ЯРЭМІЯ21bel_jfc

1Слова, якое было да Ярэміі ад ГОСПАДА, калі валадар Сэдэкія паслаў да яго Пашхура, сына Малькія, і сьвятара Сафонію, сына Маасэі, кажучы:2«Парайся, просім, у імя нашае ў ГОСПАДА, бо Навухаданосар, валадар Бабілону, ваюе супраць нас. Можа, ГОСПАД учыніць для нас цуды Свае, і ён адступіць ад нас».3І сказаў ім Ярэмія: «Так адкажыце Сэдэкіі:4“Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля. Вось, Я адвярну назад прылады ваенныя, якія ў руках вашых і якімі вы ваюеце з валадаром Бабілонскім і з Халдэйцамі, што аблягаюць вас звонку муроў, і зьбяру іх у сярэдзіне гораду гэтага.5І Я буду ваяваць супраць вас рукою ўзьнятаю і рамяном дужым, з гневам, ярасьцю і абурэньнем вялікім.6І Я ўдару жыхароў гораду гэтага, і чалавека, і жывёлу; паўміраюць яны ад пошасьці вялікай.7А пасьля гэтага, кажа ГОСПАД, Я выдам Сэдэкію, валадара Юды, слугаў ягоных і народ, і тых, хто застанецца ў горадзе гэтым пасьля заразы, мяча і голаду, у рукі Навухаданосара, валадара Бабілонскага, і ў рукі ворагаў іхніх, і ў рукі тых, якія шукаюць душы іхняй, і ён заб’е іх вострывам мяча, і не памілуе іх, і ня будзе шкадаваць іх, і ня будзе мець літасьці”.8А народу гэтаму скажы: “Гэта кажа ГОСПАД. Вось, Я стаўлю перад абліччам вашым шлях жыцьця і шлях сьмерці.9Хто застанецца ў горадзе гэтым, памрэ ад мяча, голаду і пошасьці. А хто выйдзе і патрапіць да Халдэйцаў, якія аблягаюць вас, будзе жыць і атрымае, як здабычу, душу сваю.10Бо Я зьвярнуў аблічча Маё на горад гэты на злое, а не на добрае, кажа ГОСПАД. Ён будзе выдадзены ў рукі валадара Бабілонскага, і той спаліць яго агнём”.11Адносна дому валадара Юды слухайце слова ГОСПАДА:12“Доме Давіда, гэта кажа ГОСПАД. Судзіце справядліва ад раніцы і вызваляйце прыгнечанага з рукі крыўдзіцеля! Бо іначай гнеў Мой разгарыцца як агонь, і будзе гарэць, і ніхто ня зможа патушыць яго з прычыны ліхіх учынкаў вашых.13Вось, Я супраць цябе, жыхарка даліны, скала на раўніне, кажа ГОСПАД. Вы гаворыце: “Хто прыйдзе на нас, і хто ўвойдзе ў памяшканьні нашыя?”14Я пакараю вас паводле пладоў учынкаў вашых, кажа ГОСПАД, і запалю агонь у лесе ягоным, і ён праглыне ўсё вакол яго”».