МАЦЬВЕЯ10bel_jfc

1І, паклікаўшы дванаццаць вучняў Сваіх, Ён даў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганяць іх і аздараўляць усякую хваробу і ўсякую немач.2А дванаццаці апосталаў імёны такія: першы — Сымон, называны Пятром, і Андрэй, брат ягоны, Якуб Заўдыяў і Ян, брат ягоны,3Філіп і Барталамей, Тамаш і Мацьвей мытнік, Якуб Алфеяў і Леўвей, якога звалі Тадэвушам,4Сымон Кананіт і Юда Іскарыёт, які і выдаў Яго.5Гэтых дванаццаць паслаў Ісус і загадаў ім, кажучы: «На шлях паганаў не ўзыходзьце і ў горад Самаранскі не ўваходзьце,6а ідзіце больш да авечак з дому Ізраіля, якія загінулі.7Ідучы ж, абвяшчайце, кажучы, што наблізілася Валадарства Нябеснае.8Нядужых аздараўляйце, пракажоных ачышчайце, мёртвых уваскрашайце, дэманаў выганяйце. Дарма атрымалі, дарма давайце.9Не бярыце з сабою ані золата, ані срэбра, ані медзі ў паясы вашыя,10ані торбы ў дарогу, ані дзьвюх вопратак, ані сандалаў, ані кія. Бо работнік варты ежы сваёй.11А ў які горад ці мястэчка ўвойдзеце, даведайцеся, хто ў ім дастойны, і там заставайцеся, пакуль ня выйдзеце.12А, уваходзячы ў дом, вітайце яго.13І, калі дом будзе сапраўды варты [гэтага], супакой ваш прыйдзе на яго; а калі ня будзе варты, супакой ваш да вас вернецца.14І калі хто ня прыйме вас і ня будзе слухаць словаў вашых, то, выходзячы з дому ці з гораду таго, абтрасіце пыл з ног вашых.15Сапраўды кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садома і Гаморы ў дзень суду, чым гораду таму.16Вось, Я пасылаю вас, як авечак сярод ваўкоў; дык будзьце мудрыя, як зьмеі, і шчырыя, як галубы.17Сьцеражыцеся людзей, бо яны будуць выдаваць вас у сынэдрыёны і ў сынагогах сваіх будуць бічаваць вас.18І павядуць вас да ваяводаў і валадароў дзеля Мяне на сьведчаньне ім і паганам.19Калі ж будуць выдаваць вас, не клапаціцеся пра тое, як ці што вам гаварыць, бо вам у тую гадзіну будзе дадзена, што гаварыць.20Бо ня вы будзеце гаварыць, але Дух Айца вашага будзе гаварыць у вас.21Выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька — сына, і паўстануць дзеці на бацькоў, і пазабіваюць іх;22і будуць вас ненавідзець за імя Маё, але хто вытрывае да канца, будзе збаўлены.23Калі ж будуць перасьледаваць вас у адным горадзе, уцякайце ў другі, бо сапраўды кажу вам: вы не абыйдзеце ўсіх гарадоў Ізраіля, як прыйдзе Сын Чалавечы.24Вучань не вышэйшы за настаўніка свайго, і слуга не вышэйшы за гаспадара свайго.25Досыць для вучня, каб ён стаўся як настаўнік ягоны, і для слугі, каб ён стаўся як гаспадар ягоны. Калі гаспадара дому назвалі Бэльзэбулам, тым больш хатніх яго.26Дык ня бойцеся іх, бо няма нічога прыкрытага, каб не адкрылася, ані тайнага, каб ня сталася вядомым.27Што кажу вам у цемры, кажыце пры сьвятле; і што чуеце на вуха, абвяшчайце з дахаў.28І ня бойцеся тых, што забіваюць цела, а душы забіць ня могуць; а бойцеся больш Таго, Хто можа і душу, і цела загубіць у гееньне.29Ці ж ня два вераб’і продаюцца за асар? І ніводзін з іх не ўпадзе на зямлю бяз волі Айца вашага.30А ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны.31Дык ня бойцеся, вы лепшыя за многіх вераб’ёў.32Дык кожнага, хто Мяне прызнае перад людзьмі, таго і Я прызнаю перад Айцом Маім, Які ў небе.33А хто адрачэцца Мяне перад людзьмі, таго і Я адракуся перад Айцом Маім, Які ў небе.34Ня думайце, што Я прыйшоў прынесьці супакой на зямлю; не супакой прыйшоў Я прынесьці, але меч.35Бо Я прыйшоў разлучыць чалавека з бацькам яго, і дачку — з маці яе, і нявестку — са сьвякрухай яе.36І ворагі чалавеку хатнія яго.37Хто любіць бацьку ці маці больш за Мяне, ня варты Мяне; і хто любіць сына ці дачку больш за Мяне, ня варты Мяне.38І хто не бярэ крыжа свайго і ідзе за Мною, той ня варты Мяне.39Хто знойдзе душу сваю, загубіць яе; а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне, знойдзе яе.40Хто прыймае вас, прыймае Мяне, а хто прыймае Мяне, прыймае Таго, Хто паслаў Мяне.41Хто прыймае прарока ў імя прарока, атрымае нагароду прарока; і хто прыймае праведніка ў імя праведніка, атрымае нагароду праведніка.42І калі хто напоіць аднаго з малых гэтых толькі кубкам халоднай вады ў імя вучня, сапраўды кажу вам, ня страціць нагароды сваёй».