ЁЎ18bel_jfc
1І адказаў Більдад з Шуаху, і сказаў:2«Калі пакінеце вы кідаць прамовы? Перш зразумейце, а потым будзем гаварыць.3Чаму ты нас лічыш за жывёлу, і мы нячыстыя ў вачах тваіх?4Што ты губіш душу тваю ў гневе тваім? Ці ж дзеля цябе апусьцее зямля, і з месца свайго зварухнецца скала?5Бо сьвятло бязбожніка патухне, і не застанецца зьнічкі ад агню ягонага.6Пацямнее сьвятло ў намёце ягоным, і сьветач, які ў ім, патухне.7Звузяцца крокі моцы ягонай, намер ягоны здрадзіць яго.8Ублуталіся ў сетку ногі ягоныя, і ходзіць ён паміж пастак.9Пятля зловіць нагу ягоную, і пастка сашчэпіцца над ім.10Схаваны на зямлі пасткі для яго, і сіло чакае яго на дарозе.11Палохаюць яго жахі і аблутваюць ногі ягоныя.12Зьнікае ад голаду дужасьць ягоная, і загуба падрыхтаваная рэбрам ягоным.13Хвароба зьесьць скуру ягоную, і зжарэ часткі цела ягонага першародны сьмерці.14Зьнікне надзея ягоная з намёту яго, і пагоняць яго да валадара жахаў.15Будзе ён жыць у намёце, але не ў сваім, і жытло ягонае будзе пасыпана серкаю.16Зьнізу падсечаны карані ягоныя, а зьверху вянуць галінкі ягоныя.17Памяць пра яго зьнікне з зямлі, і ня будзе слаўлена імя ягонае на плошчах.18Прагоняць яго са сьвятла ў цемру, і ўвесь сьвет будзе гнаць яго.19Ня будзе ані сына, ані ўнука ў народзе ягоным, і нікога не застанецца ў месцы вандраваньня ягонага.20У дзень ягоны аслупянеюць нашчадкі, і сучаснікаў ахопіць жудасьць.21Такое вось жытло грэшніка, і такое месца таго, хто ня ведае Бога».