МАРКА12bel_jfc
1І пачаў гаварыць да іх у прыповесьцях: «Адзін чалавек пасадзіў вінаграднік, і абгарадзіў яго плотам, і выкапаў вінатоку, і збудаваў вежу, і здаў яго вінаградарам, і выехаў.2І паслаў у свой час да вінаградараў слугу, каб узяў у вінаградараў пладоў з вінаградніку.3Яны ж, схапіўшы яго, зьбілі і выправілі ні з чым.4І зноў паслаў да іх іншага слугу, і яму камянямі разьбілі галаву, і выправілі, зьняважыўшы.5І зноў паслаў іншага, і яго забілі, і многіх іншых адных білі, другіх забівалі.6Дык маючы яшчэ адзінага сына, улюбёнага свайго, урэшце паслаў і яго да іх, кажучы: “Пасаромеюцца сына майго”.7Але вінаградары сказалі адзін аднаму: “Гэта спадкаемца! Пойдзем, заб’ем яго, і нашаю будзе спадчына”.8І, схапіўшы яго, забілі, і выкінулі з вінаградніку.9Дык што зробіць гаспадар вінаградніку? Ён прыйдзе і выгубіць вінаградараў, а вінаграднік аддасьць іншым.10Няўжо вы не чыталі гэтага Пісаньня: “Камень, які адкінулі будаўнікі, стаўся галавой вугла.11Ад Госпада гэта сталася, і дзіўна ў вачах нашых”».12І шукалі схапіць Яго, але баяліся натоўпу, бо ведалі, што пра іх сказаў гэтую прыповесьць. І, пакінуўшы Яго, адыйшлі.13І пасылаюць да Яго некаторых з фарысэяў і ірадыянаў, каб злавіць Яго на слове.14Яны, прыйшоўшы, гавораць Яму: «Настаўнік, мы ведаем, што Ты праўдзівы і не дагаджаеш нікому, бо не глядзіш на абліччы людзей, але шляху Божаму паводле праўды навучаеш. Ці належыцца даваць даніну цэзару, ці не? Даваць ці не даваць?»15А Ён, ведаючы крывадушнасьць іхнюю, сказаў ім: «Чаму Мяне спакушаеце? Прынясіце Мне дынар, каб Я пабачыў».16Яны прынесьлі. І гаворыць ім: «Чый гэта вобраз і надпіс?» Яны сказалі Яму: «Цэзараў».17І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Аддавайце тое, што цэзарава, цэзару, а тое, што Божае, — Богу». І зьдзіўляліся з Яго.18І прыходзяць да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрасеньня, і спыталіся ў Яго, кажучы:19«Настаўнік, Майсей напісаў нам: “Калі памрэ нечый брат і пакіне жонку, а дзяцей не пакіне, дык брат ягоны мае ўзяць жонку яго і аднавіць насеньне брату свайму”.20Было сем братоў, і першы ўзяў жонку, і, паміраючы, не пакінуў насеньня.21І другі ўзяў яе, і памёр, і не пакінуў насеньня, і трэці гэтаксама.22І бралі яе сямёра, і не пакінулі насеньня. Пасьля ўсіх памерла і жанчына.23Дык пры ўваскрасеньні, калі яны ўваскрэснуць, якога з іх будзе яна жонкаю? Бо сямёра мелі яе за жонку».24І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Ці ж не таму вы памыляецеся, што ня ведаеце ані Пісаньня, ані моцы Божай?25Бо калі ўвасрэснуць з мёртвых, ня будуць ані жаніцца, ані замуж выходзіць, але будуць як анёлы, якія ў небе.26А пра мёртвых, што яны ўстануць, ці ж вы не чыталі ў кнізе Майсея, як Бог з куста сказаў да яго, кажучы: “Я — Бог Абрагама, і Бог Ісаака, і Бог Якуба”?27Ён ня ёсьць Бог мёртвых, але Бог жывых! Таму вы моцна памыляецеся».28І адзін з кніжнікаў, падыйшоўшы і пачуўшы, як яны пыталіся, і бачачы, што добра ім адказаў, спытаўся ў Яго: «Якое першае з усіх прыказаньняў?»29Ісус адказаў яму: «Першае з усіх прыказаньняў: “Слухай, Ізраіль! Госпад, Бог наш — Госпад адзіны”,30і: “Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, усёю душой тваёй, усім разуменьнем тваім і ўсёю моцаю тваёю”.31І другое, падобнае да яго: “Любі бліжняга свайго як самога сябе”. Іншага прыказаньня, большага за гэтыя, няма».32І сказаў Яму кніжнік: «Добра, Настаўнік! Праўду Ты сказаў, што адзін ёсьць Бог, і няма іншага апрача Яго.33І любіць Яго ўсім сэрцам, усім розумам, усёю душою ды ўсёю моцаю, і любіць бліжняга як самога сябе больш, чым усе цэласпаленьні і ахвяры».34І Ісус, бачачы, што разумна ён адказаў, сказаў яму: «Недалёка ты ад Валадарства Божага». І ніхто ўжо болей не адважваўся пытацца ў Яго.35І, адказваючы, гаварыў Ісус, навучаючы ў сьвятыні: «Чаму кніжнікі кажуць, што Хрыстос ёсьць сынам Давіда?36Бо сам Давід сказаў праз Духа Сьвятога: “Сказаў Госпад Госпаду майму: "Сядзь праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх як падножжа ног Тваіх"”.37Сам Давід называе Яго Госпадам, дык як жа Ён — сын ягоны?» І вялізарны натоўп з ахвотай слухаў Яго.38І гаварыў ім у вучэньні Сваім: «Паглядзіце на кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгіх шатах і прывітаньні на рынку,39і першыя месцы ў сынагогах, і ўзьлягаць на першых месцах на вячэрах,40якія аб’ядаюць дамы ўдоваў і дзеля віду доўга моляцца. Яны атрымаюць цяжэйшы прысуд».41І Ісус, сеўшы насупраць скарбніцы, глядзеў, як натоўп кідае медзь у скарбніцу. І многія багатыя кідалі шмат.42І, прыйшоўшы, адна ўбогая ўдава кінула дзьве лепты, гэта значыць, кадрант.43І, паклікаўшы вучняў Сваіх, Ён гаворыць ім: «Сапраўды кажу вам, што гэтая ўбогая ўдава ўкінула больш за ўсіх, хто кідаў у скарбніцу.44Бо ўсе кідалі з лішку свайго, а яна з нястачы сваёй укінула ўсё, што мела, усё сваё ўтрыманьне».