ЛУКІ1bel_jfc

1Як ужо многія намагаліся напісаць аповесьць пра падзеі, якія ў нас адбыліся,2як пераказалі нам тыя, што былі ад пачатку відавочцамі і сталіся паслугачамі Слова,3надумаў і я, прайшоўшы ўсё нанова, дакладна па парадку апісаць табе, вяльможны Тэафілю,4каб ты пазнаў надзейнасьць словаў, у якіх быў навучаны.5Сталася ў дні Ірада, валадара Юдэйскага, [быў] сьвятар з Абіявае чаргі, на імя Захарыя, і жонка ягоная з дачок Аарона, і імя яе — Альжбета.6Былі яны абое праведныя перад Богам, ходзячы паводле прыказаньняў і пастановаў Госпада беззаганна.7І не было ў іх дзіцяці, таму што Альжбета была няплодная, і абое яны былі пажылыя ў гадах сваіх.8І сталася, калі ў парадку чаргі сваёй ён спаўняў абавязак сьвятарскі перад Богам,9выпала яму паводле звычаю сьвятароў кадзіць, увайшоўшы ў бажніцу Госпадаву.10І ўсё мноства народу звонку малілася ў час каджэньня.11І зьявіўся яму анёл Госпада, які стаў з правага боку кадзільнага ахвярніку.12І ўстрывожыўся Захарыя, убачыўшы яго, і ахапіў яго страх.13Анёл жа сказаў яму: «Ня бойся, Захарыя! Бо пачутая просьба твая, і жонка твая Альжбета народзіць табе сына, і дасі яму імя Ян.14І будзе табе радасьць і вясёласьць, і многія ўзрадуюцца нараджэньню ягонаму.15Бо ён будзе вялікі перад Госпадам, і ня будзе піць віно і сікеру, і Духам Сьвятым напоўніцца яшчэ ва ўлоньні маці сваёй.16І многіх з сыноў Ізраіля зьверне да Госпада, Бога іхняга.17І будзе ісьці перад Ім у духу і сіле Ільлі, каб вярнуць сэрцы бацькоў дзецям, і непаслухмяным — лад думак праведнікаў, каб падрыхтаваць Госпаду народ падрыхтаваны».18І сказаў Захарыя анёлу: «З чаго даведаюся я гэтае? Бо я — стары, і жонка мая ў гадах пажылых».19І, адказваючы, сказаў яму анёл: «Я — Габрыэль, які стаю перад Богам, і я пасланы гаварыць з табою і дабравесьціць табе гэтае.20І вось, будзеш ты маўчаць, і ня зможаш гаварыць да дня, калі гэта станецца, за тое, што не паверыў словам маім, якія споўняцца ў свой час».21І чакаў народ Захарыю, і дзівіўся, што ён марудзіць у бажніцы.22А ён, выйшаўшы, ня мог гаварыць да іх; і зразумелі, што бачыў відзеж у бажніцы; і ён ківаў ім, і застаўся немы.23І сталася, калі скончыліся дні службы ягонай, ён вярнуўся ў дом свой.24Пасьля гэтых дзён зачала Альжбета, жонка ягоная, і хавала гэта пяць месяцаў, кажучы:25«Гэтак учыніў мне Госпад у дні, калі глянуў на мяне, каб зьняць з мяне ганьбу між людзьмі».26А ў шосты месяц быў пасланы анёл Габрыэль ад Бога ў горад Галілейскі, называны Назарэт,27да дзяўчыны, заручанай з мужам на імя Язэп, з дому Давіда; а імя дзяўчыны — Марыя.28І, увайшоўшы да яе, анёл сказаў: «Радуйся, дабрадатная! Госпад з табою; дабраслаўлёная ты між жанчынамі».29Яна ж, убачыўшы яго, устрывожылася ад словаў ягоных і разважала, што гэта было за прывітаньне.30І сказаў ёй анёл: «Ня бойся, Марыя! Бо ты знайшла ласку ў Бога.31І вось, ты зачнеш ва ўлоньні і народзіш Сына, і дасі Яму імя Ісус.32Ён будзе вялікі і Сынам Найвышэйшага назавецца, і дасьць Яму Госпад Бог пасад Давіда, бацькі Ягонага.33І Ён будзе валадарыць над домам Якуба на вякі, і Валадарству Ягонаму ня будзе канца».34А Марыя сказала анёлу: «Як гэта будзе, калі я не спазнала мужа?»35І, адказваючы, анёл сказаў ёй: «Дух Сьвяты зыйдзе на цябе, і сіла Найвышэйшага ахіне цябе. І дзеля гэтага тое, што народзіцца Сьвятое, Сынам Божым назавецца.36Вось і Альжбета, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасьці сваёй, і вось ужо шосты месяц у яе, якую называюць няплоднай.37Бо