МАЦЬВЕЯ19bel_njo

1І сталася, калі скончыў Ісус словы гэтыя, выйшаў з Галілеі і прыйшоў у межы Юдэйскія на той бок Ярдану.2І пайшлі за Ім шматлікія натоўпы, і Ён аздаравіў іх там.3І падыйшлі да Яго фарысэі, спакушаючы Яго і кажучы Яму: «Ці за ўсякую віну можна чалавеку разводзіцца з жонкаю сваёю?»4Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Ці вы не чыталі, што Той, Хто стварыў на пачатку, мужчынай і жанчынай стварыў іх?5І Ён сказаў: “Дзеля гэтага пакіне чалавек бацьку і маці, і прылепіцца да жонкі сваёй; і будуць двое адным целам”.6Так што яны ўжо ня двое, але адно цела. Вось жа, што Бог злучыў, таго чалавек няхай не разлучае».7Яны кажуць Яму: «Як тады Майсей даў прыказаньне даць разводны ліст і пакінуць яе?»8Ён кажа ім: «Майсей дзеля жорсткасьці сэрца вашага дазволіў вам разводзіцца з жонкамі вашымі, а на пачатку не было гэтак.9А Я кажу вам: хто пакіне жонку сваю не за распусту і ажэніцца з іншаю, той чужаложыць; і хто ажэніцца з разьведзенаю, чужаложыць».10Кажуць Яму вучні Ягоныя: «Калі гэткі абавязак чалавека да жонкі, не карысна жаніцца».11Ён жа сказаў ім: «Ня ўсе ўмяшчаюць слова гэтае, але каму дадзена.12Бо ёсьць скапцы, што з улоньня маці гэткімі нарадзіліся; і ёсьць скапцы, якія выпакладаныя людзьмі; і ёсьць скапцы, якія самі сябе выпакладалі дзеля Валадарства Нябеснага. Хто можа ўмясьціць, няхай умесьціць».13Тады прыносілі да Яго дзяцей, каб Ён усклаў на іх рукі і памаліўся; а вучні забаранялі ім.14А Ісус сказаў: «Пакіньце дзяцей і не забараняйце ім прыходзіць да Мяне; бо гэткіх ёсьць Валадарства Нябеснае».15І, усклаўшы на іх рукі, пайшоў адтуль.16І вось нехта, падыйшоўшы, сказаў Яму: «Настаўнік добры! Што мне зрабіць добрага, каб мець жыцьцё вечнае?»17Ён жа сказаў яму: «Чаму ты называеш Мяне добрым? Ніхто ня добры, акрамя аднаго Бога. Калі ж хочаш увайсьці ў жыцьцё, захоўвай прыказаньні».18Кажа Яму: «Якія?» Ісус жа сказаў: «Не забівай; не чужалож; не крадзі; ня сьведчы фальшыва;19шануй бацьку твайго і маці; і любі бліжняга твайго, як самога сябе».20Кажа Яму юнак: «Усё гэта я захаваў ад юнацтва майго. Чаго яшчэ мне не стае?»21Ісус мовіў яму: «Калі хочаш быць дасканалым, ідзі, прадай маёмасьць тваю і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе, і прыходзь, ідзі за Мною».22Пачуўшы гэтае слова, юнак адыйшоў засмучаны, бо меў вялікую маёмасьць.23А Ісус сказаў вучням Сваім: «Сапраўды кажу вам, што цяжка багатаму ўвайсьці ў Валадарства Нябеснае.24Зноў жа кажу вам: лягчэй вярблюду прайсьці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсьці ў Валадарства Божае».25Пачуўшы гэтае, вучні Ягоныя надта дзівіліся, кажучы: «Хто ж тады можа быць збаўленым?»26А Ісус, паглядзеўшы, сказаў ім: «У людзей гэта немагчыма, а ў Бога ўсё магчыма».27Тады Пётар, адказваючы, сказаў Яму: «Вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою; што ж будзе нам?»28А Ісус сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што вы, якія пайшлі за Мною, у адроджаным [сьвеце], калі Сын Чалавечы сядзе на пасадзе славы Сваёй, сядзеце на дванаццаці пасадах судзіць дванаццаць каленаў Ізраіля.29І кожны, хто пакінуў дамы, або братоў, або сёстраў, або бацьку, або маці, або жонку, або дзяцей, або палі дзеля імя Майго, атрымае ў стакроць больш і ўспадкаеміць жыцьцё вечнае.30Многія ж першыя будуць апошнімі, і апошнія — першымі.