ЯНА5bel_jfc
1Пасьля гэтага было сьвята юдэйскае, і ўзыйшоў Ісус у Ерусалім.2Ёсьць жа ў Ерусаліме каля Авечае брамы сажалка, якая завецца па-гебрайску Бэтэзда і якая мае пяць прысенкаў.3У іх ляжала вялікае мноства нядужых, сьляпых, кульгавых, ссохшых, якія чакалі руху вады;4бо анёл Госпадаў у пэўны час зыходзіў у сажалку і каламуціў ваду; і хто першы ўваходзіў у яе пасьля ўскаламучаньня вады, той ставаўся здаровым, на што б ні хварэў.5І быў тут нейкі чалавек, які меў нядужасьць трыццаць восем гадоў.6Ісус убачыў яго, што ён ляжаў, і, даведаўшыся, што ён ляжыць ужо доўгі час, кажа яму: «Ці хочаш стацца здаровым?»7Нядужы адказаў Яму: «Пане, я ня маю чалавека, які спусьціў бы мяне ў сажалку, калі ўскаламуціцца вада; калі ж сам прыходжу, другі ўжо зыходзіць раней за мяне».8Кажа яму Ісус: «Устань, вазьмі ложак твой і хадзі».9І адразу стаўся здаровым той чалавек, і ўзяў ложак свой, і пайшоў. Была ж субота ў той дзень.10Дзеля гэтага Юдэі казалі аздароўленаму: «Сёньня субота, ня можна табе браць ложак».11Ён адказаў ім: «Той, Які мяне зрабіў здаровым, Ён мне сказаў: “Вазьмі ложак твой і хадзі”».12Тады спыталіся ў яго: «Хто Той Чалавек, Які сказаў табе: “Вазьмі ложак твой і хадзі?”»13Аздароўлены ж ня ведаў, хто Ён, бо Ісус зьнік у натоўпе, які быў у тым месцы.14Пасьля гэтага Ісус знаходзіць яго ў сьвятыні і кажа яму: «Вось, ты стаўся здаровым, не грашы больш, каб ня сталася з табою нешта горшае».15Чалавек гэты пайшоў і абвясьціў Юдэям, што гэта Ісус аздаравіў яго.16І дзеля гэтага пачалі Юдэі перасьледаваць Ісуса, і шукалі, каб забіць Яго, бо Ён учыніў гэткае ў суботу.17Ісус жа адказваў ім: «Айцец Мой дагэтуль робіць, і Я раблю».18Дзеля гэтага Юдэі яшчэ больш шукалі, каб забіць Яго, бо Ён ня толькі парушаў суботу, але і Айцом Сваім называў Бога, робячы Сябе роўным Богу.19Тады адказваў Ісус і сказаў ім: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: Сын нічога ня можа рабіць Сам ад Сябе, калі ня бачыць Айца, Які робіць, бо што Ён робіць, тое і Сын робіць таксама.20Бо Айцец любіць Сына і паказвае Яму ўсё, што Сам робіць, і большыя за гэтыя пакажа Яму справы, ажно вы зьдзівіцеся.21Бо як Айцец уваскрашае мёртвых і ажыўляе, так і Сын ажыўляе, каго хоча.22Бо Айцец і ня судзіць нікога, але ўвесь суд аддаў Сыну,23каб усе шанавалі Сына, як шануюць Айца. Хто не шануе Сына, не шануе і Айца, Які паслаў Яго.24Сапраўды, сапраўды кажу вам: Хто слухае слова Маё і верыць у Таго, Хто паслаў Мяне, мае жыцьцё вечнае і на суд не ідзе, але перайшоў ад сьмерці ў жыцьцё.25Сапраўды, сапраўды кажу вам: Прыходзіць гадзіна, і яна ўжо прыйшла, калі мёртвыя пачуюць голас Сына Божага і, пачуўшы, ажывуць.26Бо як Айцец мае жыцьцё ў Сабе, так і Сыну даў жыцьцё мець у Сабе.27І даў Яму ўладу чыніць суд, бо Ён ёсьць Сын Чалавечы.28Не зьдзіўляйцеся гэтаму: бо прыходзіць гадзіна, калі ўсе, што ў магілах, пачуюць голас Ягоны,29і выйдуць тыя, што чынілі добрае, на ўваскрашэньне жыцьця, а тыя, што чынілі благое, — на ўваскрашэньне суду.30Я нічога не магу рабіць Сам ад Сябе. Як чую, так і суджу, і суд Мой праведны, бо Я не шукаю Маёй волі, але волі Айца, Які паслаў Мяне.31Калі Я сьведчу Сам пра Сябе, сьведчаньне Маё ня ёсьць праўдзівае.32Ёсьць Другі, Які сьведчыць пра Мяне, і Я ведаю, што праўдзівае тое сьведчаньне, якім Ён сьведчыць пра Мяне.33Вы пасылалі да Яна, і ён засьведчыў пра праўду.34Але Я не ад чалавека прыймаю сьведчаньне, але кажу гэта, каб вы былі збаўленыя.35Ён быў сьвечкай, якая гарэла і сьвяціла, а вы хацелі часіну радавацца пры сьвятле ягоным.36Я ж маю сьведчаньне, большае за Янава, бо справы, якія Айцец даў Мне скончыць, самыя гэтыя справы, якія Я раблю, сьведчаць пра Мяне, бо Айцец паслаў Мяне.37І Айцец, Які паслаў Мяне, Сам засьведчыў пра Мяне. Але вы ані голасу Яго ніколі ня чулі, ані аблічча Яго ня бачылі,38і ня маеце слова Ягонага, якое ў вас было б, бо ня верыце Таму, Каго Ён паслаў.39Дасьледуйце Пісаньні, бо вы думаеце праз іх мець жыцьцё вечнае, і яны сьведчаць пра Мяне.40Але вы ня хочаце прыйсьці да Мяне, каб мець жыцьцё.41Славы ад людзей не прыймаю,42але ведаю вас, што любові да Бога ня маеце ў сабе.43Я прыйшоў у імя Айца Майго, і вы не прыймаеце Мяне, а калі другі прыйдзе ў сваё імя, таго прыймеце.44Як вы можаце верыць, калі прыймаеце славу адзін ад аднаго, а славы, якая ад адзінага Бога, не шукаеце.45Ня думайце, што Я буду вінаваціць вас перад Айцом; ёсьць на вас абвінавальнік Майсей, на якога вы спадзеяцёся.46Бо, калі б вы верылі Майсею, то верылі б і Мне, бо ён пісаў пра Мяне.47Калі ж ягоным пісаньням ня верыце, як Маім словам паверыце?»