ў Бога ніводнае слова ня будзе бяз сілы».38І сказала Марыя: «Вось я — служка Госпада; няхай станецца мне паводле слова твайго». І адыйшоў ад яе анёл.39Устаўшы, Марыя ў тыя дні шпарка пайшла ў горную краіну, у горад Юды,40і ўвайшла ў дом Захарыі, і прывітала Альжбету.41І сталася, калі Альжбета пачула прывітаньне Марыі, узварухнулася дзіцятка ва ўлоньні яе, і Альжбета напоўнілася Духам Сьвятым.42І ўсклікнула яна моцным голасам, і сказала: «Дабраслаўлёная ты між жанчынамі, і дабраслаўлёны плод улоньня твайго.43І адкуль гэта мне, што прыйшла маці Госпада майго да мяне?44Бо вось, як голас вітаньня твайго дайшоў да вушэй маіх, узварухнулася вясёла дзіцятка ва ўлоньні маім.45І шчасьлівая тая, якая паверыла, бо зьдзейсьніцца сказанае ёй ад Госпада».46І сказала Марыя: «Узьвялічвае душа мая Госпада,47і ўзрадаваўся дух мой у Богу, Збаўцы маім,48бо Ён глянуў на паніжэньне служкі Сваёй. Бо вось, адгэтуль шчасьліваю будуць называць мяне ўсе пакаленьні,49бо вялікае ўчыніў мне Магутны, і сьвятое імя Яго,50і міласэрнасьць Ягоная з пакаленьня ў пакаленьне для тых, якія баяцца Яго.51Ён зьявіў уладу рамяном Сваім, расьсеяў ганарыстых думкамі сэрца іхняга;52скінуў моцных з пасадаў і ўзьвялічыў пакорных;53галодных насыціў дабром, а багатых адпусьціў ні з чым.54Падтрымаў Ізраіля, юнака Свайго, успомніў пра міласэрнасьць,55як гаварыў адносна бацькоў нашых, адносна Абрагама і насеньня ягонага на вякі».56Прабыла ж Марыя з ёю каля трох месяцаў і вярнулася ў дом свой.57А Альжбеце настаў час нараджаць, і яна нарадзіла сына.58І пачулі суседзі і сваякі ейныя, што ўзьвялічыў Госпад міласэрнасьць Сваю над ёю, і цешыліся з ёю.59І сталася, у восьмы дзень прыйшлі абрэзаць дзіцятка і хацелі назваць яго паводле імя бацькі ягонага Захарыям.60І, адказваючы, маці ягоная сказала: «Не, але ён будзе называцца Янам».61І сказалі ёй: «Нікога няма ў родзічаў тваіх, хто называецца гэтым імем».62І пыталіся на мігах у бацькі ягонага, як бы ён хацеў назваць яго.63І, папрасіўшы дошчачку, ён напісаў, кажучы: «Ян імя яму». І ўсе зьдзівіліся.64І адразу расчыніліся вусны ягоныя і язык ягоны, і ён стаў гаварыць, дабраслаўляючы Бога.65І стаўся страх на ўсіх, што жылі побач, і гаварылі адзін аднаму словы гэтыя па ўсёй горнай краіне Юдэйскай.66І ўсе, якія чулі, складалі [гэта] ў сэрцы сваім, кажучы: «Што ж гэта будзе за дзіця?» І рука Госпада была з ім.67І Захарыя, бацька ягоны, напоўніўся Духам Сьвятым, і прарочыў, кажучы:68«Дабраслаўлёны Госпад, Бог Ізраіля, што адведаў народ Свой і даў выбаўленьне [яму],69і падняў рог збаўленьня нашага ў доме Давіда, слугі Свайго,70як абвясьціў вуснамі сьвятых прарокаў Сваіх, што былі адвеку,71збавіць [нас] ад ворагаў нашых і ад рукі ўсіх, якія ненавідзяць нас,72учыніць міласэрнасьць бацькам нашым і ўзгадаць сьвяты запавет Свой,73прысягу, якой кляўся Абрагаму, бацьку нашаму, даць нам74бяз страху, выбавіўшы нас з рукі ворагаў нашых,75служыць Яму ў сьвятасьці і праведнасьці перад Ім у-ва ўсе дні жыцьця нашага.76І ты, дзіцятка, будзеш названы прарокам Найвышэйшага, бо будзеш ісьці наперадзе перад абліччам Госпада падрыхтаваць шляхі Яму,77даць народу пазнаць збаўленьне ў адпушчэньні грахоў іхніх,78праз унутраную міласэрнасьць Бога нашага, у якой адведаў нас Усход з вышыні,79зьявіць [сьвятло] тым, што сядзяць у цемры і ў ценю сьмяротным, накіраваць ногі нашыя на шлях супакою».80А дзіцятка ўзрастала і ўмацоўвалася духам, і было ў пустыні да дня зьяўленьня свайго Ізраілю.