ЛЯВІТ25bel_jfc
1І прамовіў ГОСПАД да Майсея на гары Сынай, кажучы:2«Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы ім: “Калі вы ўвойдзеце ў зямлю, якую Я дам вам, зямля таксама павінна супачываць у супачынкі ГОСПАДА.3Шэсьць гадоў будзеш засяваць поле сваё і шэсьць гадоў будзеш абразаць вінаграднік свой і зьбіраць з іх плады,4але ў сёмы год няхай будзе супачынак супачынкаў, для зямлі будзе супачынак ГОСПАДА. Ня будзеш засяваць поля твайго і падразаць вінаграднік твой.5Таго, што само вырасьце на пожні тваёй, ня будзеш жаць, і ня будзеш зьбіраць вінаграду неабрэзанага. Гэта будзе год супачынку для зямлі.6[Што само вырасьце] падчас супачынку зямлі, будзе вам на ежу, табе, слузе твайму, служцы тваёй, парабку твайму і пасяленцу твайму, які жыве ў цябе,7і жывёле тваёй, і зьвярам, якія жывуць на зямлі тваёй, увесь ураджай будзе на ежу.8І палічыш сем гадоў суботніх, сем разоў па сем гадоў, і будзе дзён сямі гадоў суботніх сорак дзевяць гадоў.9У дзясяты дзень сёмага месяца затрубіш у рог, у Дзень Перамольваньня няхай разыйдзецца [гук] рогу па ўсёй зямлі вашай.10І будзеце сьвяціць пяцідзясяты год, і абвесьціце свабоду на зямлі ўсім жыхарам ейным. Гэта будзе для вас юбілей. Кожны з вас вернецца да уласнасьці сваёй, і кожны вернецца ў сям’ю сваю.11Гэты пяцідзясяты год будзе для вас годам юбілейным; ня будзеце сеяць, ня будзеце жаць таго, што вырасьце, і ня будзеце зьбіраць неабрэзанага вінаграду,12бо гэта будзе для вас юбілей, гэта будзе для вас сьвяты час. Будзеце есьці тое, што вырасьце на полі.13У гэты год юбілейны кожны з вас вернецца да ўласнасьці сваёй.14Калі што будзеш прадаваць бліжняму свайму або купляць з рукі бліжняга свайго, ня крыўдзіце адзін аднаго.15Паводле ліку гадоў пасьля юбілею ты павінен купляць у бліжняга свайго, і паводле ліку гадоў ураджаю ён павінен прадаваць табе.16Чым больш гадоў застаецца да юбілею, тым большую цану заплаціш; а чым менш гадоў застаецца, тым меншую цану заплаціш, бо колькасьць ураджаяў ён прадае табе.17Ня крыўдзіце адзін аднаго, але бойцеся Бога свайго, бо Я — ГОСПАД, Бог ваш!18Выконвайце пастановы Мае і прысуды Мае захоўвайце і выконвайце іх, і будзеце жыць на зямлі гэтай у бясьпецы.19І будзе зямля даваць плод свой, і вы будзеце есьці ўдосталь, і будзеце жыць на зямлі ў бясьпецы.20А калі скажаце: “Што мы будзем есьці ў сёмым годзе, калі ня будзем ані сеяць, ані зьбіраць ураджаю нашага?”21Я спашлю на вас дабраславенства ў шостым годзе, і хопіць вам ураджаю на тры гады.22У восьмым годзе будзеце сеяць і будзеце есьці са старога ўраджаю аж да дзявятага году, аж да новага ўраджаю будзеце есьці даўнія [плады].23Зямлю ня будзеце прадаваць назаўсёды, бо Мая зямля, а вы — прыхадні і пасяленцы ў Мяне.24Таму ўся зямля, якая ў валоданьні вашым, будзе прадавацца вамі пад умовай выкупу.25Калі зьбяднее брат твой і прадасьць частку маёмасьці сваёй, няхай прыйдзе адкупіцель, сваяк ягоны, і выкупіць маёмасьць, прададзеную братам ягоным.26Калі ж хто ня мае адкупіцеля, але рука ягоная знойдзе належныя сродкі на выкуп,27няхай падлічыць ён гады ад часу продажу і зьверне рэшту таму, каму прадаў [зямлю], і вернецца да маёмасьці сваёй.28Калі не здабудзе рука ягоная належных сродкаў на выкуп, маёмасьць застанецца ў валоданьні таго, хто купіў, аж да юбілейнага году. А ў юбілейны год яна выйдзе ад яго, і вернецца [ранейшы