PRO8bel_njo
1Ці ж мудрасьць ня кліча? Ці ж розум ня ўзносіць голас свой?2На вяршынях гораў, пры дарозе, на ростанях стаіць яна,3ля брамаў, пры ўваходзе ў горад, пры дзьвярах кліча яна.4«Да вас, людзі, я клічу, да сыноў чалавечых голас мой!5Навучыцеся, неразумныя, цьвярозаму мысьленьню, і вы, бязглуздыя, прыдбайце разумнае сэрца.6Слухайце, бо буду гаварыць пра рэчы важныя, і расчыняцца вусны мае, каб сказаць рэчы справядлівыя.7Бо праўду выкажа язык мой, і няправасьць — брыдота для вуснаў маіх.8Выслоўі вуснаў маіх справядлівыя, няма ў іх хлусьні і крывадушнасьці.9Усе яны простыя для разумнага і правыя для тых, што знайшлі веданьне.10Прыйміце настаўленьне маё, а ня срэбра, лепш веды, чым чыстае золата,11бо мудрасьць лепшая за пэрлы, і ніякія каштоўнасьці не параўнаюцца з ёю.12Я, мудрасьць, жыву разам з цьвярозым мысьленьнем і шукаю веданьня з разважнасьцю.13Страх перад ГОСПАДАМ — ненавідзець ліхоту, пыху і фанабэрыстасьць, ліхія шляхі і крывадушныя вусны я ненавіджу.14У мяне рада і сапраўдная мудрасьць, я — розум, у мяне сіла.15Дзякуючы мне валадары валадараць і князі дзейнічаюць справядліва.16Дзякуючы мне начальнікі кіруюць, і магнаты, і ўсе судзьдзі зямлі.17Я люблю тых, якія мяне любяць, і тыя, што мяне шукаюць, знойдуць мяне.18У мяне багацьце і слава, незьнішчальныя скарбы і праведнасьць.19Плод мой лепшы за золата, і золата найчысьцейшае, і карысьць ад мяне лепшая за срэбра адборнае.20Я хаджу сьцежкамі праведнасьці і шляхамі правасудзьдзя,21каб даць тым, што любяць мяне, у спадчыну даброцьці, і скарбніцы іх я напоўню.22ГОСПАД меў мяне на пачатку шляху Свайго, раней стварэньняў Сваіх, спакон вякоў.23Спрадвеку я пастаўлена, ад пачатку, перш, чым зямля паўстала.24Я нарадзілася, калі яшчэ не было бяздоньняў, калі не было крыніцаў, напоўненых водамі.25Перш, чым горы былі асаджаны, перад узгоркамі я нарадзілася,26калі Ён яшчэ не стварыў ані зямлі, ані палёў, ані пачатковых пылінак сусьвету.27Калі Ён прыгатоўваў нябёсы, я была там. Калі Ён крэсьліў скляпеньне над абліччам бяздоньня,28калі засноўваў аблокі ўгары?, калі ўмацоўваў крыніцы бяздоньня,29калі вызначаў для мора статут ягоны, каб воды не перакрочвалі рубяжы свае, калі закладаў падваліны зямлі,30я была ў Яго дойлідам і была пацехай [Яго] кожны дзень, радуючыся перад абліччам Яго кожны час,31радуючыся на заселенай зямлі Яго, і пацеха мая — з сынамі чалавечымі.32Дык цяпер, дзеці, паслухайце мяне, і шчасьлівыя тыя, якія трымаюцца шляхоў маіх.33Слухайце настаўленьне, і будзеце мудрымі, і не адкідайце яго.34Шчасьлівы чалавек, які слухае мяне, чуваючы кожны дзень пры брамах маіх, стоячы на варце пры парозе дзьвярэй маіх.35Бо хто знойдзе мяне, знойдзе жыцьцё і атрымае ласку ад ГОСПАДА,36а хто грашыць супраць мяне, шкодзіць душы сваёй; усе, якія ненавідзяць мяне, любяць сьмерць».