ЁЭЛЬ2bel_jfc
1Трубіце ў рог на Сыёне, усклікайце на гары Маёй сьвятой! Дрыжыце, усе жыхары зямлі, бо ідзе дзень ГОСПАДА, бо ён блізка,2дзень цемры і змроку, дзень хмары і імглы. Як зараніца рухаецца па гарах, [так] народ шматлікі і дужы. Падобнага да яго не было спрадвеку і пасьля яго ня будзе аж да гадоў пакаленьня і пакаленьня.3Перад абліччам ягоным агонь жарэ, а за ім полымя спальвае; як сад Эдэм зямля перад ім, а за ім — спустошаная пустыня, і ніхто не ўцячэ ад яго.4Выгляд іхні — нібы выгляд коней, і, як вершнікі, так яны бягуць.5Як грукат калясьніцаў на вяршынях гор, яны імчаць, як трэскат полымя агню, які жарэ салому, як народ дужы шыхтуецца да бітвы.6Ад аблічча ягонага дрыжаць народы, усе твары зьбялелі.7Як волаты яны бягуць, як ваяры ўзыходзяць на муры, і кожны ідзе па шляху сваім, і ня збочвае са сьцежкі сваёй.8Адзін аднаго ня пхае, кожны ідзе дарогаю сваёй, яны падаюць на дзіды і ня гінуць.9У горад урываюцца, на муры ўзыходзяць, у дамы ўваходзяць, праз вокны ўлазяць як злодзей.10Перад абліччам Ягоным трасецца зямля, дрыжыць неба, сонца і месяц цямнеюць, і зоркі губляюць бляск свой.11І ГОСПАД дае голас Свой перад абліччам войска Свайго, бо вельмі вялікі табар Ягоны, бо магутны той, хто выконвае слова Ягонае, бо вялікі дзень ГОСПАДА і вельмі страшны, і хто можа вытрымаць яго?12І нават цяпер, кажа ГОСПАД, навярніцеся да Мяне ўсім сэрцам сваім у посьце, з плачам і галашэньнем.13І разьдзірайце сэрца вашае, а не адзеньні вашыя, і навярніцеся да ГОСПАДА, Бога вашага, бо Ён ласкавы і спагадлівы, павольны да гневу і вельмі міласэрны, і шкадуе ў нядолі.14Хто ведае, ці Ён не павернецца [да вас], і не пашкадуе, і не пакіне дабраславенства ахвяры хлебнай і ахвяры вадкай для ГОСПАДА, Бога вашага?15Трубіце ў рог на Сыёне, прызначце пост, склічце ўрачысты сход,16зьбярыце народ, прызначце [збор] царквы, склічце старых, зьбярыце дзяцей і немаўлят; няхай выйдзе жаніх з пакою свайго і нявеста з-пад намёту свайго.17Паміж прысенкамі і ахвярнікам няхай плачуць сьвятары, служыцелі Божыя, і няхай кажуць: «Пашкадуй, ГОСПАДЗЕ, народ Твой, і ня дай спадчыны Тваёй на ганьбаваньне, каб народы ня мелі ўлады над ёю. Навошта маюць казаць між народамі: “Дзе Бог іхні?”»18І запалае ГОСПАД рэўнасьцю пра зямлю Сваю, і зьлітуецца над народам Сваім.19І адказаў ГОСПАД, і сказаў народу Свайму: «Вось, Я пашлю вам збожжа і маладое віно, і алей, і вы насыціцеся імі, і не аддам вас больш на ганьбаваньне між народамі.20І [ворага] з поўначы аддалю ад вас, і выганю яго ў зямлю сухую і спустошаную, пярэднюю [дружыну] ягоную — у мора ўсходняе, а заднюю [дружыну] — у мора заходняе; і ўзьнімецца ад яго смурод, і пойдзе ад яго пах гнілізны, бо ён учыніў [ліха] вялікае.21Ня бойся, зямля, весяліся і радуйся, бо ГОСПАД зробіць вялікае.22Ня бойцеся, жывёлы палявыя, бо зазелянеюць пашы ў пустыні, бо дрэвы дадуць плады свае, дрэва фігавае і вінаград дадуць сілу сваю.23А вы, сыны Сыёну, весяліцеся і радуйцеся ў ГОСПАДЗЕ, Богу вашым, бо Ён дасьць вам дождж раньні паводле праведнасьці [Сваёй], і выльле на вас дождж, дождж раньні і дождж позьні, як [было] раней.24І напоўняцца такі збожжам, і перапоўняцца тоўчні маладым віном і алеем.25І Я аднагароджу вам за тыя гады, у якія [ўсё] паелі саранча, хрушчы, чэрві і вусені — войска Маё вялікае, якое Я паслаў супраць вас.26І будзеце есьці, ядучы, і насыціцеся, і будзеце хваліць імя ГОСПАДА, Бога вашага, Які робіць для вас цудоўныя рэчы, і [больш] ня будзе асаромлены народ Мой на вякі.27І даведаецеся, што Я ёсьць сярод Ізраіля, і Я — ГОСПАД, Бог ваш, і няма іншага, і [больш] ня будзе асаромлены народ Мой на вякі.28І станецца пасьля гэтага, Я выльлю Духа Майго на кожнае цела, і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі вашыя, старыя вашыя будуць сьніць сны, юнакі вашыя будуць бачыць відзежы.29І таксама на слугаў і на служак выльлю ў тыя дні Духа Майго,30і дам цуды ў небе і на зямлі, кроў і агонь, і слупы дыму.31Сонца пераменіцца ў цемру, а месяц — у кроў, перад тым, калі прыйдзе дзень ГОСПАДА, вялікі і страшны.32І станецца, кожны, хто будзе клікаць імя ГОСПАДА, будзе выбаўлены, бо на гары Сыён і ў Ерусаліме будзе выбаўленьне, як сказаў ГОСПАД, і сярод тых, якія засталіся, якіх ГОСПАД пакліча.