ПСАЛЬМЫ94bel_jfc

1Божа помсты, ГОСПАДЗЕ, Божа помсты, зазьзяй!2Узьніміся, Судзьдзя зямлі, аднагародзь пыхліўцам за тое, што зрабілі яны!3Дакуль бязбожнікі, ГОС­ПАДЗЕ, дакуль бязбожнікі будуць радавацца?4[Дакуль] будуць плявузгаць, прамаўляць дзёрзка? [Дакуль] будуць гаварыць усе злачынцы?5Яны крышаць народ Твой, ГОСПАДЗЕ, прыціскаюць спадчыну Тваю.6Удоваў і прыхадняў мардуюць і сіротаў забіваюць,7і кажуць: «Ня ўбачыць гэтага ГОСПАД, і не даведаецца Бог Якуба!»8Зразумейце, бязглуздыя з народу! І калі, бязглуздыя, паразумнееце?9Ці ж Той, Які вуха стварыў, не пачуе? Ці ж Той, Які вока ўфармаваў, ня ўбачыць?10Ці ж Той, Які навучае народы, ня будзе караць, Той, Які вучыць чалавека ведам?11ГОСПАД ведае думкі чалавечыя, што яны — марнасьць.12Шчасьлівы чалавек, якога Ты, ГОСПАДЗЕ, навучаеш і вучыш яго Закону Твайму,13каб быў ён у супакоі ў дні ліхія, пакуль выкапаны будзе дол для бязбожніка.14Бо не адкіне ГОСПАД народ Свой, і спадчыну Сваю не пакіне.15Бо вернецца суд да праведнасьці, і пойдуць за ім усе правыя сэрцам.16Хто за мяне супраць злачынцаў паўстане? Хто заступіцца за мяне супраць тых, што робяць злачынства?17Калі б ГОСПАД ня быў успамогай мне, хутка душа мая пасялілася б у [месцы] маўчаньня.18Калі я сказаў: «Хістаецца нага мая!», міласэрнасьць Твая, ГОСПАДЗЕ, умацавала мяне.19Калі мноства цяжкіх думак у нутры маім, пацяшэньні Твае падбадзёрваюць душу маю.20Ці ж можа таварышаваць з Табою пасад загубы, які чыніць ліхоцьце супраць пастановы [Тваёй]?21Яны зьбіраюцца супраць душы праведніка і кроў нявінную асуджаюць.22Але ГОСПАД стаўся ўмацаваным замкам для мяне, і Бог мой — скалой прыстанішча майго.23І зьверне Ён на іх злачынства іхняе, і ў ліхоце іхняй вынішчыць іх; вынішчыць іх ГОСПАД, Бог наш.