ПРЫПОВЕСЬЦІ11bel_jfc
1Агіда для ГОСПАДА — шалі падманлівыя, а вагі дакладныя даспадобы Яму.2Прыходзіць пыхлівасьць, прыходзіць і ганьба, а ў пакорлівых — мудрасьць.3Беззаганнасьць правых вядзе іх, а крывадушнасьць здрадлівых загубіць іх.4Не дапаможа багацьце ў дзень гневу, а праведнасьць ратуе ад сьмерці.5Праведнасьць беззаганнага раўняе шлях ягоны, а бязбожнік падае праз бязбожнасьць сваю.6Праведнасьць правых ратуе іх, а ліхадзеі будуць злоўленыя злачынствам сваім.7Калі памірае чалавек бязбожны, гіне надзея [яго], і спадзяваньне злачынцаў прападае.8Праведнік ратуецца ад бяды, а бязбожнік прыходзіць на месца яго.9Крывадушнік вуснамі забівае бліжняга свайго, а праведнік ратуецца праз веданьне.10Калі добра ідзе праведным, радуецца горад, і калі гінуць бязбожнікі, [горад] сьвяткуе.11Дабраславенствам правых узвышаецца горад, а вуснамі бязбожнікаў руйнуецца.12Той, хто пазбаўлены розуму, пагарджае бліжнім сваім, а чалавек разумны захоўвае мір.13Хто ходзіць з абмовамі, адкрывае таямніцу, а той, хто верны духам, захоўвае слова.14Дзе няма добрай рады, народ прападае, а пры мностве дарадцаў — выратаваньне.15Шкодзіць сабе той, хто паручаецца за чужога, а хто ненавідзіць даваць руку, той бясьпечны.16Дабрадзейная жанчына здабывае славу, і моцныя здабываюць багацьце.17Чалавек міласэрны робіць дабро душы сваёй, а бязьлітасны нішчыць цела сваё.18Падманлівы набытак здабудзе бязбожнік, а таму, хто сее праведнасьць, будзе пэўная нагарода.19Праведнасьць [вядзе] да жыцьця, а хто імкнецца да зла, [імкнецца] да сьмерці.20Агіда для ГОСПАДА крывадушныя сэрцам, але тыя, хто ходзяць беззаганна, даспадобы Яму.21Можна паручыцца, зло не пазьбегне пакараньня, а насеньне праведных будзе збаўленае.22Як залатое колца ў лычы сьвіньні, так прыгожая жанчына, але бяз розуму.23Прагненьне праведнікаў — толькі дабро, а чаканьне бязбожнікаў — гнеў.24Адзін сыпе [шчодра], і дадаецца яму, а другі лішне ашчадны, і бяднее.25Дабрадзейная душа будзе насычана, і хто поіць [другіх], сам напоены будзе.26Хто затрымлівае збожжа, таго праклінае народ, але дабраславенства на галаве таго, хто продае.27Хто імкнецца да дабра, той шукае зычлівасьці, а хто шукае зла, да таго яно прыйдзе.28Хто спадзяецца на багацьце сваё, упадзе, а праведнікі, як лісьце, зелянеюць.29Хто руйнуе дом свой, атрымае ў спадчыну вецер, і неразумны будзе слугою мудрага сэрцам.30Плод праведнага — дрэва жыцьця, і мудры здабывае душы.31Вось, праведнік будзе мець адплату на зямлі, пагатоў бязбожнік і грэшнік.