ПСАЛЬМЫ109bel_jfc
1Кіраўніку хору. Псальм Давіда. Божа, хвала мая, не маўчы!2Бо вусны бязбожныя і вусны здрадлівыя расчыніліся супраць мяне, гавораць са мною языком хлусьлівым.3І словамі нянавісьці атачылі мяне, і ваююць супраць мяне без прычыны.4За любоў маю яны супрацьстаяць мне, а я малюся.5Яны заплацілі мне злом за дабро, і нянавісьцю — за любоў маю.6Пастаў над ім бязбожніка, і шатан няхай стане праваруч яго;7калі будзе суджаны, няхай будзе як бязбожнік, а малітва ягоная няхай станецца грэхам.8Няхай дні ягоныя будуць кароткія, а ўрад ягоны няхай возьме іншы.9Няхай сыны ягоныя будуць сіротамі, а жонка ягоная — удавою.10Няхай будуць выгнаныя як выгнанцы сыны ягоныя, і няхай жабруюць і шукаюць [хлеба] на руінах сваіх!11Няхай захопіць ліхвяр усё, што яму належыць, і няхай чужынцы захопяць працу ягоную.12Няхай ня будзе нікога, хто яму зьявіць міласэрнасьць, і няхай ня будзе таго, хто зьлітуецца над сіротамі ягонымі.13Насеньне ягонае няхай будзе зьнішчана; у пакаленьні наступным няхай будзе выкрэсьленае імя ягонае!14Няхай будзе ўзгаданае беззаконьне бацькоў ягоных перад ГОСПАДАМ, і грэх маці ягонай няхай ня будзе змыты!15Няхай будуць яны перад ГОСПАДАМ заўсёды, і няхай Ён вынішчыць на зямлі памяць пра яго,16бо ён ня памятаў, каб чыніць міласэрнасьць, і перасьледаваў чалавека беднага, і прыгнечанага, і з сэрцам зламаным, каб забіць яго.17Любіў ён праклён, і ён прыйдзе на яго! Не было даспадобы яму дабраслаўленьне, і яно будзе далёка ад яго!18І ён апранецца ў праклён, быццам у шату сваю, і [праклён] увойдзе, як вада, у нутро ягонае, і як алей — у косткі ягоныя!19Няхай будзе для яго як адзеньне, у якое ён апранаецца, і як пас, якім заўсёды падпярэзваецца!20Гэткая будзе плата ад ГОСПАДА для тых, што супрацьстаяць мне, і для тых, што благое гавораць супраць душы маёй!21А Ты, ГОСПАДЗЕ, Госпадзе, учыні са мною дзеля імя Твайго, і выратуй мяне, бо добрая міласэрнасьць Твая,22бо я бедны і прыгнечаны, і сэрца маё ў нутры маім зранена.23Я зыходжу, як цень, што зьнікае; ганяюць мяне, як саранчу.24Калені мае ад посту хістаюцца, і цела маё ссохла без алею.25І я стаўся ганьбаю для іх, яны глядзяць на мяне, ківаючы галовамі сваімі.26Дапамажы мне, ГОСПАДЗЕ, Божа мой! Збаў мяне паводле міласэрнасьці Тваёй!27І даведаюцца яны, што гэта рука Твая, што Ты, ГОСПАДЗЕ, зрабіў гэта!28Яны праклінаюць, а Ты дабраславі! Яны паўстаюць [супраць мяне], і будуць асаромленыя, а слуга Твой няхай узрадуецца!29Няхай апрануцца ў зьнявагу тыя, што супрацьстаяць мне, і ахінуцца, быццам плашчом, у сорам свой!30Я буду гучна славіць ГОСПАДА вуснамі маімі і сярод мноства [народу] буду хваліць Яго,31бо Ён стаіць праваруч прыгнечанага, каб збавіць яго ад тых, што асуджаюць душу ягоную.