ЕГОШУА14bel_jfc
1А вось гэта атрымалі ў спадчыну сыны Ізраіля ў зямлі Ханаан, якую падзялілі Элеазар сьвятар і Егошуа, сына Нуна, і галовы дамоў пакаленьняў Ізраіля.2Спадчына іхняя была падзелена жэрабям, як загадаў ГОСПАД праз Майсея, дзевяці пакаленьням і палове пакаленьня Манасы.3Бо двум пакаленьням і палове пакаленьня Манасы даў Майсей спадчыну на тым баку Ярдану, а лявітам ня даў спадчыны між іх,4бо ад сыноў Язэпа выйшлі два пакаленьні: Манасы і Эфраіма, а лявітам ня дадзена на ўласнасьць зямлі, а толькі гарады на жыцьцё і пашы пры гарадах для статкаў іхніх і маёмасьці іхняй.5Як загадаў ГОСПАД Майсею, так і зрабілі сыны Ізраіля, і так падзялілі зямлю.6І прыйшлі сыны Юды да Егошуа ў Гільгале, і сказаў Халеў, сын Ефунны, Кенэзей: «Ты ведаеш слова, якое прамовіў ГОСПАД да Майсея, чалавека Божага, пра мяне і пра цябе ў Кадэш-Барнэа.7Сорак гадоў я меў, калі Майсей, слуга ГОСПАДА, паслаў мяне з Кадэш-Барнэа выведаць зямлю. І я прынёс яму слова, якое [было] ў сэрцы маім.8А браты мае, якія хадзілі разам са мною, напалохалі сэрцы народу, але я пайшоў за ГОСПАДАМ, Богам маім.9У той дзень Майсей прысягнуў, кажучы: “Зямля, на якую ступіла нага твая, будзе спадчынай тваёй і сыноў тваіх на вякі, бо ты пайшоў за ГОСПАДАМ, Богам маім”.10І вось, захаваў мяне ГОСПАД пры жыцьці, як абяцаў. Ужо сорак пяць гадоў мінула, як ГОСПАД прамовіў словы гэтыя да Майсея, калі яшчэ Ізраіль вандраваў праз пустыню. Цяпер я маю восемдзясят пяць гадоў,11але яшчэ сёньня я дужы як у дзень, калі пасылаў мяне Майсей; колькі ў мяне тады было сілы, столькі і цяпер маю для таго, каб ваяваць і каб выходзіць і вяртацца.12Таму дай ты мне гару гэтую, якую абяцаў мне ГОСПАД у той дзень. Ты сам чуў у той дзень, што там [сыны] Анака і гарады вялікія і ўмацаваныя. Калі ГОСПАД са мною, я здабуду іх, як ГОСПАД прамовіў».13І дабраславіў Егошуа Халева, сына Ефунны, і даў яму ў спадчыну Хеўрон.14Дзеля гэтага Хеўрон як спадчына належыць Халеву, сыну Ефунны, Кенэзею, аж па сёньняшні дзень, бо ён пайшоў за ГОСПАДАМ, Богам Ізраіля.15Хеўрон раней называўся Кірыят-Арба, бо [Арба] быў найвялікшым чалавекам сярод [сыноў] Анака. І зямля жыла ў супакоі ад войнаў.