ПСАЛЬМЫ105bel_jfc

1Слаўце ГОСПАДА, клічце імя Ягонае! Паведамляйце між народамі пра дзеі Ягоныя!2Сьпявайце Яму, выслаўляйце Яго! Размаўляйце пра ўсе цудоўныя дзеі Ягоныя!3Хвалецеся імем Яго сьвятым! Няхай весяліцца сэрца тых, што шукаюць ГОСПАДА.4Шукайце ГОСПАДА і сілу Ягоную, шукайце аблічча Ягонае заўсёды!5Узгадвайце цудоўныя дзеі Ягоныя, якія Ён зрабіў, цуды Ягоныя і прысуды вуснаў Ягоных,6вы, насеньне Абрагама, слугі Ягонага, сыны Якуба, выбранца Ягонага!7Ён — ГОСПАД, Бог наш; над усёй зямлёй суды Ягоныя.8Ён памятае на вякі запавет Свой, слова, якое загадаў на тысячу пакаленьняў,9якое заключыў з Абрагамам, і прысягу Сваю Ісааку.10І паставіў Якубу як пастанову, Ізраілю — як запавет вечны,11кажучы: «Табе Я дам зямлю Ханаан, [пакладу] шнур спадчыны вашай»,12калі было ў іх людзей мала на лік, вельмі мала, калі яны жылі там13і пераходзілі ад народу да народу, ад [аднаго] валадарства да другога народу.14Не дазваляў Ён ніякаму чалавеку прыгнятаць іх, і караў дзеля іх валадароў,15[кажучы]: «Не чапайце памазанцаў Маіх, і прарокам Маім не рабіце благога!»16I паклікаў Ён голад на зямлю, усякую падпору хлеба зламаў,17і паслаў перад абліччам іхнім чалавека, які быў прададзены як нявольнік, Язэпа.18Зашчамілі ў кайданы ногі ягоныя, жалезам сьціснулі душу ягоную19аж да часу, калі выйшла справа ягоная, слова ГОСПАДА ачысьціла яго.20Валадар паслаў, каб звольніць яго; той, што пануе над народамі, вызваліў яго,21паставіў яго гаспадаром над домам сваім і [чалавекам], што пануе над усім даброцьцем ягоным,22каб скіроўваў князёў ягоных паводле [рашэньня] душы сваёй, і старшыняў ягоных вучыў мудрасьці.23І прыйшоў Ізраіль у Эгіпет, і Якуб пасяліўся ў зямлі Хама.24І [Бог] зрабіў вельмі плодным народ Свой, і зрабіў яго мацнейшым за прыгнятальнікаў ягоных.25Зьмяніў сэрца іхняе, каб ненавідзелі народ Ягоны, каб змовіліся супраць слугаў Ягоных.26Ён паслаў Майсея, слугу Свайго, Аарона, якога выбраў Сабе.27Ён зьявіў праз іх знакі Свае і цуды Свае ў зямлі Хама.28Ён паслаў цемру, і зрабілася цёмна, і не маглі працівіцца слову Ягонаму.29Ён перамяніў воды іхнія ў кроў, і памерлі рыбы іхнія.30Напоўнілася зямля іхняя жабамі, нават у спальнях валадароў іхніх.31Сказаў, і наляцелі мухі і камары ў-ва ўсіх межах іхніх.32Ён даў ім [замест] дажджу град, полымя агню на зямлю іхнюю.33Пабіў вінаградныя лозы іхнія і дрэвы фігавыя, і паламаў дрэвы ў межах іхніх.34Сказаў, і прыйшла саранча, і хрушчоў безьліч,35і яны паелі ўсе расьліны ў зямлі іхняй, і паелі плады палёў іхніх.36Ён пабіў усіх першародных у зямлі іхняй, зачаткі ўсёй сілы іхняй.37А іх вывеў са срэбрам і золатам, і не было ў каленах іхніх нядужага.38Радаваўся Эгіпет з выхаду іхняга, бо ахапіў іх страх перад імі.39Ён хмару разгарнуў, як заслону, і агонь, каб ноч асьвятляць.40Зажадалі, і прывёў перапёлак, і хлебам нябесным насычаў іх.41Ён рашчапіў скалу, і лінулі воды, і ракой пацяклі па сухой [зямлі].42Бо Ён узгадаў слова сьвятое Сваё да Абрагама, слугі Свайго,43і вывеў народ Свой у радасьці, выбранцаў Сваіх — са сьпяваньнем.44І даў ім зямлю народаў, і набытак народаў успадкаемілі яны,45каб захоўвалі пастановы Ягоныя і законаў Ягоных трымаліся. Альлелюя!