ЁЎ21bel_jfc

1І адказаў Ёў, і сказаў:2«Паслухайце ўважліва словы мае, і няхай будуць яны на пацяшэньне вашае.3Дазвольце, і я буду казаць, а пасьля словаў маіх сьмейцеся сабе.4Ці ж я гавару супраць чалавека, і ці ж няслушна маю быць нецярплівы?5Паглядзіце на мяне і аслупянейце, і ўдарце рукою ў вусны свае.6Калі я ўзгадваю гэта, я палохаюся, і дрыжаньне калоціць цела маё.7Чаму жывуць бязбожнікі, дажываюць да старасьці, і багацеюць?8Насеньне іхняе моцнае ў іх, і ўнукі іхнія гадуюцца на вачах іхніх.9Дамы ў іх забясьпечаныя ад страху, і няма кары Божай над імі.10Бугай у іх заўсёды плодны і не зьнемагае, і карова целіцца, і не скідае [цяляці].11Дзеці іхнія, як статак, выходзяць, і малыя іхнія гуляюць вакол іх.12Яны сьпяваюць пад бубны і гусьлі і весяляцца пры гуках жалейкі,13і праводзяць у радасьці дні свае, і спакойна зыходзяць у адхлань.14Яны кажуць Богу: “Адыйдзіся ад нас! Ня хочам ведаць шляхоў Тваіх.15Хто такі Усемагутны, каб служыць Яму, і што Ён нам дапаможа, калі будзем маліць Яго?”16Маюць яны ў руках сваіх дабрабыт, хоць думкі іхнія далёка ад Яго.17Як часта тухне лямпа бязбожнікаў і нахлынае на іх загуба? Ці [часта] ў гневе [Божым] прыходзяць на іх пакуты?18Ці яны падобныя да мякіны на ветры і да попелу гарачага, які вецер разносіць?19[Скажаш:] “Бог захоўвае для дзяцей ягоных кару Сваю”. Няхай аднагародзіць Ён яму, каб ён ведаў.20Няхай убачаць вочы ягоныя загубу яго, і няхай нап’ецца ён гневу Усемагутнага.21Бо які будзе клопат яму пра дом ягоны, калі лік месяцаў ягоных спыніцца?22Ці ж можа хто вучыць веданьню Бога? А Ён судзіць найвышэйшых.23Адзін памірае ў сіле і здаровы, багаты і ў супакоі.24Начыньні ягоныя поўныя малака, і косткі ягоныя напоўнены сьвежым шпікам.25А іншы памірае ў горычы душы і ня цешыўся дабром.26Аднак разам будуць яны спаць у парахне, і абодвух апануюць чэрві.27Вось, я ведаю думкі вашыя і намеры вашыя, каб нашкодзіць.28Бо вы кажаце: “Дзе дом шляхетнага, а дзе намёт бязбожніка?”29Ці вы не пыталіся некага з падарожнікаў і словаў іхніх вы не зразумелі,30што ліхотнік захаваны ў дзень загубы і збаўлены ў дзень гневу?31Хто будзе дакараць яго за шляхі ягоныя? І за тое, што ён зрабіў, хто аднагародзіць яму?32Яго прынясуць да магілы, і пра дамавіну ягоную задбаюць.33Салодкімі яму будуць груды зямлі, бо за ім ідуць усе людзі, і перад ім — безьліч.34Дык чаму ж вы надарма пацяшаеце, калі ў адказе вашым адзін падман?»