ПСАЛЬМЫ34bel_jfc

1[Псальм] Давіда, калі ён перад Абімэлехам удаваў вар’ята і быў выгнаны ім, і пайшоў сабе.2Буду дабраслаўляць ГОСПАДА ў-ва ўсякі час; хвала Яго будзе заўсёды на вуснах маіх.3У ГОСПАДЗЕ будзе хваліцца душа мая; пачуюць [пра гэта] ўцісканыя і ўзрадуюцца.4Узьвялічвайце ГОСПАДА са мною, і разам будзем вывышаць імя Ягонае!5Я шукаў ГОСПАДА, і Ён адказаў мне, і ад усяго, чаго я баяўся, выратаваў мяне.6Глядзіце на Яго і зыходзьцеся [да Яго], і абліччы вашыя ня будуць у ганьбе.7Убогі клікаў, і ГОСПАД пачуў [яго], і збавіў яго ад усіх трывогаў ягоных.8Анёл ГОСПАДА ставіць табар вакол тых, якія баяцца Яго, і ратуе іх.9Паспытайце і ўбачце, які добры ГОСПАД! Шчасьлівы той чалавек, які ў Ім мае надзею.10Бойцеся ГОСПАДА, вы, сьвятыя Ягоныя! Бо ня маюць нястачы тыя, якія баяцца Яго.11Львяняты бядуюць і галадуюць, але тыя, што шукаюць ГОСПАДА, не адчуюць нястачы ўсякага даброцьця.12Хадзіце сюды, сыны, паслухайце мяне, я навучу вас страху перад ГОСПАДАМ.13Хто ёсьць чалавек, якому даспадобы жыцьцё, які любіць [доўгія] дні, каб убачыць добрае?14Захоўвай язык свой ад ліхога, а вусны свае — ад слова крывадушнага.15Ухіляйся ад ліхога і рабі добрае; шукай супакою і імкніся да яго.16Вочы ГОСПАДА — на праведных, і вушы Ягоныя — на лямант іхні.17Аблічча ГОСПАДА — суп­раць тых, якія робяць ліхое, каб вынішчыць з зямлі памяць пра іх.18[Праведныя] крычаць, і ГОСПАД чуе іх, і ад усіх бедаў іхніх ратуе іх.19ГОСПАД блізкі да тых, у каго сэрца скрышанае, і збаўляе тых, у каго дух разьбіты.20Шмат ліхога [здараецца] ў праведнага, але з усяго гэтага ратуе яго ГОСПАД.21Ён захоўвае ўсе косткі ягоныя, каб ніводную не паламалі.22Ліхоцьце прывядзе да сьмерці бязбожніка, і будуць абвінавачаныя тыя, якія ненавідзяць Праведнага.23ГОСПАД выбаўляе душы слугаў Сваіх, і ўсе, якія маюць надзею ў Ім, ня будуць абвінавачаныя.