ПСАЛЬМЫ69bel_jfc
1Кіраўніку хору: на лад “Лілеі”. Давіда.2Збаў мяне, Божа, бо воды да душы маёй даходзяць!3Я заграз у глыбокім балоце бяздонным; я патрапіў у глыбіню водную, і цячэньне мяне падхапіла.4Я зьнямогся ад крыку майго, засохла горла маё; змарыліся вочы мае, пакуль я спадзяваўся на Бога майго.5Больш, чым валасоў на галаве маёй, тых, што мяне ненавідзяць без прычыны, узмацніліся тыя, што нішчаць мяне, ворагі мае падступныя. Чаго не рабаваў, мушу аддаваць.6Божа, Ты ведаеш дурасьць маю, і правіны мае ад Цябе не схаваныя.7Ня дай праз мяне асароміцца тым, што на Цябе спадзяюцца, Госпадзе, ГОСПАД Магуцьцяў; ня дай праз мяне асароміцца тым, што шукаюць Цябе, Божа Ізраіля!8Бо дзеля Цябе я ганьбу зношу, і сорамам пакрыта аблічча маё.9Я стаўся чужым для братоў маіх і чужынцам для сыноў маці маёй.10Бо руплівасьць пра Дом Твой зьядае мяне, і зьнявагі тых, што Цябе зьневажаюць, зыйшлі на мяне.11І плакала ў посьце душа мая, і сталася гэта зьнявагай мне.12І зрабіў я зрэбніцу вопраткай маёй, і стаўся для іх прыповесьцю.13Абмаўляюць мяне тыя, што сядзяць у браме [гораду], і прыпеўкі пяюць тыя, што п’юць сікеру.14А я да Цябе малюся, ГОСПАДЗЕ, у час упадабаньня Твайго, Божа; у вялікай міласэрнасьці Тваёй пачуй Ты мяне, у праўдзе збаўленьня Твайго!15Выратуй мяне з балота, каб я не заграз; ратуй ад тых, што ненавідзяць мяне, і з глыбіняў водных!16Няхай не падхопіць мяне цячэньне водаў, няхай не праглыне мяне глыбіня, і няхай не сашчэміць нада мною калодзеж вуснаў сваіх.17Пачуй мяне, ГОСПАДЗЕ, бо добрая міласэрнасьць Твая! Паводле вялікай літасьці Тваёй павярніся да мяне.18І не хавай аблічча Твайго перад слугою Тваім, бо я прыгнечаны; хутчэй адкажы мне!19Наблізься да душы маёй, барані яе; насупраць ворагам маім выбаў Ты мяне!20Ты ведаеш ганьбу маю, і сорам мой, і зьнявагу маю; перад Табою ўсе, што перасьледуюць мяне.21Ганьба разьбіла сэрца маё, і я ў роспачы; я спадзяваўся на спачуваньне, і ня маю яго, і на пацяшальнікаў, і не знайшоў іх.22Яны далі мне замест стравы жоўць, і, калі я смагнуў, напаілі мяне воцатам.23Няхай станецца стол іхні перад абліччам іхнім пасткаю, і бясьпечнасьць — сілом.24Няхай зацемрацца вочы іхнія, каб ня бачылі, няхай сьцёгны іхнія заўсёды дрыжаць!25Вылі на іх ярасьць Тваю, і жар гневу Твайго няхай дагоніць іх!26Няхай апусьцее сяліба іхняя, у намётах іхніх няхай ніхто не жыве!27Бо таго, каго Ты б’еш, яны перасьледуюць, і пра боль таго, каго Ты параніў, яны абвяшчаюць.28Дадай беззаконьне да беззаконьня іхняга і ня дай ім прыйсьці да праведнасьці Тваёй.29Няхай будуць выкрэсьленыя з кнігі жывых і ня будуць запісаныя разам з праведнікамі.30А я прыгнечаны і поўны тугі; збаўленьне Тваё, Божа, няхай падыме мяне!31Я буду хваліць імя Божае сьпевам і ўзьвялічваць Яго з падзякаю.32І будзе гэта больш даспадобы ГОСПАДУ, чым вол, бык з рагамі і капытамі.33Угледзяць [гэта] ўцісканыя і ўзрадуюцца; і ў вас, што Бога шукаеце, няхай ажыве сэрца вашае!34Бо ГОСПАД выслухоўвае бедных і вязьнямі Сваімі не пагарджае.35Няхай хваляць Яго неба і зямля, і мора, і ўсё, што рухаецца ў іх.36Бо збавіць Бог Сыён, і адбудуе гарады Юды, і яны паселяцца там, і возьмуць у спадчыну іх.37I насеньне слугаў Ягоных у спадчыну іх атрымае, і той, хто любіць імя Ягонае, жыць будзе ў іх.