ЯРЭМІЯ51bel_jfc

1Гэта кажа ГОСПАД: “Вось, Я збуджу супраць Бабілону і супраць жыхароў Лэб-Камай вецер марскі.2І Я пашлю ў Бабілон тых, якія веюць, і яны разьвеюць яго і спустошаць зямлю ягоную, бо адусюль зьвернуцца супраць яго ў дзень ліхі [для яго].3Няхай ніякі лучнік не нацягне лук свой, і няхай не апране панцыр свой! Не шкадуйце юнакоў ягоных, зьнішчыце ўсё войска ягонае!”4І пападаюць забітыя ў зямлі Халдэйскай, і параненыя — на вуліцах ейных.5Бо не аўдавеў Ізраіль і Юда ў Бога свайго, у ГОСПАДА Магуцьцяў, бо зямля іхняя перапоўненая злачынствамі супраць Сьвятога Ізраіля.6Уцякайце з сярэдзіны Бабілону! Няхай кожны ратуе душу сваю. Ня гіньце ў беззаконьнях ягоных! Бо гэта час помсты ГОСПАДА. Ён аддасьць яму належную плату.7Бабілон у руцэ ГОСПАДА быў келіхам залатым, які напаіў усю зямлю. Віно ягонае пілі народы, і дзеля таго шалелі народы.8Раптоўна ўпаў Бабілон, і зруйнавалі яго. Галасіце дзеля яго, вазьміце бальзам на боль ягоны, можа, будзе аздароўлены.9“Лекавалі мы, лекавалі Бабілон, але ён не паздаравеў. Пакіньце яго, і хадзем кожны ў зямлю сваю! Бо аж да неба дайшоў прысуд над ім і ўзьняўся аж да хмараў.10Зьявіў ГОСПАД праведнасьць нашую. Хадземце і распавядзем на Сыёне пра справы ГОСПАДА, Бога нашага!”11Вастрыце стрэлы, вазьміце шчыты! Узбудзіў ГОСПАД дух валадара Мадаю, бо супраць Бабілону намер Ягоны, каб зьнішчыць яго, бо гэта помста ГОСПАДА, помста за сьвятыню Ягоную.12Супраць муроў Бабілону ўзьніміце сьцяг! Умацуйце варту, растаўце вартаўнікоў, падрыхтуйце засады! Бо так вырашыў ГОСПАД, і ўчыніў тое, што прамовіў супраць жыхароў Бабілону.13Ты, які жывеш над водамі вялікімі, са шматлікімі скарбамі, прыйшоў канец твой, [напоўнілася] мера хцівасьці тваёй.14ГОСПАД Магуцьцяў прысягнуў на душу Сваю, што напоўніць цябе людзьмі як саранчою, і яны ўзьнімуць над табою гармідар [ваенны].15Ён учыніў зямлю сілаю Сваёй, угрунтаваў сусьвет мудрасьцю Сваёй і розумам Сваім расьцягнуў неба.16Калі гучыць голас Ягоны, шумяць воды ў небе, Ён прыносіць хмары з канца зямлі, маланкамі суправаджае дождж і выклікае вецер са сховішчаў Сваіх.17Бязглузды кожны чалавек, які ня ведае [гэтага], асаромлены кожны залатар з прычыны ідала [свайго], бо хлусьня — тое, што ён зрабіў, няма ў ім духа.18Марнота яны, праца, сьмеху вартая. У час наведваньня іхняга яны загінуць.19Не такая частка [спадчыны] Якуба, бо Ён укшталтаваў усё, і [Ізраіль —] племя спадчыны Ягонай. ГОСПАД Магуцьцяў — імя Ягонае.20Ты — молат Мой, прылада вайны. Табою Я паб’ю народы і зьнішчу табою валадарствы.21Табою Я паб’ю каня і вершніка ягонага, табою паб’ю калясьніцу і возьніка ейнага.22Табою Я паб’ю мужчыну і жанчыну, табою паб’ю старога і маладога, табою паб’ю юнака і дзяўчыну.23Табою Я