МАРКА7bel_jfc

1І сабраліся да Яго фарысэі і некаторыя кніжнікі, што прыйшлі з Ерусаліму.2І, убачыўшы некаторых з вучняў Ягоных, што елі хлеб нячыстымі, гэта значыць, нямытымі рукамі, вінавацілі іх.3Бо самі фарысэі і ўсе Юдэі не ядуць, не абмыўшы чыста рук, трымаючыся традыцыяў старэйшых.4І пасьля рынку, пакуль не абмыюцца, не ядуць; і ёсьць шмат іншага, чаго яны прытрымліваюцца: абмываньня келіхаў і конавак, мядніцаў і сталоў.5Пасьля пытаюцца ў Яго фарысэі і кніжнікі: «Чаму вучні Твае ня ходзяць паводле традыцыяў старэйшых, але нячыстымі рукамі ядуць хлеб?»6Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Добра пра вас, крывадушнікаў, прарочыў Ісая, як напісана: “Народ гэты губамі шануе Мяне, а сэрца іхняе трымаецца далёка ад Мяне.7Але марна пакланяюцца Мне, навучаючы вучэньням і пастановам чалавечым”.8Бо вы, пакінуўшы прыказаньне Божае, трымаецеся традыцыі чалавечай, абмываньня конавак і келіхаў, і шмат іншага, да гэтага падобнага, чыніце».9І сказаў ім: «Ці добра, што вы адкідаеце прыказаньне Божае, каб захаваць традыцыю вашую?10Бо Майсей сказаў: “Шануй бацьку твайго і маці тваю”, і: “Хто праклінае бацьку або маці, няхай сьмерцю памрэ”.11А вы гаворыце: “Калі скажа чалавек бацьку або маці: ‘Карбан’, гэта значыць, дар [Богу] тое, чым бы ты ад мяне карыстаўся”,12і ўжо дазваляеце яму нічога не рабіць для бацькі свайго або маці сваёй,13пазбаўляючы сілы слова Божае праз традыцыю вашую, якую вы перадаяцё, і шмат да гэтага падобнага чыніце».14І, паклікаўшы ўвесь натоўп, гаварыў ім: «Слухайце Мяне ўсе і разумейце.15Няма нічога, што звонку чалавека, што ўваходзячы ў яго, можа яго апаганіць, але тое, што з чалавека выходзіць, апаганьвае яго.16Калі хто мае вушы слухаць, няхай слухае».17І калі Ён увайшоў у дом ад натоўпу, пыталіся Яго вучні Ягоныя пра прыповесьць.18І кажа ім: «Няўжо і вы такія няцямкія? Няўжо не разумееце, што ўсё, што звонку ўваходзіць у чалавека, ня можа яго апаганіць,19бо ўваходзіць ня ў сэрца ягонае, але ў жывот, і выкідаецца прэч, ачышчаючы ўсякую ежу».20І сказаў: «Тое, што выходзіць з чалавека, яно апаганьвае яго,21бо з нутра, з сэрца чалавечага выходзяць благія думкі, чужалоства, распуснасьць, забойствы,22крадзяжы, хцівасьць, зласьлівасьць, подступ, бессаромнасьць, злое вока, блюзьнерствы, пыха, глупота.23Уся гэтая ліхота знутры выходзіць і апаганьвае чалавека».24І, устаўшы адтуль, Ён адыйшоў у межы Тыру і Сідону. І, увайшоўшы ў дом, хацеў, каб ніхто не даведаўся, але ўтоіцца ня змог.25Бо пачула пра Яго жанчына, у якой дачка мела ў сабе нячыстага духа, і, прыйшоўшы, упала да ног Ягоных.26А жанчына гэтая была Грэчанка, родам Сірафінікіянка; і прасіла яна Яго, каб выгнаў дэмана з дачкі ейнай.27Але Ісус сказаў ёй: «Дазволь перш насыціцца дзецям, бо нядобра ўзяць хлеб у дзяцей і кінуць сабакам».28Яна ж адказала і кажа Яму: «Так, Госпадзе, але ж і сабакі пад сталом ядуць крошкі, [што ўпалі] ад дзяцей».29І сказаў ёй: «Дзеля такога слова ідзі; дэман выйшаў з дачкі тваёй».30І адыйшоўшы ў дом свой, яна знайшла, што дэман выйшаў і дачка ляжыць на ложку.31І зноў, выйшаўшы з межаў Тыру і Сідону, пайшоў Ён да мора Галілейскага пасярод межаў Дэкапаля.32І прыводзяць да Яго глухога, які з цяжкасьцю гаварыў, і просяць Яго ўскласьці на яго руку.33І, узяўшы яго ад натоўпу на бок, уклаў пальцы Свае ў вушы ягоныя, і, плюнуўшы, дакрануўся да языка ягонага.34І, глянуўшы ў неба, уздыхнуў, і гаворыць яму: «Эффата», што значыць: «Адчыніся».35І адразу адчыніліся вушы ягоныя і разьвязаліся путы языка ягонага, і ён пачаў добра гаварыць.36І Ён перасьцерагаў іх, каб нікому не расказвалі, але колькі ні забараняў, яны яшчэ шырэй абвяшчалі.37І надзвычай дзівіліся, кажучы: «Усё добра зрабіў, і глухім робіць, каб чулі, і нямым, каб гаварылі».