ПРЫПОВЕСЬЦІ1bel_jfc

1Прыповесьці Салямона, сына Давіда, валадара Ізраіля,2каб спазнаць мудрасьць і настаўленьне, зразумець словы розуму,3каб атрымаць настаўленьні ў разважлівасьці, праведнасьці, судзе і справядлівасьці,4каб неразумным даць разумнасьць, юнаку — веды і разважлівасьць.5Мудры няхай слухае і павялічвае веды, а разумны няхай прыдбае мудрыя думкі,6каб зразумець выслоўе і прыповесьць, словы мудрых і загадкі іхнія.7Страх перад ГОСПАДАМ — пачатак веданьня. Неразумныя пагарджаюць мудрасьцю і настаўленьнем.8Сыне мой, паслухай перасьцярогаў бацькі твайго і не адкідай настаўленьняў маці тваёй,9бо яны — прывабны вянок на галаве тваёй і каштоўныя каралі на шыі тваёй.10Сыне мой, калі б цябе намаўлялі грэшнікі, не далучайся да іх.11Калі яны скажуць: «Хадзем з намі! Зробім засаду дзеля праліцьця крыві; наставім без прычыны пастку на нявіннага;12праглынем іх жыўцом, як пекла, і цалкам, як тых, што зыходзяць у магілу;13знойдзем усялякія каштоўнасьці, напоўнім дамы свае здабычаю.14Жэрабя сваё кідай разам з намі, няхай адзін мех будзе для нас усіх».15Сыне мой, не хадзі з імі, устрымай нагу тваю ад сьцежкі іхняй,16бо ногі іхнія бягуць да злачынства і сьпяшаюцца на праліцьцё крыві.17Бо надарэмна настаўляецца сетка на вачах усяго птаства.18А яны цікуюць на ўласную кроў, робяць засаду супраць душы сваёй.19Такія вось сьцежкі кожнага, хто прагне чужога даброцьця; яно забірае душу таго, хто завалодае ім.20Мудрасьць гукае на вуліцах, на плошчах узьнімае голас свой,21на скрыжаваньнях шумлівых дарог кліча, у брамах гарадзкіх гучаць яе словы:22«Дакуль, неразумныя, будзеце любіць неразумнасьць; дакуль, насьмешнікі, будзеце захапляцца насьмешкамі сваімі, а невукі — пагарджаць веданьнем?23Зьвярніцеся да настаўленьня майго, і я выльлю на вас духа майго, і абвяшчу вам словы мае.24Вось жа я клікала, але вы адмаўляліся, працягвала руку сваю, але ніхто не зьвярнуў увагі.25Вы ўзгардзілі радай маёю і адкінулі дакараньні мае.26Дык і я буду сьмяяцца з падзеньня вашага, і насьміхацца буду, калі прыйдзе на вас жах.27Калі нахлыне жах, як бура, і загуба ваша, быццам віхура, калі прыйдуць на вас трывога і гора,28тады будуць клікаць мяне, але я не адкажу, будуць шукаць мяне, і ня знойдуць мяне.29Бо яны зьненавідзелі веданьне і ня выбралі для сябе страху перад ГОСПАДАМ,30і не пайшлі за парадамі маімі, і ўзгардзілі перасьцярогамі маімі.31Дык няхай ядуць яны плады шляху свайго і насыцяцца намерамі сваімі.32Бо адступніцтва неразумных заб’е іх, бяздумнасьць дурняў загубіць іх.33А хто слухае мяне, будзе жыць бясьпечна, будзе спакойны, не баючыся зла».