ПСАЛЬМЫ18bel_jfc
1Кіраўніку хору. Слугі ГОСПАДА Давіда, які выказаў ГОСПАДУ словы сьпеву гэтага ў дзень, калі ГОСПАД вызваліў яго з рук усіх ворагаў ягоных і з рукі Саўла, і ён сказаў [гэта].2Буду любіць Цябе, ГОСПАДЗЕ, сіла мая! ГОСПАД — скала мая, замчышча маё, мой Збаўца!3Мой Бог — апора мая, у Ім я маю надзею; Ён — шчыт мой, рог збаўленьня майго і ўмацаваны замак мой!4Паклічу я ГОСПАДА, Які годны хвалы, і ад ворагаў маіх збаўлены буду.5Ахапілі мяне путы сьмерці, і віры Бэліяла стурбавалі мяне;6путы пякельныя агарнулі мяне, і пасткі сьмерці схапілі мяне.7У прыгнечаньні маім я клікаў ГОСПАДА і галасіў да Бога майго. Ён пачуў са сьвятыні Сваёй голас мой, і лямант мой перад абліччам Ягоным дайшоў да вушэй Ягоных.8І, дрыжучы, задрыжэла зямля, і падваліны гор затрэсьліся і захісталіся, бо ўгнявіўся Ён.9Узьняўся дым ад гневу Ягонага, і з вуснаў Ягоных — агонь палючы, вугольле распальваецца ад Яго.10Нахіліў Ён неба і зыйшоў, і імгла пад нагамі Ягонымі.11Ён сеў на херувіма і паляцеў, і ўзьнёсься на крылах ветру.12Ён зрабіў цемру заслонай Сваёй, вакол Яго — намёт Ягоны з цёмных водаў, з густых хмараў.13Ад бляску перад Ім разыйшліся хмары Ягоныя, град і вугольле вогненнае.14І загрымеў у небе ГОСПАД, і Найвышэйшы падаў голас Свой, град і вугольле вогненнае.15І Ён пусьціў стрэлы Свае, і расьцярушыў іх, і мноствам маланак зьбянтэжыў іх.16І сталі бачныя рэчышчы водаў, і адкрыліся падваліны сусьвету ад пагрозаў Тваіх, ГОСПАДЗЕ, і ад подыху духу гневу Твайго.17Паслаўшы з вышыні, Ён схапіў мяне, выцягнуў мяне з водаў вялікіх,18вызваліў мяне ад ворага майго моцнага і ад тых, якія ненавідзяць мяне, бо яны былі дужэйшыя за мяне.19Яны схапілі мяне ў дзень няшчасьця майго, але ГОСПАД быў падпорай для мяне.20І Ён вывеў мяне на месца прасторнае, Ён выратаваў мяне, бо мне спагадае.21ГОСПАД даў мне паводле праведнасьці маёй, паводле чысьціні рук маіх мне аднагародзіў,22бо я захоўваў шляхі ГОСПАДА і не адступаў бязбожна ад Бога майго;23бо ўсе суды Ягоныя перада мною, і ад пастановаў Ягоных я не ўхіляўся.24Я быў беззаганны перад Ім і захоўваў сябе ад беззаконьня.25І аднагародзіў мне ГОСПАД паводле праведнасьці маёй, паводле чысьціні рук маіх перад вачыма Ягонымі.26З багабойным Ты будзеш багабойным, з чалавекам беззаганным будзеш беззаганны,27для чыстага сэрцам Ты чысты сэрцам, і для крывадушнага Ты падступны,28бо людзей прыгнечаных Ты збаўляеш, а вочы пыхлівыя паніжаеш.29Ты запаліш сьветач мой; ГОСПАД, Бог мой, асьветліць цемру маю.30Бо з Табою я атакую войскі і з Богам маім узыйду на муры.31Бог, беззаганны шлях Ягоны; слова ГОСПАДА чыстае; Ён — шчыт для ўсіх, хто ў Ім мае надзею.32Бо хто Бог, апрача ГОСПАДА, і хто скала, акрамя Бога нашага?33Бог, Які падпярэзвае мяне сілай і дае беззаганнасьць шляху майму;34Ён робіць ногі мае як у аленя і на вышыні ставіць мяне,35Ён навучае рукі мае для бітвы, і рамёны мае напінаюць лук мядзяны.36І Ты даў мне шчыт збаўленьня Твайго, і правіца Твая ўмацоўвала мяне, і ласкавасьць Твая ўзьвялічвала мяне.37Ты даў прастору для кроку майго, і не хісталіся ногі мае.38Я перасьледаваў ворагаў маіх і даганяў іх, і не варочаўся назад, пакуль ня зьнішчыў іх.39Я гэтак скрышыў іх, што яны не маглі ўстаць; яны падалі пад ногі мае.40Ты падперазаў мяне сілай дзеля бітвы, Ты паваліў перада мною тых, якія паўсталі супраць мяне.41Ты даў мне [бачыць] карак ворагаў маіх, і тых, што мяне ненавідзяць, я вынішчыў.42Яны галасілі, і не было таго, хто іх збавіць; яны [клікалі] да ГОСПАДА, але Ён не адказаў ім.43Я стоўк іх, як той пыл пад ветрам, як балота на вуліцы, я стаптаў іх.44Ты выратаваў мяне ад звадак людзей, паставіў мяне за галаву народам. Людзі, якіх я ня ведаў, будуць служыць мне.45Чуючы вушамі [пра мяне], яны слухаюцца мяне; сыны чужынцаў падпарадкаваліся мне.46Сыны чужынцаў млеюць і трымцяць у агароджах сваіх.47Жыве ГОСПАД, дабраслаўлёная скала мая; і няхай узвысіцца Бог збаўленьня майго,48Бог, Які адпомсьціў за мяне і схіліў народы перада мною,49выратаваў мяне ад ворагаў маіх і ўзвысіў мяне па-над тымі, якія паўсталі супраць мяне; ад чалавека злачыннага вызваліў мяне.50Дзеля гэтага буду славіць Цябе, ГОСПАДЗЕ, сярод народаў і імя Тваё выслаўляць.51Ты ўзьвялічыў збаўленьнем валадара Твайго і зьяўляеш міласэрнасьць памазанцу Твайму, Давіду, і насеньню ягонаму на вякі.