ЛУКІ20bel_njo

1І сталася, калі ў адзін з тых дзён Ён навучаў народ у сьвятыні і дабравесьціў, прыйшлі першасьвятары і кніжнікі са старшынямі2і сказалі Яму, кажучы: «Скажы нам, якою ўладаю Ты гэтае робіш, ці хто даў Табе ўладу гэтую?»3Адказваючы, Ён сказаў ім: «Спытаюся і Я ў вас адно слова, і скажыце Мне:4Хрышчэньне Янава з неба было ці ад людзей?»5Яны ж разважалі між сабою, кажучы: «Калі скажам: “З неба”, Ён скажа: “Чаму тады вы не паверылі яму?”6А калі скажам: “Ад людзей”, увесь народ паб’е нас камянямі, бо ён упэўнены, што Ян — гэта прарок».7І адказалі: «Ня ведаем адкуль».8І сказаў ім Ісус: «Тады Я не скажу вам, якою ўладаю гэтае раблю».9Пачаў жа Ён гаварыць да народу гэткую прыповесьць: «Адзін чалавек пасадзіў вінаграднік, і здаў яго вінаградарам, і выехаў на доўгі час.10І ў свой час паслаў да вінаградараў слугу, каб яны далі яму пладоў з вінаградніку, але вінаградары, зьбіўшы яго, адаслалі ні з чым.11Яшчэ паслаў іншага слугу; але яны і гэтага, зьбіўшы і зьняважыўшы, адаслалі ні з чым.12Яшчэ паслаў трэцяга; але яны і таго, зраніўшы, выгналі.13І сказаў гаспадар вінаградніку: “Што мне рабіць? Пашлю сына майго ўлюбёнага. Можа, убачыўшы яго, пасаромеюцца”.14Убачыўшы ж яго, вінаградары разважалі між сабою, кажучы: “Гэта спадкаемца; пойдзем, заб’ем яго, каб нашаю сталася спадчына”.15І, выгнаўшы яго вон з вінаградніку, забілі. Дык што зробіць з імі гаспадар вінаградніку?16Прыйдзе і выгубіць вінаградараў гэтых, і аддасьць вінаграднік другім». Тыя, што чулі гэтае, сказалі: «Няхай ня станецца!»17А Ён, глянуўшы на іх, сказаў: «Што тады значыць тое, што напісана: “Камень, які адкінулі будаўнікі, стаўся галавой вугла”?18Усякі, хто ўпадзе на гэты камень, разаб’ецца, а на каго ён упадзе, таго раздушыць».19І шукалі ў гэтую гадзіну першасьвятары і кніжнікі, каб налажыць на Яго рукі, але баяліся народу, бо зразумелі, што пра іх сказаў Ён гэтую прыповесьць.20І, сочачы за Ім, паслалі шпегаў, якія ўдавалі сябе за праведнікаў, каб яны падлавілі Яго на слове, каб выдаць Яго начальству і ўладзе ваяводы.21І тыя спыталіся ў Яго, кажучы: «Настаўнік! Мы ведаем, што Ты слушна гаворыш і навучаеш, і не глядзіш на аблічча, але паводле праўды шляху Божага навучаеш.22Ці належыцца плаціць падатак цэзару, ці не?»23А Ён, бачачы подступ іхні, сказаў ім: «Чаму вы Мяне спакушаеце?24Пакажыце Мне дынар. Чый на ім вобраз і надпіс?» Яны, адказваючы, сказалі: «Цэзараў».25Ён жа сказаў ім: «Дык аддавайце тое, што цэзарава, цэзару, а што Божае, — Богу».26І не маглі падлавіць Яго на слове перад народам, і, зьдзівіўшыся адказу Ягонаму, замоўклі.27Прыйшоўшы ж, некаторыя з садукеяў, якія пярэчаць, што ёсьць уваскрасеньне, спыталіся ў Яго,28кажучы: «Настаўнік! Майсей напісаў нам: “Калі памрэ нечый брат, які меў жонку, і памрэ бязьдзетным, дык брат ягоны мае ўзяць жонку ягоную і аднавіць насеньне брату свайму”.29Было сем братоў; і першы, узяўшы жонку, памёр бязьдзетным.30І ўзяў другі тую жанчыну, і той памёр бязьдзетным.31І трэці ўзяў яе, і таксама ўсе сем, і не пакінулі дзяцей, і памерлі.32Пасьля ўсіх памерла і жанчына.33Дык пры ўваскрасеньні каторага з іх будзе яна жонкаю? Бо сямёра мелі яе за жонку».34І адказваючы, сказаў ім Ісус: «Сыны веку гэтага жэняцца і выходзяць замуж;35а тыя, якія вартыя дасягнуць таго веку і ўваскрасеньня з мёртвых, ня жэняцца і замуж не выходзяць,36бо памерці ўжо ня могуць, бо яны роўныя анёлам і сыны Божыя, калі сталіся сынамі ўваскрасеньня.37А што мёртвыя ўваскрэснуць, і Майсей паказаў ля глогу, калі назваў Госпада Богам Абрагама, і Богам Ісаака, і Богам Якуба.38Ён ня ёсьць Бог мёртвых, але жывых: бо ў Яго ўсе жывыя».39Адказваючы, некаторыя з кніжнікаў сказалі: «Настаўнік! Ты добра сказаў».40І ўжо не адважваліся ні пра што пытацца ў Яго. Ён жа сказаў ім:41«Чаму кажуць, што Хрыстос ёсьць Сын Давіда?42А сам Давід кажа ў кнізе псальмаў: “Сказаў Госпад Госпаду майму: Сядзь праваруч Мяне,43пакуль пакладу ворагаў Тваіх як падножжа ног Тваіх”.44Дык Давід называе Яго Госпадам, і як жа Ён — сын ягоны?»45І калі ўвесь народ слухаў, Ён сказаў вучням Сваім:46«Сьцеражыцеся кніжнікаў, якія хочуць хадзіць у доўгіх шатах, і любяць вітаньні на рынках, і першыя месцы ў сынагогах і ўзьлягаць на першых месцах на вячэрах,47якія аб’ядаюць дамы ўдоваў і дзеля віду доўга моляцца. Яны атрымаюць цяжэйшы прысуд».