ПРЫПОВЕСЬЦІ3bel_jfc

1Сыне мой, не забывайся настаўленьня майго, і няхай сэрца тваё захоўвае прыказаньні мае,2бо доўгія дні, гады жыцьця і супакой прынясуць яны табе.3Міласэрнасьць і праўда няхай не пакідаюць цябе, абвяжы імі шыю сабе і напішы іх на табліцах сэрца твайго,4і знойдзеш ты ласку і спагаднасьць у вачах Бога і людзей.5Спадзявайся на ГОСПАДА ўсім сэрцам тваім і не абапірайся на розум твой.6Думай пра Яго на ўсіх шляхах тваіх, і Ён выпрастуе сьцежкі твае.7Ня будзь мудры ў вачах сваіх, бойся ГОСПАДА і пазьбягай ліхоты.8Гэта будзе здароўем для цела твайго і спасіленьнем для костак тваіх.9Шануй ГОСПАДА ўсёй маёмасьцю тваёй і пяршынамі ўсіх пладоў тваіх,10і напоўняцца гумны твае збожжам, а тоўчні твае перапоўняцца новым віном.11Не адкідай, сыне мой, настаўленьня ГОСПАДА, і не ўхіляйся, калі Ён дакарае цябе,12бо каго любіць ГОСПАД, таго карае, як бацька, які спагадае сыну.13Шчасьлівы чалавек, які знайшоў мудрасьць, і чалавек, які прыдбаў разуменьне.14Бо здабыць яе лепш, чым здабыць срэбра, і плады ейныя лепшыя за золата.15Яна — каштоўнейшая за пэрліны, і нішто з таго, што ты прагнеш, ня можа параўнацца з ёю.16Доўгасьць дзён у правай руцэ яе, а ў левай руцэ — багацьце і слава.17Шляхі яе — шляхі прыемныя, і ўсе сьцежкі ейныя — супакой.18Яна — дрэва жыцьця для тых, што трымаюцца яе, шчасьлівыя тыя, якія абапіраюцца на яе.19ГОСПАД мудрасьцю заснаваў зямлю, нябёсы ўмацаваў розумам.20Яго веданьнем расчыніліся бяздоньні і аблокі імгляць расою.21Сыне мой, няхай гэта не адыходзіць ад вачэй тваіх, захоўвай разумнасьць і разважнасьць.22І яны стануцца жыцьцём для душы тваёй і аздобаю для шыі тваёй.23Тады пойдзеш бясьпечна шляхам тваім, і нага твая не пахісьнецца.24Калі ляжаш спаць, ня будзеш мець страху, і калі засьнеш, сон твой будзе салодкі.25Не спалохаешся раптоўнага страху і загубы бязбожнікаў, калі яна прыйдзе,26бо ГОСПАД будзе спадзяваньнем тваім і захавае нагу тваю ад пасткі.27Не адмаўляй у дабрадзействе таму, хто патрабуе, калі рука твая мае сілу зрабіць гэта.28Не кажы бліжняму твайму: «Ідзі сабе і прыйдзі зноў, заўтра дам табе», калі маеш гэта пры сабе.29Не надумляй ліхоцьця супраць бліжняга твайго, калі ён жыве пры табе бясьпечна.30Не сварыся з чалавекам без прычыны, калі ён не зрабіў табе нічога благога.31Не зайздросьці чалавеку злачыннаму і не выбірай ніводнага са шляхоў ягоных,32бо ГОСПАД брыдзіцца крывадушным, а з правымі Ён сябруе.33Праклён ад ГОСПАДА на доме бязбожніка, але жытло праведных Ён дабраслаўляе.34Ён сьмяецца з насьмешнікаў, а пакорным ласку дае.35Мудрыя атрымаюць у спадчыну славу, а бязглуздыя будуць насіць ганьбу.