паб’ю пастыра і чараду ягоную, табою паб’ю земляроба і воз ягоны, табою паб’ю ваяводаў і ўрадоўцаў.24І Я аднагароджу Бабілону і ўсім жыхарам Халдэі за ўсю ліхоту іхнюю, якую яны зрабілі супраць Сыёну на вачах вашых, кажа ГОСПАД.25Вось, Я на цябе, гара зьнішчэньня, кажа ГОСПАД, якая зьнішчыла ўсю зямлю, і Я выцягну руку Маю да цябе, і сапхну цябе са скалы, зраблю цябе гарой, што палае.26І ня возьмуць з цябе ані камяня кутняга, ані камяня на падмурак, але будзеш спустошаная на вякі, кажа ГОСПАД.27Узьніміце сьцяг на зямлі! Трубіце ў рог сярод народаў! Пасьвяціце супраць яго народы, склічце супраць яго валадарствы Арарат, Міньні і Ашкеназ! Пастаўце супраць яго гетмана, прывядзіце коней як саранчу калючую!28Пасьвяціце супраць яго народы, валадароў Мадаю, князёў ягоных, усіх ваяводаў ягоных і ўсю зямлю панаваньня ягонага.29Дрыжыць зямля і трасецца, бо зьдзяйсьняецца намер ГОСПАДА супраць Бабілону, каб зрабіць зямлю Бабілонскую пусткай бязьлюднай.30Волаты Бабілонскія кінулі ваяваць, сядзяць у крэпасьцях, зьнікла сіла іхняя, і сталіся яны як жанчыны. Сядзібы іхнія спалены, і засаўкі іхнія паламаныя.31Пасланец за пасланцом бяжыць, і вестка за весткаю, каб паведаміць валадару Бабілонскаму, што здабыты горад ягоны ад канца [да канца],32што броды захопленыя, умацаваньні спаленыя агнём, а ваяры ў трымценьні.33Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля: “Дачка Бабілону [сталася] як ток у час малацьбы. Яшчэ крыху, і прый­дзе для яе час жніва”.34“Зьядаючы, зьеў мяне і, трушчачы, струшчыў мяне Навухаданосар, валадар Бабілонскі, і, кідаючы, кінуў мяне як пустую пасудзіну, як цмок праглынуў мяне, і напоўніў жывот свой асалодамі маімі, і выпіхваючы, выпхнуў мяне [з сябе].35Пакуты мае і цела маё — на Бабілоне”, — кажа жыхарка Сыёну. “І кроў мая — на жыхарах Халдэі”, — кажа Ерусалім.36Дзеля гэтага так кажа ГОС­ПАД: “Вось, Я абараню справу тваю, адпомшчу помсту тваю, і высушу мора ягонае, і высушу крыніцу ягоную.37І станецца Бабілон руінаю, прыстанішчам цмокаў, страхоцьцем і пасьмешышчам, і бязьлюдзьдзем.38Заравуць яны разам быццам ільвы, замуркочуць як малыя львяняты.39Калі яны будуць разагрэтыя, Я падрыхтую для іх гасьціну, і напаю іх, каб усьцешыліся і заснулі сном вечным, і не прачнуліся, кажа ГОСПАД.40І Я павяду іх на зарэз як ягнятаў, як бараноў з казламі”.41Як здабыты Шэшах, як узята хвала ўсёй зямлі! Як стаўся Бабілон пусткаю паміж народаў!42Нахлынула мора на Бабілон, і закрыла яго безьліч хваляў ягоных.43Гарады ягоныя сталіся пустэчаю, зямлёю сухою і стэпам, зямлёю, дзе ніводзін чалавек не жыве і ня ходзіць па ёй сын чалавечы.44І Я наведаю Бэля ў Бабілоне, і вырву з вуснаў ягоных тое, што ён праглынуў, і ня будуць больш да яго плысьці народы, і