ўладальнік] да маёмасьці сваёй.29Калі хто прадасьць дом жылы ў горадзе, [які акружаны] мурам, той будзе [мець права] выкупу аж да канца году продажу; столькі дзён будзе [права] выкупу.30Калі дом ня выкупяць на працягу году, дом у горадзе, акружаным мурам, застанецца назаўсёды ўласнасьцю таго, хто купіў, і нашчадкаў яго. Ня выйдзе [з рук іхніх] у юбілейны год.31А дамы ў вёсках, якія не акружаныя мурам, будуць лічыцца на роўні з зямлёю; будуць яны падлягаць выкупу, а ў юбілейным годзе выйдуць з валоданьня таго, хто купіў.32Што да гарадоў лявітаў і дамоў у гарадах, якія яны маюць на ўласнасьць, дык лявіты заўсёды могуць выкупіць [дамы свае].33Калі хто купіць у лявітаў дом у горадзе, маёмасьць гэтая выйдзе з рук ягоных у юбілейным годзе, бо дамы лявітаў — гэта маёмасьць іхняя сярод сыноў Ізраіля.34Таксама палёў вакол гарадоў іхніх нельга прадаваць, бо гэта іх маёмасьць вечная.35Калі брат твой зьбяднее і аслабее рука ягоная, ты падтрымай яго, каб ён мог жыць з табою як прыхадзень або пасяленец.36Не бяры ад яго ані адсоткаў, ані ліхвы. Бойся Бога твайго, каб брат твой мог жыць у цябе.37Не давай яму грошы твае на адсоткі і не вымагай ад яго ліхвы за ежу тваю.38Я — ГОСПАД, Бог ваш, Які вывеў вас з зямлі Эгіпецкай, каб даць вам зямлю Ханаан і каб быць вашым Богам!39Калі брат твой з убогасьці змушаны будзе прадацца табе, не прыціскай яго працаю нявольнічай,40але будзеш з ім абыходзіцца як з парабкам і пасяленцам. Будзе ён табе служыць да юбілейнага году,41а тады выйдзе ён, і сыны ягоныя з ім і вернецца да сям'і сваёй, і вернецца ў валоданьне бацькоў сваіх.42Бо яны — нявольнікі Мае, якіх Я вывеў з зямлі Эгіпецкай; не павінны яны быць прадаваныя як нявольнікі.43Ня будзеш уціскаць іх сурова, але будзеш баяцца Бога твайго.44Нявольнік твой або нявольніца твая няхай будуць купленыя ў народаў, якія вакол цябе, у іх купляй нявольніка і нявольніцу.45Таксама купляйце дзяцей пасяленцаў, якія пасяліліся ў вас, і з сем’яў іхніх, якія жывуць у вас, і якія нарадзіліся ў зямлі вашай. Яны будуць уласнасьцю вашай,46і як спадчыну перадавайце іх сынам вашым, і мейце іх назаўсёды як нявольнікаў. Але над братамі сваімі, сынамі Ізраіля, не пануйце сурова.47Калі прыхадзень або пасяленец твой разбагацее, а брат твой зьбяднее і прадасьць сябе прыхадню, які пасяліўся ў цябе, або нашчадку сям’і прыхадня,48пасьля продажу можа ён быць выкуплены. Няхай адзін з братоў ягоных выкупіць яго.49Або дзядзька ягоны, або сын дзядзькі, або нехта са сваякоў з сям'і ягонай няхай выкупіць яго. Або калі знойдзе [сілу] рука ягоная, няхай выкупіць сам сябе.50І ён разьлічыцца з тым, хто купіў яго, пачынаючы з таго году, калі ён прадаў сябе, да юбілейнага году, і грошы, за якія ён прадаў сябе, належыць аддаць яму паводле ліку гадоў; як дні найміта, колькі ён павінен быць у яго.51Калі да юбілейнага году застаецца шмат гадоў, адпаведна ліку іх няхай верне ён срэбра як выкуп свой.52А калі застаецца мала гадоў да юбілейнага году, ён палічыць іх і, адпаведна ліку тых гадоў, заплаціць выкуп свой.53Ён будзе ў [прыхадня] як найміт, з году на год. Няхай ён не ўціскае яго строга на вачах тваіх.54Калі ж такім чынам выкупіцца ня зможа, у юбілейным годзе выйдзе [вольны] ён і сыны ягоныя з ім.55Бо сыны Ізраіля — гэта нявольнікі Мае, якіх Я вывеў з зямлі Эгіпецкай. Я — ГОСПАД, Бог ваш!
No translations available.