ПЕСЬНЯ1bel_jfc
1Песьня песьняў Салямона.2«Няхай ён цалуе мяне пацалункамі вуснаў сваіх!» «Бо пяшчоты твае лепшыя за віно.3Пах алейкаў тваіх салодкі. Алей разьліты — імя тваё. Дзеля гэтага дзяўчыны кахаюць цябе».4«Цягні мяне за сабой! Пабяжым! Увядзі мяне, валадару, у пакоі свае». «Будзем радавацца і весяліцца з табою, будзем узгадваць пра пяшчоты твае [больш], чым пра віно; заслужана кахаюць цябе!»5«Чарнявая я, і зграбная, дочкі Ерусалімскія, як намёты Кедара, як палатніны Салямона.6Не глядзіце на мяне, што я смуглявая, бо сонца апаліла мяне. Сыны маці маёй разгневаліся на мяне, паставілі мяне пільнаваць вінаграднікі, а я не ўпільнавала вінаграднік мой.7Распавядзі мне, каханьне душы маёй, дзе ты пасьвіш, дзе адпачываеш апоўдні, каб не блукаць мне між чародаў таварышаў тваіх».8«Калі ня ведаеш гэтага, найпрыгажэйшая між жанчынаў, дык ідзі па сьлядах авечак, і пасьві казьлянятаў тваіх каля буданоў пастушыных.9Да жаробкі ў калясніцы фараона я ўпадобніў цябе, сяброўка мая.10Прыгожыя шчочкі твае пад кляйнотамі, шыя твая — у каралях.11Мы зробім табе кляйноты залатыя з блішчыкамі срэбнымі».12«Пакуль валадар быў за сталом сваім, нард мой разьліваў водар свой.13Любы мой для мяне — як мяшэчак з мірам, які начуе на грудзях маіх.14Любы мой для мяне — як гронка кіпровая ў вінаградніках Эн-Геды».15«Якая прыгожая ты, сяброўка мая, якая прыгожая! Вочы твае — як галубкі».16«Які прыгожы ты, любы мой, які цудоўны! Ложак наш — зеляніна,17страха дому нашага — кедры, столь нашая — кіпарысы».