ЯНА1bel_njo

1На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова.2Яно было ў Бога спрадвеку.3Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не было з таго, што сталася.4У Ім жыцьцё было, і жыцьцё было сьвятлом для людзей.5І сьвятло ў цемры сьвеціць, і цемра не агарнула яго.6Быў чалавек, пасланы ад Бога; імя яго Ян.7Ён прыйшоў дзеля сьведчаньня, каб сьведчыў пра Сьвятло, каб усе мелі веру праз яго.8Ня быў ён сьвятлом, але каб сьведчыў пра Сьвятло.9Было Сьвятло праўдзівае, якое прасьвятляе ўсякага чалавека, што прыходзіць у сьвет.10Было Яно ў сьвеце, і сьвет праз Яго стаўся, і сьвет Яго не пазнаў.11Да сваіх прыйшло, і свае Яго не прынялі.12А тым, што прынялі Яго, дало Яно ім сілу дзецьмі Божымі стацца, тым, якія вераць у імя Яго,13тым, што не ад крыві, не ад жаданьня цела, не ад жаданьня мужа, але ад Бога нарадзіліся.14І Слова Целам сталася, і пасялілася між нас, поўнае ласкі і праўды, і мы бачылі славу Яго, славу, як Адзінароднага ў Айца.15Ян сьведчыць пра Яго і ўсклікае, кажучы: «Гэта Той, пра Якога я сказаў: “Той, Які пасьля мяне ідзе, наперадзе мяне стаў, бо раней за мяне быў”».16І ад поўнасьці Яго ўсе мы прынялі ласку на ласку.17Бо Закон быў дадзены праз Майсея, а ласка і праўда сталіся праз Ісуса Хрыста.18Бога ня бачыў ніхто ніколі; Адзінародны Сын, Які ва ўлоньні Айца, Той зьявіў.19І вось сьведчаньне Яна, калі Юдэі з Ерусаліму паслалі сьвятароў і лявітаў, каб спыталіся ў яго: «Хто ты?»20І ён прызнаў, і ня выракся, і прызнаў: «Я — не Хрыстос».21І спыталіся ў яго: «Дык што? Ты — Ільля?» І гаворыць: «Не». «Прарок?» І адказаў: «Не».22Дык сказалі яму: «Хто ж ты? Каб нам даць адказ тым, якія нас паслалі, што ты кажаш пра самога сябе?»23Ён сказаў: «Я — голас таго, хто кліча ў пустыні: Прастуйце шлях Госпаду, як сказаў прарок Ісая».24А пасланыя былі з фарысэяў.25І яны спыталіся ў яго, і сказалі яму: «Дык чаму ты хрысьціш, калі ты не Хрыстос, ані Ільля, ані прарок?»26Адказаў ім Ян, кажучы: «Я хрышчу вадой, але паўстаў сярод вас Той, Якога вы ня ведаеце;27гэта Той, Які ідзе за мною, але наперадзе мяне быў, Якому я ня варты разьвязаць рамень сандалаў Ягоных».28Сталася гэта ў Бэтабары, за Ярданам, дзе хрысьціў Ян.29На наступны дзень бачыць Ян Ісуса, Які ішоў да яго, і кажа: «Вось Ягня Божае, Які бярэ на Сябе грэх сьвету.30Гэта Той, пра Якога я сказаў: “Ідзе за мною Муж, Які наперадзе мяне стаў, бо раней за мяне быў”.31І я ня ведаў Яго; але дзеля таго, каб Ён быў зьяўлены Ізраілю, прыйшоў я, хрысьцячы вадою».32І засьведчыў Ян, кажучы: «Я бачыў Духа, Які зыходзіў з неба як голуб і застаўся на Ім.33І я ня ведаў Яго, але Той, Які паслаў мяне хрысьціць вадою, сказаў мне: “На Кім угледзіш Духа, Які зыходзіць і застаецца на Ім, Ён і ёсьць Той, Які хрысьціць Духам Сьвятым”.34І я ўбачыў і засьведчыў, што Ён і ёсьць Сын Божы».35На наступны дзень ізноў стаяў Ян і двое з вучняў ягоных.36І, угледзеўшы, што ідзе Ісус, ён гаворыць: «Вось, Ягня Божае!»37І пачулі двое вучняў ягоных, як казаў гэта, і пайшлі за Ісусам.38Ісус жа, павярнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць за Ім, кажа ім: «Што шукаеце?» Яны ж сказалі Яму: «Раббі, — што перакладаецца Настаўнік, — дзе жывеш?»39Гаворыць ім: «Прыйдзіце і ўбачыце». Яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і засталіся ў Яго той дзень. Было ж каля дзясятае гадзіны.40Адзін з двух, якія пачулі ад Яна і пайшлі за Ім, быў Андрэй, брат Сымона Пятра.41Ён першы знаходзіць брата свайго Сымона і кажа яму: «Мы знайшлі Мэсію, — што перакладаецца Хрыстос».42І ён прывёў яго да Ісуса. Ісус жа, глянуўшы на яго, сказаў: «Ты — Сымон, сын Ёны, ты будзеш называцца Кіфа, — што перакладаецца Камень».43На наступны дзень Ісус хацеў ісьці ў Галілею, і знаходзіць Філіпа, і кажа яму: «Ідзі за Мною».44Філіп жа быў з Бэтсаіды, з гораду Андрэя і Пятра.45Філіп знаходзіць Натанаэля і кажа яму: «Мы знайшлі Таго, пра Каго пісаў Майсей у Законе і Прарокі, — Ісуса, сына Язэпа, што з Назарэту».46І сказаў яму Натанаэль: «Ці ж можа быць што добрае з Назарэту?» Гаворыць яму Філіп: «Прыйдзі і паглядзі».47Ісус убачыў Натанаэля, які ішоў да Яго, і кажа пра яго: «Вось, сапраўды, Ізраільцянін, у якім няма подступу».48Натанаэль кажа Яму: «Адкуль Ты даведаўся пра мяне?» Адказаў Ісус і сказаў яму: «Раней, чым Філіп паклікаў цябе, калі ты быў пад дрэвам фігавым, Я бачыў цябе».49Адказаў Яму Натанаэль: «Раббі! Ты — Сын Божы! Ты — Валадар Ізраіля!»50Адказаў Ісус і сказаў яму: «Ты верыш, бо Я сказаў табе: Я бачыў цябе пад дрэвам фігавым? Угледзіш больш за гэтае».51І кажа яму: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: ад цяпер угледзіце неба адчыненае і анёлаў Божых, якія ўзыходзяць і зыходзяць да Сына Чалавечага».