ЯНА21bel_jfc
1Пасьля гэтага ізноў зьявіўся Ісус вучням Сваім ля мора Тыбэрыядзкага. Зьявіўся Ён вось як:2былі разам Сымон Пётар і Тамаш, называны Блізьнюк, і Натанаэль з Каны Галілейскай, і сыны Заўдыя, і двое другіх з вучняў Ягоных.3Кажа ім Сымон Пётар: «Іду лавіць рыбу». Кажуць яму: «Пойдзем і мы з табою». Яны выйшлі і адразу ўвайшлі ў човен, і не злавілі ў тую ноч нічога.4Калі ўжо настала раніца, Ісус стаў на беразе, але вучні не пазналі, што гэта Ісус.5Кажа ім Ісус: «Дзеці! Ці маеце нейкі пасілак?» Яны адказалі Яму: «Не».6Ён жа сказаў ім: «Закіньце нерат на правы бок чаўна і зловіце». Тады яны закінулі, і ўжо не маглі яго выцягнуць дзеля мноства рыбы.7Тады той вучань, якога любіў Ісус, кажа Пятру: «Гэта Госпад». Сымон жа Пётар, пачуўшы, што гэта Госпад, падперазаўся кашуляю, бо быў голы, і кінуўся ў мора.8А іншыя вучні прыплылі ў чаўне, бо не былі далёка ад зямлі, локцяў каля двухсот, цягнучы нерат з рыбаю.9Калі ж выйшлі на зямлю, бачаць раскладзены агонь і рыбу, што ляжала на ім, і хлеб.10Кажа ім Ісус: «Прынясіце з тае рыбы, якую вы цяпер злавілі».11Сымон Пётар пайшоў і выцягнуў на зямлю нерат, поўны вялікіх рыбаў, якіх было сто пяцьдзясят тры, і пры гэткай колькасьці нерат не падраўся.12Кажа ім Ісус: «Ідзіце, абедайце». З вучняў жа ніхто не адважыўся даведвацца ў Яго: «Хто Ты?», бо ведалі, што гэта Госпад.13Прыходзіць тады Ісус, і бярэ хлеб, і дае ім; таксама і рыбу.14Гэта ўжо трэці раз зьявіўся Ісус вучням Сваім пасьля ўваскрасеньня з мёртвых.15Калі ж яны абедалі, Ісус кажа Сымону Пятру: «Сымон Ёнін, ці любіш ты Мяне больш, чым гэтыя?» Той кажа Яму: «Так, Госпадзе! Ты ведаеш, што я сябрую з Табою». Ён кажа яму: «Даглядай ягнятак Маіх».16Зноў кажа яму другі раз: «Сымон Ёнін, ці любіш ты Мяне?» Той кажа Яму: «Так, Госпадзе! Ты ведаеш, што я сябрую з Табою». Ён кажа яму: «Пасьві авечак Маіх».17Кажа яму трэці раз: «Сымон Ёнін, ці сябруеш ты са Мною?» Засмуціўся Пётар, што трэці раз спытаўся ў яго: «Ці сябруеш ты са Мною?», і сказаў Яму: «Госпадзе! Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я сябрую з Табою!» Кажа яму Ісус: «Даглядай авечак Маіх.18Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі ты быў малады, дык падпаясваўся сам і хадзіў, куды хацеў; а як састарэеш, выцягнеш рукі твае, і другі цябе падпаяша і павядзе, куды ня хочаш».19А гэта Ён сказаў, даючы знак, якою сьмерцю той праславіць Бога. І, сказаўшы гэтае, кажа яму: «Ідзі за Мною».20Павярнуўшыся, Пётар бачыць, што ідзе за ім вучань, якога любіў Ісус і які на вячэры ўзьлёг ля грудзей Ягоных, і сказаў: «Госпадзе! Хто той, які выдасьць Цябе?»21Убачыўшы яго, Пётар кажа Ісусу: «Госпадзе! А ён што?»22Кажа яму Ісус: «Калі Я хачу, каб ён застаўся, пакуль прыйду, што табе? Ты ідзі за Мною!»23Тады прайшло слова гэтае між братоў, што вучань той не памрэ. Але Ісус не сказаў яму, што ён не памрэ, але: «Калі Я хачу, каб ён застаўся, пакуль прыйду, што табе?»24Гэты вучань і сьведчыць пра гэтае, і напісаў гэта. І мы ведаем, што праўдзівае сьведчаньне ягонае.25Ёсьць таксама шмат іншага, што ўчыніў Ісус, але, каб напісаць гэта асобна, дык, я мяркую, і самому сьвету не зьмясьціць напісаных кнігаў. Амэн.