ЛЯВІТ14bel_jfc

1І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:2«Гэта закон адносна пракажонага ў дзень ачышчэньня ягонага. Няхай прывядуць яго да сьвятара,3і сьвятар выйдзе па-за табар, і агледзіць яго сьвятар, і вось, хвароба праказы вылечаная ў пракажонага.4І загадае сьвятар, каб за таго, які ачышчаны, узялі дзьве птушкі жывыя, чыстыя, і дрэва кедровага, і ніткі кармазыновыя, і гізоп.5І сьвятар загадае забіць адну птушку над гліняным начыньнем, [напоўненым] вадой жывою.6І возьме другую жывую птушку разам з дрэвам кедровым, і ніткі кармазыновыя, і гізоп, і ўмочыць іх і птушку жывую ў крыві [птушкі], забітай над вадою жывою,7і папырскае на ачышчанага ад праказы сем разоў, і прызнае яго чыстым. А птушку жывую выпусьціць у поле.8Ачышчаны памые адзеньне сваё, абголіць усе валасы свае, і вымыецца ў вадзе, і будзе чысты. Пасьля ачышчаны ўвой­дзе ў табар і будзе жыць сем дзён па-за намётам сваім.9У сёмы дзень абголіць ён усе валасы свае, абголіць галаву і бараду, і бровы свае, вымые адзеньне, абмые цела сваё вадой і будзе чысты.10У восьмы дзень возьме ён двух ягнятаў без заганы, адну авечку аднагадовую без заганы і тры дзясятыя [эфы] пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, як ахвяру хлебную, і адзін лог алею.11І сьвятар, які ачышчае, паставіць чалавека ачышчанага з усім гэтым перад абліччам ГОСПАДА каля ўваходу ў Намёт Спатканьня.12І сьвятар возьме адно ягня, і складзе яго ў ахвяру аднагараджэньня, і [возьме] лог алею, і прынясе ўсё гэта, патрэсваючы перад абліччам ГОСПАДА.13І заб’е ягня гэтае на месцы, на якім забіваюцца ахвяры за грэх і ахвяры цэласпаленьня, на месцы сьвятым, бо ахвяра аднагараджэньня, як і ахвяра за грэх, [належыць] сьвятару; гэта сьвятое сьвятых.14І возьме сьвятар кроў ахвяры аднагараджэньня, і памажа ёю верх правага вуха чалавека, які ачышчаецца, а таксама вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі.15І возьме сьвятар лог алею, і вылье яго на [сваю] левую далонь.16І памочыць сьвятар палец правай рукі сваёй у алеі, які на яго левай далоні, і пакра­піць пальцам, памочаным у алеі, сем разоў перад абліччам ГОСПАДА.17Рэштаю алею, што на далоні ягонай, сьвятар памажа верх правага вуха чалавека, які ачышчаецца, а таксама вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі над крывёй ахвяры аднагараджэньня.18А рэшту алею, якая на далоні сьвятара, вылье ён на галаву таго, хто ачышчаецца. Гэтак перапросіць за яго сьвятар перад абліччам ГОСПАДА.19І складзе сьвятар ахвяру за грэх, і перапросіць за таго, хто ачышчаецца, за нячыс­тасьць ягоную, і пасьля складзе ахвяру цэласпаленьня.20І складзе сьвятар ахвяру цэласпаленьня на ахвярніку разам з ахвярай хлебнай. І так сьвятар ачысьціць таго [чалавека], і будзе ён чысты.21Калі ж хто бедны і няма ў руцэ ягонай дастатку, няхай возьме адно ягня ў ахвяру аднагараджэньня для патрэс­ваньня, каб быць ачышчаным, а таксама дзясятую частку [эфы] мукі, запраўленай алеем, у ахвяру хлебную, і лог алею,22і дзьве туркаўкі або два маладыя галубы, на што будзе здольная рука ягоная; адну птушку ў ахвяру за грэх, а другую — на цэласпаленьне.23І прынясе іх на восьмы дзень ачышчэньня свайго да сьвятара да ўваходу ў Намёт Спатканьня перад аблічча ГОСПАДА.24І сьвятар возьме ягня ў ахвяру аднагараджэньня і лог алею, і будзе патрэсваць патрэс­ваньнем перад абліччам ГОСПАДА.25І заб’е ягня ў ахвяру