ПСАЛЬМЫ44bel_jfc
1Кіраўніку хору. Сыноў Караха. Навучаньне.2Божа! Вушамі нашымі мы чулі, бацькі нашыя нам абвясьцілі пра справы, якія Ты ўчыніў у дні іхнія, у дні старадаўнія.3Ты рукою Тваёю вырваў паганаў, а іх пасадзіў; вынішчыў народы, а іх разрасьціў.4Бо не мячом сваім яны ўзялі на ўласнасьць зямлю, не рамяно іхняе збавіла іх, але правіца Твая і рамяно Тваё, і сьвятло аблічча Твайго, бо Ты меў ласку да іх.5Ты — Валадар мой, о Божа! Дык загадай, [каб прыйшло] збаўленьне Якубу!6Праз Цябе мы паб’ем прыгнятальнікаў нашых, праз імя Тваё стопчам тых, што паўстаюць супраць нас.7Бо не на лук спадзяюся я, і меч мой ня збавіць мяне,8але Ты збавіў нас ад прыгнятальнікаў нашых і асароміў тых, што нас ненавідзяць.9У Богу мы хвалімся ўсе дні, і імя Тваё навекі будзем славіць! (Сэлях)10Але Ты нас пакінуў і нас асароміў, і не выходзіш разам з войскамі нашымі.11Ты павярнуў нас наўцёкі перад прыгнятальнікамі нашымі, а ненавісьнікі нашыя нас зрабавалі.12Ты нас аддаў, як авечак, каб нас паелі, і расьцярушыў нас між паганаў.13Ты прадаў народ Твой за марную плату і не падняў кошту яго.14Ты выставіў нас на ганьбаваньне суседзям нашым, на кпіны і насьмешкі тых, што навокал нас.15Ты ў прыказку ўвёў нас сярод паганаў, і народы ківаюць галовамі [над намі].16Увесь дзень ганьба мая перада мною, і сорам аблічча майго пакрывае мяне17бо [чую] голас тых, якія зьневажаюць і лаюць мяне, бо [бачу] аблічча ворага і мсьціўцы.18Усё гэта прыйшло на нас, хоць мы не забыліся на Цябе і ня здрадзілі запавету з Табою.19Не адступілася сэрца нашае і не адхіляліся крокі нашыя ад шляху Твайго,20хоць Ты скрышыў нас у месцы цмокаў і накрыў нас ценем сьмерці.21Калі б мы забыліся імя Бога нашага і цягнулі рукі нашыя да бога чужога,22ці ж бы Бог не дазнаўся пра гэта? Бо Ён ведае таямніцы сэрца!23Бо за Цябе забіваюць нас увесь дзень, лічаць нас за авечак на зарэз.24Збудзіся! Чаму сьпіш, Госпадзе? Абудзіся, не пакінь нас навекі!25Чаму Ты хаваеш аблічча Тваё, забываешся на пакуты і прыгнечаньне нашае?26Бо ўкінута ў пыл душа нашая, прыляпілася да зямлі нутро нашае.27Паўстань на ўспамогу нам, выбаў нас дзеля міласэрнасьці Тваёй!