ПСАЛЬМЫ145bel_jfc
1Хвала Давіда. Буду вывышаць Цябе, Божа мой і Валадару, і дабраслаўляць імя Тваё на вякі і вечна!2Штодня буду дабраслаўляць Цябе і буду хваліць імя Тваё на вякі і вечна.3Вялікі ГОСПАД і годны хвалы, і веліч Ягоная недасьледная.4Пакаленьне пакаленьню будзе хваліць творы Твае і пра магутнасьць Тваю будзе апавядаць.5Пра слаўную годнасьць велічнасьці Тваёй і пра цудоўныя дзеі Твае буду разважаць.6Пра магутнасьць [дзеяньняў] страшных Тваіх няхай гавораць яны; а я пра веліч Тваю буду абвяшчаць.7Успаміны пра вялікую добрасьць Тваю яны будуць пераказваць і весяліцца дзеля праведнасьці Тваёй.8Літасьцівы і спагадлівы ГОСПАД, павольны да гневу і вельмі міласэрны.9Добры ГОСПАД да ўсіх, і літасьць Ягоная — па-над усе справы Ягоныя.10Няхай славяць Цябе, ГОСПАДЗЕ, усе творы Твае, і багабойныя Твае няхай дабраслаўляюць Цябе!11Пра славу Валадарства Твайго няхай гавораць яны і пра магутнасьць Тваю расказваюць,12каб даведаліся сыны чалавечыя пра магутнасьць Ягоную і пра славу велічнасьці Валадарства Ягонага.13Валадарства Тваё — валадарства на ўсе вякі, і панаваньне Тваё — у-ва ўсіх пакаленьнях.14Падтрымлівае ГОСПАД усіх, хто падае, і падымае ўсіх прыгнечаных.15Вочы ўсіх на Цябе ўзіраюцца, і Ты ім спажыву даеш у свой час.16Ты расчыняеш руку Тваю і насычаеш усё, што жыве, паводле ўпадабаньня.17Праведны ГОСПАД на ўсіх шляхах Сваіх і сьвяты ў-ва ўсіх справах Сваіх.18ГОСПАД блізкі да ўсіх, што клічуць Яго, да ўсіх, што клічуць Яго ў праўдзе.19Ён робіць паводле жаданьня тых, што баяцца Яго, і чуе лямант іхні і выбаўляе іх.20ГОСПАД захоўвае ўсіх, што любяць Яго, але ўсіх бязбожных Ён зьнішчыць.21Хвалу ГОСПАДУ будуць казаць вусны мае, і ўсякае цела няхай дабраслаўляе сьвятое імя Ягонае на вякі і вечна.