НЭЭМІЯ13bel_jfc

1У той дзень чыталі з кнігі Майсея ў вушы народу і знайшлі напісанае ў ёй, што ня ўвойдзе Аманянін і Мааўлянін у царкву Божую на вякі,2бо яны не сустрэлі сыноў Ізраіля з хлебам і вадою, і нанялі супраць іх Білеама, каб праклінаць іх; але Бог наш перамяніў праклён у дабраславенства.3І сталася, калі яны пачулі Закон гэты, яны аддзялілі ад Ізраіля ўсю чужаземшчыну.4А перад гэтым Эліяшыў сьвятар, які меў нагляд над пакоямі Дому Бога нашага, сваяк Товіі,5зрабіў для яго вялікі пакой, дзе раней складалі ахвяры хлебныя, кадзіла, начыньні і дзесяціны збожжа, віна і алею, прызначаныя для лявітаў, сьпевакоў і прыдзьвернікаў, і дары для сьвятароў.6Але ў час усяго гэтага я ня быў у Ерусаліме, бо ў трыццаць другім годзе Артарксэркса, валадара Бабілонскага, я пайшоў да валадара і праз пэўны час выпрасіўся, [каб адыйсьці] ад валадара.7І я прыйшоў у Ерусалім, і зразумеў, якое ліха ўчыніў Эліяшыў дзеля Товіі, зрабіўшы пакой яму ў панадворках Дому Божага.8І было гэта вельмі ліхім для мяне, і я выкінуў усе хатнія рэчы Товіі прэч з пакою.9І я сказаў, і ачысьцілі пакой, і я вярнуў туды ізноў рэчы Дому Божага, ахвяры хлебныя і кадзіла.10І я даведаўся, што [належныя] часткі ахвяраў не давалі лявітам, і яны разьбегліся, кожны да поля свайго, лявіты і сьпевакі, якія рабілі працу сваю.11І я насварыўся на кіраўні­коў [лявітаў], і сказаў: «Чаму вы пакінулі Дом Божы?» І я сабраў [лявітаў], і паставіў іх на месца іхняе.12І ўся Юдэя прыносіла дзесяціну збожжа, віна і алею ў скарбніцы.13І я паставіў над скарбніцамі Шэлемію сьвятара і Цадока кніжніка, і Бэдаю з лявітаў, і пад руку іхнюю Ханана, сына Заккура, сына Маттаніі, бо іх лічылі вернымі. І да іх [належала] разьдзяляць [належнае] братам сваім.14Узгадай пра мяне, Божа мой, дзеля гэтага і ня вытры добрых учынкаў маіх, якія я зрабіў для Дому Божага і для абслугі яго.15У гэтыя дні я бачыў у Юдэі тых, якія тапталі [віно] ў тоўчнях у суботу, і вазілі снапы, накладалі [рэчы] на аслоў, і таксама віно, вінаград, фігі і ўсякія цяжары, і прывозілі ў Ерусалім у дзень супачынку. І я папярэджваў іх у той дзень, калі яны продалі жыўленьне.16І Тырыяне жылі [таксама] там, і прывозілі рыбу і ўсялякі тавар, і продалі ў суботу сынам Юдэі ў Ерусаліме.17І я сварыўся на шляхту Юдэі, і сказаў ім: «Што гэта за справа ліхая, якую вы робіце і паганіце дзень супачынку?18Ці ня так рабілі бацькі вашыя, і прывёў Бог наш на нас і на горад гэты ўсё гэтае ліха? А вы павялічваеце гнеў [Божы] на Ізраіля, паганячы суботу».19І сталася, што калі падаў змрок на брамы Ерусаліму перад суботаю, я сказаў, каб замыкалі вароты, і я сказаў, каб іх не адчынялі аж да сканчэньня суботы. І юнакоў сваіх я паставіў пры брамах, каб не прыносілі цяжараў у дзень супачынку.20І начавалі гандляры і прадаўцы ўсякага тавару звонку Ерусаліму адзін раз і другі.21І я папярэдзіў іх, і сказаў ім: «Чаму вы начуеце каля муроў? Калі вы ізноў гэтак зробіце, я падыму руку на вас». З таго часу яны не прыходзілі ў суботу.22І я сказаў лявітам, каб яны ачысьціліся і прыйшлі вартаваць пры брамах, каб сьвяціць дзень супачынку. Таксама гэта ўзгадай пра мяне, Божа мой, і пашкадуй мяне паводле вялікасьці міласэрнасьці Тваёй!23Таксама ў тыя дні я бачыў Юдэяў, якія жылі з жанчынамі з Ашдадзянак, Аманянак і Мааўлянак,24і сыны іхнія на палову гаварылі па-ашдодзку, і ня ўмелі гаварыць па-юдэйску, але [гаварылі] моваю таго ці іншага народу.25І я сварыўся на іх, і праклінаў іх, і біў некаторых з іх, і рваў у іх валасы, і запрысягаў іх Богам, [кажучы]: «Не аддавайце дочак вашых сынам іхнім і не бярыце дочак іхніх сынам сваім і сабе.26Ці ня з іх прычыны саграшыў Салямон, валадар Ізраіля? У шмат якіх народаў не было валадара, як ён, і ён быў умілаваным Богам сваім, і Бог паставіў яго валадаром над усім Ізраілем; але нават яго ўвялі ў грэх жонкі чужаземныя.27Ці ж можна нам чуць пра вас, што вы робіце ўсё гэтае ліха вялікае, стаўшы нявернымі Богу нашаму, жывучы з жанчынамі чужынскімі?»28І [адзін] з сыноў Ёяды, сына Эліяшыва, вялікага сьвятара, быў зяцем Санвалата Хараняніна, і я прагнаў яго ад сябе.29Узгадай ім, Божа мой, што яны апаганілі сьвятарства і запавет сьвятарства і лявітаў!30І я ачысьціў іх ад усяго чужынскага, і паставіў чэргі сьвятароў і лявітаў, кожнага ў служэньні сваім.31і я [пастанавіў] пра ахвяраваньне дроваў у вызначаны час і пра пяршыны. Узгадай пра мяне, Божа мой, на дабро [мне]!