МАРКА15bel_jfc

1І адразу раніцаю, зрабіўшы нараду, першасьвятары са старшынямі і кніжнікамі, і ўвесь сынэдрыён, зьвязаўшы Ісуса, павялі і выдалі Пілату.2І спытаўся ў Яго Пілат: «Ты — Валадар Юдэйскі?» А Ён, адказваючы, гаворыць яму: «Ты кажаш».3І вінавацілі Яго першасьвятары ў многім.4А Пілат зноў спытаўся ў Яго: «Нічога не адказваеш? Глядзі, як шмат сьведчаць супраць Цябе?»5Але Ісус больш нічога не адказваў, так што Пілат зьдзівіўся.6А на сьвята ён звальняў ім аднаго з вязьняў, за якога прасілі.7Быў жа адзін, называны Барабба, увязьнены разам з супольнікамі, якія пад час паўстаньня ўчынілі забойства.8І, закрычаўшы, натоўп пачаў прасіць таго, што рабіў ім заўсёды.9А Пілат адказаў ім, кажучы: «Хочаце, адпушчу вам Валадара Юдэйскага?»10Бо ведаў, што першасьвятары праз зайздрасьць выдалі Яго.11Але першасьвятары падбухторылі натоўп, каб лепш адпусьціў ім Бараббу.12Дык Пілат, адказваючы, зноў сказаў ім: «Што вы хочаце, каб я зрабіў з Тым, Каго называеце Валадаром Юдэйскім?»13Але яны зноў закрычалі: «Укрыжуй Яго!»14Пілат жа сказаў ім: «Што ліхога ўчыніў Ён?» Але яны яшчэ мацней крычалі: «Укрыжуй Яго!»15Дык Пілат, хочучы дагадзіць натоўпу, адпусьціў ім Бараббу, а Ісуса, убічаваўшы, выдаў на ўкрыжаваньне.16І жаўнеры завялі Яго на панадворак, што завецца прэторыя, і склікаюць усю кагорту.17І апранаюць Яго ў пурпур, і, сплёўшы вянок з церняў, ускладаюць на Яго.18І пачалі вітаць Яго: «Радуйся, Валадару Юдэйскі!»19І білі Яго трысьцінай па галаве, і плявалі на Яго, і, кленчучы, пакланяліся Яму.20І калі назьдзекваліся з Яго, зьнялі з Яго пурпур, і апранулі Яго ў адзеньне Ягонае. І вядуць Яго, каб Яго ўкрыжаваць.21І прымушаюць нейкага Сымона Кірэнэйца, бацьку Аляксандра і Руфа, які ішоў з поля і праходзіў міма, каб узяў крыж Ягоны.22І прыводзяць Яго на Галгофу, месца, што перакладаецца Месца Чэрапа.23І далі Яму піць віно, зьмяшанае са сьмірнай, але Ён не прыняў.24І тыя, што крыжавалі Яго, падзялілі адзеньне Ягонае, кідаючы жэрабя, хто мае яго ўзяць.25А была гадзіна трэцяя, і ўкрыжавалі Яго.26І быў надпіс віны Ягонай напісаны: «Валадар Юдэйскі».27І разам з Ім укрыжавалі двух разбойнікаў, аднаго праваруч, а другога леваруч Яго.28І споўнілася Пісаньне: «І да беззаконьнікаў залічаны».29І тыя, што праходзілі міма, блюзьнілі на Яго, ківаючы галовамі сваімі і кажучы: «Гэй, Ты, Які руйнуеш бажніцу і ў тры дні адбудоўваеш,30выратуй Сябе Самога і зыйдзі з крыжа».31Падобна і першасьвятары, насьміхаючыся, гаварылі з кніжнікамі адзін аднаму: «Іншых ратаваў, а Сябе ўратаваць ня можа.32Хрыстос, Валадар Ізраіля, няхай зыйдзе цяпер з крыжа, каб мы ўбачылі і паверылі». І тыя, што былі ўкрыжаваныя з Ім, зьневажалі Яго.33А калі настала гадзіна шостая, сталася цемра па ўсёй зямлі ажно да гадзіны дзявятай.34І а дзявятай гадзіне Ісус загаласіў моцным голасам, кажучы: «Элёі, элёі, ламма сабахтані», што перакладаецца: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?»35І некаторыя з тых, што вакол стаялі, пачуўшы, казалі: «Вось, Ільлю кліча».36А адзін, пабегшы і напоўніўшы губку воцатам ды ўсклаўшы яе на трысьціну, даваў Яму піць, гаворачы: «Пакіньце, паглядзім, ці прыйдзе Ільля зьняць Яго».37Ісус жа, усклікнуўшы моцным голасам, аддаў духа.38І заслона ў бажніцы была разьдзёртая надвое ад верху да нізу.39Сотнік жа, што стаяў насупраць Яго, убачыўшы, што так закрычаўшы, аддаў духа, сказаў: «Праўда, Чалавек Гэты быў Сын Божы».40Былі таксама жанчыны, што глядзелі здалёк, між імі Марыя Магдалена, і Марыя, маці Якуба меншага і Ёсіі, і Салямэя,41якія, калі Ён быў у Галілеі, хадзілі за Ім і паслугавалі Яму, і шмат іншых, што прыйшлі з Ім у Ерусалім.42І калі ўжо настаў вечар, — а быў гэта дзень прыгатаваньня, які ёсьць перад суботаю, —43прыйшоў Язэп з Арыматэі, паважаны ратман, які сам чакаў Валадарства Божага. Адважыўшыся, ён увайшоў да Пілата і прасіў цела Ісуса.44А Пілат зьдзівіўся, што Ён ужо памёр, і паклікаўшы сотніка, спытаўся ў яго, ці даўно памёр,45і, даведаўшыся ад сотніка, аддаў цела Язэпу.46І той, купіўшы палатніну і зьняўшы Яго [з крыжа], ахінуў палатнінаю і палажыў Яго ў магілу, якая была высечаная ў скале, і прываліў камень да ўваходу ў магілу.47А Марыя Магдалена і Марыя Ёсіева глядзелі, дзе палажылі Яго.