да Яго, бо яна — грэшніца».40І, адказваючы, Ісус сказаў яму: «Сымоне, Я маю нешта сказаць табе». Ён жа кажа: «Кажы, Настаўнік».41[Ісус сказаў]: «У аднаго пазычальніка былі два даўжнікі: адзін быў вінен пяцьсот дынараў, а другі — пяцьдзясят.42А як яны ня мелі, чым заплаціць, ён дараваў абодвум. Скажы, каторы з іх больш узьлюбіць яго?»43Адказваючы, Сымон сказаў: «Думаю, што той, якому больш дараваў». Ён жа сказаў яму: «Слушна ты пастанавіў».44І, павярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сымону: «Ці бачыш ты гэтую жанчыну? Я прыйшоў у дом твой, і ты вады Мне на ногі ня даў; а яна сьлязьмі абліла ногі Мае і валасамі галавы сваёй выцерла.45Ты пацалунку Мне ня даў, а яна, як толькі Я прыйшоў, не перастае цалаваць ногі Мае.46Ты галавы Мне алеем не памазаў; а яна мірам памазала ногі Мае.47Дзеля гэтага кажу табе: даруюцца многія грахі яе за тое, што яна шмат узьлюбіла; а каму мала даруецца, той мала любіць».48А ёй сказаў: «Адпускаюцца табе грахі».49І тыя, што ўзьлягалі з Ім, пачалі гаварыць у сабе: «Хто Ён ёсьць, што і грахі адпускае?»50А Ён сказаў жанчыне: «Вера твая збавіла цябе; ідзі ў супакоі».