ПСАЛЬМЫ102bel_jfc

1Малітва прыгнечанага, калі ён зьнемагае і перад ГОСПАДАМ вылівае смутак свой.2ГОСПАДЗЕ, пачуй малітву маю, і лямант мой няхай дойдзе да Цябе!3Не хавай аблічча Твайго ад мяне ў дзень уціску, прыхілі да мяне вуха Тваё ў дзень, калі клічу; хутчэй адкажы мне.4Бо зьніклі, як дым, дні мае, і косткі мае выпаленыя як у гарне.5Скошанае як трава і высахлае сэрца маё, ажно забываюся я есьці хлеб свой.6Ад голасу ўздыханьня майго косткі мае прыляпіліся да цела майго.7Я падобны да пэлікана ў пустыні, стаўся як пугач сярод спусташэньня.8Я ня сплю і стаўся як птушка самотная на даху.9Увесь дзень зьневажаюць мяне ворагі мае; тыя, што сьмяюцца з мяне, запрысягнуліся супраць мяне.10Бо я ем попел як хлеб, і напой мой са сьлязьмі мяшаю11праз гнеў [Твой] і абурэньне, бо Ты падняў мяне і кінуў.12Дні мае, быццам цені, зьнікаюць, і я сохну, быццам трава.13А Ты, ГОСПАДЗЕ, будзеш жыць на вякі, і памяць Твая — з пакаленьня ў пакаленьне.14Ты паўстанеш, зьлітуешся над Сыёнам, бо час дараваць яму, бо прыйшла пара.15Бо слугі Твае маюць ласку да камянёў ягоных і літасьць — над пылам ягоным.16І будуць баяцца народы імя ГОСПАДА, і ўсе валадары зямныя — славы Тваёй,17бо адбудаваў ГОСПАД Сыён і даў убачыць Сябе ў славе Сваёй.18Ты прыхіліўся да малітвы прыніжанага і не пагардзіў малітвамі іхнімі.19Будзе запісана гэта для пакаленьня наступнага, і народ, які будзе створаны, будзе хваліць ГОСПАДА,20бо Ён глянуў з вышыні сьвятасьці Сваёй, паглядзеў ГОСПАД з нябёсаў на зямлю,21каб пачуць стогны вязьня, каб вызваліць сыноў, сказаных на сьмерць,22каб апавядалі на Сыёне імя ГОСПАДА, і хвалу Ягоную — у Ерусаліме,23калі разам зьбяруцца народы і валадарствы, каб служыць ГОСПАДУ.24Змардаваў Ён у дарозе сілу маю, скараціў дні мае.25Я кажу: «Божа мой, не вазьмі Ты мяне ў палове дзён маіх! З пакаленьня ў пакаленьне гады Твае!26Здаўна Ты заснаваў зямлю, і нябёсы — твор рук Тваіх.27Яны згінуць, а Ты застанешся; і ўсе яны, як адзеньне, спарахнеюць, як вопратку іх пераменіш, і яны пераменяцца;28а Ты — Той самы, і гады Твае ня маюць канца!29Сыны слугаў Тваіх будуць жыць, і насеньне іхняе будзе ўмацаванае перад абліччам Тваім».