1 ВАЛАДАРОЎ9bel_jfc
1І сталася, калі Салямон скончыў будаваць дом ГОСПАДА і дом валадара, і ўсё, што Салямон задумаў і хацеў зрабіць,2зьявіўся Салямону ГОСПАД другі раз, як быў аб’явіўшыся яму ў Гібэоне.3І сказаў ГОСПАД яму: «Я пачуў малітву тваю і маленьне тваё, якія ты прыносіў да Мяне, і Я асьвяціў Дом гэты, які ты пабудаваў, каб было там імя Маё на вякі. І будуць там вочы Мае і сэрца Маё ў-ва ўсе дні.4Таксама ты, калі будзеш хадзіць перад абліччам Маім, як хадзіў Давід, бацька твой, у чысьціні сэрца і ў справядлівасьці, і будзеш выконваць усё, што Я загадаў табе, калі захаваеш прысуды Мае і пастановы Мае,5Я пастаўлю пасад валадараньня твайго над Ізраілем на вякі, як Я прамовіў Давіду, бацьку твайму, кажучы: “Ня будзе адкінуты ў цябе чалавек ад пасаду Ізраіля”.6А калі адвернецеся ад Мяне вы і сыны вашыя, і ня будзеце захоўваць прыказаньні Мае і пастановы Мае, якія Я даў вам, і пойдзеце, і будзеце служыць багам чужым, і пакланяцца ім,7Я зьмяту Ізраіля з аблічча зямлі, якую Я даў ім, і Дом, які Я асьвяціў для імя Майго, адкіну ад аблічча Майго. І станецца Ізраіль у прыказку і насьмешку ўсім народам,8а Дом гэты будзе купай друзу. Кожны, хто пройдзе каля яе, зьдзівіцца, і засьвішча, і скажа: “Чаму ГОСПАД зрабіў гэта зямлі гэтай і Дому гэтаму?”9І скажуць: “За тое, што яны пакінулі, ГОСПАДА, Бога свайго, Які вывеў бацькоў іхніх з зямлі Эгіпецкай, а яны прытуліліся да багоў чужых, і пакланяліся ім, і служылі ім. Дзеля гэтага ГОСПАД спаслаў на іх усё гэтае зло”».10І сталася праз дваццаць гадоў, у якія Салямон будаваў два дамы, Дом ГОСПАДА і дом валадара,11а Хірам, валадар Тыру, даваў Салямону дрэва кедровае і кіпарысавае, і золата, усё, што [Салямон] патрабаваў, валадар Салямон даў Хіраму дваццаць гарадоў у зямлі Галілейскай.12І выйшаў Хірам з Тыру паглядзець гарады, якія даў яму Салямон, і не спадабаліся яны вачам ягоным.13І сказаў ён: «Што гэта за гарады, якія ты мне даў, браце мой?» І назваў ён іх зямлёй Кабуль аж да гэтага дня.14І паслаў Хірам валадару сто дваццаць талентаў золата.15Гэта велічыня падатку для працы, які вызначыў валадар Салямон, каб пабудаваць Дом ГОСПАДА і дом свой, і Мілло, і мур Ерусаліму, і Хацор, і Мэгіддо, і Гэзэр.16Фараон, валадар Эгіпту, калісьці напаў, і здабыў Гэзэр, і спаліў яго агнём, а Хананейцаў, жыхароў гораду, забіў. І аддаў гэты горад у пасагу дачцэ сваёй, жонцы Салямона.17І Салямон адбудаваў Гэзэр і Ніжні Бэт-Харон,18і Баалат, і Тамар у пустыні,19і ўсе гарады сьвірнаў, якія належалі салямону, і гарады для калясьніцаў, і гарады для коньнікаў, і ўсё, што надумаў Салямон, каб пабудаваць у Ерусаліме, у Лібане і ў-ва ўсёй зямлі панаваньня ягонага.20Увесь народ, які застаўся з Амарэйцаў, Хетаў, Пэрэзэяў, Хівеяў і Евусэяў, якія не былі з сыноў Ізраіля,21сыноў іхніх, якія засталіся ў зямлі і якіх сыны Ізраіля ня зьнішчылі, Салямон прызначыў для працаў нявольнічых да гэтага дня.22А з сыноў Ізраіля Салямон не зрабіў нікога нявольнікам, але былі яны ваярамі ягонымі, слугамі ягонымі, князямі ягонымі, вартай ягонай, возьнікамі калясьніцаў ягоных і коньнікамі ягонымі.23Тых князёў, якія [былі] наглядчыкамі над працамі Салямона, [было] пяцьсот пяцьдзясят. Яны наглядалі над людзьмі, якія выконвалі працу.24Калі дачка фараона перайшла з гораду Давіда ў дом свой, які пабудаваў ёй Салямон, тады ён пабудаваў Мілло.25Тры разы ў год Салямон складаў ахвяры цэласпаленьня і ахвяры мірныя на ахвярніку, які ён пабудаваў для ГОСПАДА, і кадзіў там перад абліччам ГОСПАДА, калі скончыў Дом [Божы].26І пабудаваў валадар Салямон караблі ў Эцыён-Гэбэры каля Эляту на беразе Мора Чырвонага ў зямлі Эдом.27І паслаў Хірам на караблі тыя слугаў сваіх, маракоў, абазнаных у моры, разам са слугамі Салямона.28І яны прыйшлі ў Афір, і ўзялі адтуль золата чатырыста дваццаць талентаў, і прывезьлі яго валадару Салямону.