аднагараджэньня, і возьме сьвятар кроў ахвяры аднагараджэньня, і памажа верх правага вуха чалавека, які ачышчаецца, і вялікі палец яго правай рукі, і вялікі палец яго правай нагі.26І налье сьвятар алей на левую далонь сваю,27і, памачыўшы ў ім палец правай рукі сваёй, пакрапіць сем разоў перад абліччам ГОСПАДА.28І сьвятар памажа алеем, які ў яго на далоні, верх правага вуха таго, хто ачышчаецца, а таксама вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі ў месцы крыві ахвяры аднагараджэньня.29А рэшту алею, што застаўся на левай руцэ яго, вылье сьвятар на галаву таго, хто ачышчаецца, каб перапрасіць за яго перад абліччам ГОСПАДА.30І ахвяруе адну туркаўку або маладога галуба, якога прынясе рука таго, хто ачышчаецца,31і ахвяруе аднаго за грэх, а другога на цэласпаленьне разам з ахвярай хлебнай, і так ачысьціць яго сьвятар перад абліччам ГОСПАДА.32Гэта закон адносна пракажонага, якому не стае [маёмасьці] ў руцэ ягонай дзеля ачышчэньня свайго».33І прамовіў ГОСПАД да Майсея і Аарона, кажучы:34«Калі ўвойдзеце ў зямлю Ханаан, якую Я дам вам на ўласнасьць, і калі спашлю хваробу праказы на нейкі дом у зямлі пасяленьня вашага,35няхай той, чый гэта дом, ідзе і паведаміць сьвятару, кажучы: “Хваробу я ўгледзеў у доме [маім]”.36І сьвятар загадае, каб прыбралі ўсё з дому, пакуль ён увойдзе ў яго, каб агледзець заразу, каб яна не апаганіла ўсяго, што ў доме. І ўвойдзе сьвятар, каб агледзець дом.37І ён агледзіць хваробу тую, і вось, на сьценах хвароба дому, нібы ямінкі, зелянявыя ці чырвоныя, што ўеліся ў сьцяну.38І выйдзе сьвятар з дому да дзьвярэй дому, і зачыніць дом на сем дзён.39У сёмы дзень вернецца сьвятар і агледзіць [дом]. І вось, пашырылася хвароба на сьцяне дому.40І загадае сьвятар, і выр­вуць тыя камяні заражаныя, і выкінуць іх за горад на месца нячыстае.41А дом кругом унутры аб­скра­буць, і тынк, які абскрэб­лі, выкінуць на месца нячыстае за горадам.42І возьмуць іншыя камяні, і пакладуць на месца папярэдніх камянёў, і возьмуць іншую заправу, і атынкуюць дом.43Калі ж зараза зноў закрасавала ў доме, хоць вырвалі камяні, а дом абскрэблі і атынкавалі,44прыйдзе сьвятар і агледзіць яго. І вось, зараза ў доме пашырылася, гэта ліхая праказа ў доме гэтым, і ён нячысты.45І дом гэты зруйнуюць, а камяні, і дрэва, і ўвесь тынк дому таго выкінуць за горад у месца нячыстае.46І калі нехта ўвойдзе ў дом, калі ён зачынены, будзе ён нячысты да вечара.47А калі нехта сьпіць у доме гэтым або есьць у доме гэтым, няхай памые адзеньне сваё.48А калі сьвятар прыйдзе, і агледзіць яго, і вось, зараза не пашырылася ў доме гэтым пасьля атынкаваньня, сьвятар прызнае гэты дом чыстым, бо зараза была вылекавана.49І дзеля ачышчэньня дому сьвятар возьме дзьве птушкі, кавалак дрэва кедровага, ніткі кармазыновыя і гізоп.50І заб’е адну птушку над пасудзінай глінянай над вадою жывою.51І возьме дрэва кедровае, гізоп, ніткі кармазыновыя і жывую птушку, памочыць іх у крыві забітай птушкі і ў вадзе жывой, і пакрапіць сем разоў дом.52І ачысьціць дом той крывёй птушкі, і вадой жывой, і дрэвам кедровым, і ніткамі кармазыновымі, і гізопам.53А жывую птушку пусьціць за горадам у полі. І перапросіць за дом гэты, і ён будзе чыстым.54Гэта закон адносна ўсякай заразы, праказы і паршывасьці,55праказы на адзеньні і ў доме,56пухліны, скулаў і белых плямаў,57каб навучыць, калі што чыстае, а калі нячыстае. Гэта закон адносна праказы».