мур Бабілону ўпадзе!45Выйдзі з яго, народзе Мой, і няхай кожны ратуе душу сваю ад лютасьці гневу ГОСПАДА.46Няхай ня млее сэрца вашае, і ня бойцеся весткі, якую чуеце на зямлі, бо ў [адзін] год прыйдзе вестка, а пасьля яе [другая] вестка ў год [гэты], і на зямлі [будзе] гвалт, і валадар [паўстане] на валадара.47Дзеля гэтага вось, надыходзяць дні, і Я наведаю Бабілон, і ўся зямля ягоная будзе асаромленая, і ўсе забітыя будуць ляжаць пасярод яго.48І засьпяваюць над Бабілонам неба і зямля, і ўсё, што ў іх, бо з поўначы прыходзіць на яго спусташальнік, кажа ГОСПАД.49Бабілон упадзе за забітых Ізраіля, як упалі за Бабілон забітыя ўсёй зямлі.50Хто ўратаваўся ад мяча, уцякайце, ня стойце! [Хоць вы] далёка, памятайце пра ГОСПАДА, і Ерусалім няхай узыйдзе ў сэрцы вашым.51“Мы асаромленыя, бо чулі зьнявагу, і ганьба пакрыла абліччы нашыя, бо ўвайшлі чужынцы ў сьвятыню Дому ГОСПАДА”.52Дзеля гэтага вось, надыходзяць дні, кажа ГОСПАД, і Я наведаю ідалаў ягоных, і на ўсёй зямлі ягонай будуць стагнаць параненыя.53Калі нават да неба падымецца Бабілон, і на вышынях умацуе сілу сваю, ад Мяне прыйдуць да яго нішчыцелі, кажа ГОСПАД.54Голас крыку чуцён з Бабілону, і зьнішчэньне вялікае на зямлі Халдэйскай,55бо ГОСПАД нішчыць Бабілон і сьцішае ў ім голас вялікі. І шумяць хвалі іхнія як воды вялікія, і ўздымаецца плёскат голасу іхняга.56Бо ідзе на яго, на Бабілон, нішчыцель, і будуць схоплены волаты ягоныя, і будуць зломленыя лукі ягоныя, бо Бог помсты, ГОСПАД, адплачваючы, адплаціць [яму].57І Я напаю князёў ягоных, і мудрацоў ягоных, і ваяводаў ягоных, і ўрадоўцаў ягоных, і волатаў ягоных, і яны заснуць сном вечным, і не прачнуцца, кажа Валадар. ГОСПАД Магуцьцяў — імя Ягонае.58Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў: “Шырокі мур Бабілону разбурэньнем будзе разбураны, і брамы ягоныя высокія будуць спаленыя агнём, і надарма мучаліся народы, і для агню марнавалі [сілы] плямёны”».59Слова, якое загадаў Ярэмія прарок Сэраі, сыну Нэрыі, сына Махсэі, калі той пайшоў з Сэдэкіем, валадаром Юды, у Бабілон у чацьвёртым годзе валадараньня ягонага, а Сэрая [быў] падкаморым.60І напісаў Ярэмія ў адной кнізе ўсё ліха, якое мела прыйсьці на Бабілон, усе словы гэтыя, напісаныя супраць Бабілону.61І сказаў Ярэмія Сэраі: «Калі ты прыйдзеш у Бабілон, тады ўбачыш і прачытаеш усе словы гэтыя,62і скажаш: “ГОСПАДЗЕ, Ты прамовіў пра месца гэтае, што зьнішчыш яго так, што ня будзе ў ім жыхароў, ані людзей, ані быдла, бо будзе яно пустэчаю вечнай”.63І станецца, калі скончыш чытаць кнігу гэтую, прывяжы да яе камень і ўкінь яе ў сярэдзіну Эўфрату,64і скажы: “Так патоне Бабілон і не падымецца дзеля ліха гэтага, якое Я прывяду на яго, і будуць яны зьнішчаныя”». Дасюль словы Ярэміі.