ПРЫПОВЕСЬЦІ7bel_njo

1Сыне мой, прыймі словы мае і захоўвай у сабе прыказаньні мае.2Захоўвай прыказаньні мае і жыві, і закон мой — як зрэнку вока твайго.3Навяжы іх на пальцы твае, напішы іх на табліцах сэрца твайго.4Скажы мудрасьці: «Ты — сястра мая», і розум назаві сябрам,5каб яны захавалі цябе ад чужой жонкі, ад чужаніцы, што гаворыць лагодныя словы.6Вось, глядзеў я праз вакно дому свайго, праз краты свае,7і ўбачыў сярод неразумных, заўважыў сярод маладых людзей юнака легкадумнага,8як праходзіў вуліцай каля рогу яе, як ішоў дарогаю ў дом яе,9у поцемках, у позьні час, у начной цемры і змроку.10І вось выходзіць насустрач яму жанчына, у распусным адзеньні, з падступным сэрцам,11галасьлівая і нястрыманая, ногі яе не бываюць у доме яе:12ці то на вуліцы, ці то на плошчы, і на кожным рагу растаўляе пасткі.13І схапіла яго, цалавала яго, і з бессаромным тварам казала яму:14«У мяне ахвяра мірная, сёньня споўніла абяцаньні мае,15таму выйшла на спатканьне табе, прагнула бачыць аблічча тваё і знайшла цябе.16Дыванамі я заслала ложак мой, шматколернымі тканінамі з Эгіпту,17пакой мой пасыпала мірам, альвасам і цынамонам.18Прыйдзі, будзем цешыцца пяшчотамі да раніцы, атрымліваць асалоду ад каханьня.19Бо няма мужа ў доме, выбраўся ў далёкую дарогу,20капшук з грашыма ўзяў з сабою, у дзень поўні месяца мае вярнуцца дамоў».21Мноствам ласкавых словаў прывабіла яго, лісьлівасьцю вуснаў сваіх зьвяла яго.22Ён адразу пайшоў за ёю, як вол, ведзены на зарэз, як бязглузды, на ланцугу ведзены на пакараньне,23аж пакуль страла праб’е вантробы яго; як птушка, што кідаецца ў сіло, і ня ведае, што на загубу яе.24Дык цяпер, дзеці, паслухайце мяне, і зважайце на словы вуснаў маіх.25Няхай не схіляецца сэрца тваё да шляхоў яе, і не блукай па сьцежках яе,26бо шматлікія пакалечаныя ёю, і мноства магутных яна загубіла.27Дом ейны — шлях у пекла, які вядзе ў сутарэньні сьмерці.