ЯНА9bel_jfc

1І, праходзячы, убачыў чалавека, сьляпога ад нараджэньня.2І спыталіся ў Яго вучні Ягоныя, кажучы: «Раббі! Хто саграшыў: ён ці бацькі ягоныя, што ён нарадзіўся сьляпы?»3Адказаў Ісус: «Не саграшыў ані ён, ані бацькі ягоныя, але каб былі выяўленыя праз яго справы Божыя.4Мне трэба рабіць справу Таго, Хто паслаў Мяне, пакуль дзень; прыходзіць ноч, калі ніхто ня можа рабіць.5Пакуль Я ў сьвеце, Я —сьвятло сьвету».6Сказаўшы гэта, Ён плюнуў на зямлю, зрабіў са сьліны балота і памазаў балотам вочы сьляпому,7і сказаў яму: «Ідзі, абмыйся ў сажалцы Сілаам, — што перакладаецца Пасланы». Тады той пайшоў, і абмыўся, і прыйшоў відушчы.8Суседзі ж і тыя, што бачылі яго раней, як быў сьляпы, казалі: «Ці ж ня той гэта, які сядзеў і жабраваў?»9Адны казалі: «Гэта ён», а іншыя: «Падобны да яго». Ён жа сказаў: «Гэта я».10Тады сказалі яму: «Як адчыніліся вочы твае?»11Адказаў ён і сказаў: «Чалавек, называны Ісус, зрабіў балота, памазаў вочы мае і сказаў мне: “Ідзі да сажалкі Сілаам і абмыйся”. Я пайшоў, абмыўся і стаў бачыць».12Тады сказалі яму: «Дзе Ён?» Ён кажа: «Ня ведаю».13Вядуць гэтага былога сьляпога да фарысэяў.14А была субота, калі Ісус зрабіў балота і адчыніў яму вочы.15Тады ізноў спыталіся ў яго фарысэі, як ён стаў бачыць. Ён жа сказаў ім: «Балота палажыў Ён на вочы мае, і я абмыўся, і бачу».16Сказалі тады некаторыя з фарысэяў: «Не ад Бога Гэты Чалавек, бо Ён не захоўвае суботы». Іншыя казалі: «Як можа чалавек грэшны рабіць гэткія знакі?» І быў падзел між імі.17Зноў кажуць сьляпому: «Што ты скажаш пра Яго, бо Ён адчыніў табе вочы?» Той гаворыць: «Гэта прарок».18Юдэі тады не паверылі, што ён быў сьляпы і стаў бачыць, пакуль не паклікалі бацькоў гэтага [чалавека], які стаў бачыць,19і спыталіся ў іх, кажучы: «Ці гэта сын ваш, пра якога вы кажаце, што ён нарадзіўся сьляпы? Як жа ён цяпер бачыць?»20Бацькі ягоныя адказалі ім і сказалі: «Мы ведаем, што ён — наш сын, і што ён нарадзіўся сьляпы.21А як цяпер бачыць, ня ведаем, таксама, хто адчыніў яму вочы, мы ня ведаем. Ён дарослы, яго спытайцеся; няхай сам пра сябе скажа».22Так казалі бацькі ягоныя, таму што баяліся Юдэяў, бо Юдэі ўжо дамовіліся, каб калі хто прызнае Яго за Хрыста, адлучыць ад сынагогі.23Дзеля гэтага бацькі ягоныя сказалі: «Ён дарослы, яго спытайцеся».24Тады другі раз паклікалі таго чалавека, які быў сьляпы, і сказалі яму: «Аддай славу Богу. Мы ведаем, што Чалавек Той — грэшнік».25Ён жа адказаў і сказаў: «Ці Ён — грэшнік, ня ведаю. Адно ведаю, што я быў сьляпы, а цяпер бачу».26Дык ізноў сказалі яму: «Што Ён зрабіў табе? Як Ён адчыніў твае вочы?»27Адказаў ім: «Я ўжо казаў вам, і вы ня слухалі. Што яшчэ хочаце пачуць? Няўжо і вы хочаце стацца вучнямі Ягонымі?»28Тады насварыліся на яго і сказалі: «Гэта ты — Ягоны вучань, а мы — вучні Майсея.29Мы ведаем, што з Майсеем гаварыў Бог, а Гэтага ня ведаем, адкуль Ён».30Адказаў чалавек той і сказаў ім: «Гэта і дзіўна, што вы ня ведаеце, адкуль Ён, а Ён адчыніў мае вочы.31Мы ж ведаем, што грэшнікаў Бог ня слухае; але хто пакланяецца Богу і волю Ягоную выконвае, таго слухае.32Ад веку не чуваць было, каб хто адчыніў вочы народжанаму сьляпым.33Калі б Ён ня быў ад Бога, ня мог бы нічога ўчыніць».34Адказалі і сказалі яму: «У грахах ты ўвесь нарадзіўся, і ты нас вучыш?» І выгналі яго прэч.35Пачуў Ісус, што выгналі яго прэч, і, знайшоўшы яго, сказаў яму: «Ці верыш ты ў Сына Божага?»36Той адказаў і сказаў: «А хто Ён, Пане, каб мне верыць у Яго?»37Ісус жа сказаў яму: «І ты бачыў Яго, і Той, Які гаворыць з табою, — гэта Ён».38Ён жа сказаў: «Веру, Госпадзе!» І пакланіўся Яму.39І сказаў Ісус: «На суд прыйшоў Я ў сьвет гэты, каб тыя, што ня бачаць, бачылі, а тыя, што бачаць, зрабіліся сьляпыя».40І пачулі гэта тыя з фарысэяў, якія былі з Ім, і сказалі Яму: «Няўжо і мы сьляпыя?»41Ісус сказаў ім: «Калі б вы былі сьляпыя, ня мелі б грэху. Але цяпер вы кажаце, што бачыце, таму грэх ваш застаецца.