ПСАЛЬМЫ35bel_njo
1Давіда. Змагайся, ГОСПАДЗЕ, з тымі, якія ідуць супраць мяне; ваюй супраць тых, што ваююць са мною.2Вазьмі шчыт і панцыр, і паўстань на ўспамогу мне.3І схапі дзіду, і загарадзі дарогу тым, якія перасьледуюць мяне. Скажы душы маёй: “Я — збаўленьне тваё”.4Няхай асаромяцца і будуць у сораме тыя, што шукаюць душу маю; няхай адступяцца і будуць у ганьбе тыя, што надумалі ліхое супраць мяне.5Няхай будуць яны, як мякіна пад ветрам, і анёл ГОСПАДАЎ няхай гоніць іх.6Няхай шлях іхні будзе цёмны і сьлізкі, і анёл ГОСПАДАЎ няхай перасьледуе іх.7Бо яны без прычыны таемна [наставілі] на мяне ў яме сетку сваю, без прычыны выкапалі яму для душы маёй.8Няхай прыйдзе на яго загуба нечакана, няхай сетка, якую ён таемна [наставіў], зловіць яго, няхай на загубу ўваліцца ён.9А мая душа будзе радавацца ў ГОСПАДЗЕ, будзе цешыцца збаўленьнем сваім.10Усе косткі мае скажуць: “ГОСПАДЗЕ, хто падобны да Цябе, Які ратуеш прыгнечанага ад дужэйшага за яго, беднага і прыгнечанага — ад таго, хто яго абдзірае?11Паўстаюць сьведкі няправасьці, пра тое, чаго я ня ведаю, выпытваюць мяне,12плацяць мне злом за дабро; асірацела душа мая.13А я падчас нядужасьці іхняе апранаўся ў зрэбніцу, пастом прыгнятаў душу маю, і малітва мая вярталася ў грудзі мае.14Быццам ён быў прыяцель, брат мой, хадзіў я [да яго]; як у жалобе па маці, сумаваў я ў смутку.15Але калі я пачаў падаць, яны ўзрадаваліся і сабраліся разам, сабраліся разам супраць мяне, каб біць [мяне], і я ня ведаў [гэтага], зьневажалі [мяне] і не маўчалі.16Разам з крывадушнікамі насьмешнікі банкетуюць, скрыгочуць на мяне зубамі сваімі.17Госпадзе, як доўга будзеш глядзець [на гэта]? Адвядзі ад загубы іхняй душу маю, [вызваль] ад львянят адзіную маю.18Буду славіць Цябе ў грамадзе вялікай, сярод народу магутнага буду хваліць Цябе.19Няхай ня радуюцца з мяне тыя, што варагуюць са мною няслушна, няхай не міргаюць вачыма тыя, што ненавідзяць мяне без прычыны.20Бо не пра супакой гавораць яны і супраць ціхіх на зямлі падступныя словы надумляюць.21Шырока разявіўшы вусны свае супраць мяне, яны казалі: “Ага, ага! Бачыла вока нашае!”22Ты бачыў гэта, ГОСПАДЗЕ! Дык не маўчы, Госпадзе, не аддаляйся ад мяне!23Збудзіся! Абудзіся на суд мой, Бог мой і Госпад мой, каб [весьці] справу маю!24Судзі мяне паводле праведнасьці Тваёй, ГОСПАДЗЕ, Божа мой, і няхай яны ня радуюцца, [гледзячы] на мяне,25няхай ня скажуць у сэрцы сваім: “Ага! Душа наша [гэтага хацела]!” Няхай яны ня скажуць: “Мы праглынулі яго!”26Няхай асаромяцца і будуць у ганьбе ўсе, што радуюцца з няшчасьця майго; няхай у ганьбу і сорам апрануцца тыя, што вывышаюцца нада мною.27Няхай весяляцца і радуюцца тыя, якім даспадобы праведнасьць мая, і няхай яны кажуць заўсёды: “Будзь узьвялічаны, ГОСПАД, Якому даспадобы супакой слугі Ягонага!”28А язык мой будзе выказваць праведнасьць Тваю і хвалу Тваю кожны дзень.