ЁЎ28bel_jfc

1Сапраўды, срэбра мае пачаткі жылаў, і ёсьць месца для золата, дзе яго ачышчаюць.2Жалеза здабываецца з парахна, і з каменя топіцца медзь.3[Чалавек] паставіў мяжу цемры, і дасьледуе ўсё да краю, і [шукае] камяні ў цемры і ценю сьмерці.4Капаюць капальні там, дзе не хадзілі ногі, зыходзяць у глыбіню, вісяць і хістаюцца далёка ад людзей.5Зямля, з якой хлеб вырастае, у глыбіні перавернута, як агнём.6Камяні ейныя — месца шафіра, і пясок золата ў ёй.7Драпежная птушка ня ведае сьцежкі [туды], і ня бачыць яе вока арла.8Не тапталі яе сыны пыхлівасьці, і не праходзіў па ёй леў.9Выцягвае [чалавек] руку сваю на крэмень, і пераварочвае горы да падножжа.10У скалах высякае каналы, і ўсё каштоўнае бачыць вока ягонае.11І спыняе ён цячэньне рэк, і скарбы выдабывае на сьвятло.12Але дзе знаходзіцца мудрасьць, і дзе месца розуму?13Чалавек ня ведае туды дарогі і не знаходзіць яе на зямлі жывых.14Бездань кажа: “Няма яе ў-ва мне”, і мора кажа: “Няма яе ў-ва мне”.15Не даецца яна за золата і не здабываецца яна за вагу срэбра.16Ня плаціцца за яе ані золатам Афіру, ані каштоўным оніксам або шафірам.17Не раўняецца да яе золата і шкло, не замяніць яе на посуд залаты.18Каралі і крышталь ня ўзгад­ваюцца [пры ёй]; цана мудрасьці — большая за пэрлы.19Ня варты яе тапаз з Кушу, і золатам чыстым не ацэніш яе.20Адкуль паходзіць мудрасьць, і дзе месца розуму?21Схаваная яна ад вачэй усіх жывых, птушкам нябесным невядомая.22Абадон і сьмерць кажуць: “Вушамі нашымі мы чулі пра славу яе”.23Бог разумее шлях яе, і Ён ведае месца ейнае.24Бо Ён разглядае краі зямлі, і бачыць усё, што пад небам.25Калі даваў Ён сілу ветру і ўсталёўваў водам берагі,26калі даваў закон дажджам, і шлях грымоту і маланцы,27тады бачыў Ён яе, і выявіў, і ўмацаваў яе, і дасьледаваў яе.28І сказаў Ён чалавеку: “Страх перад Госпадам — гэта мудрасьць; а пазьбягаць зла — розум”».