ЯРЭМІЯ50bel_jfc

1Слова, якое прамовіў ГОСПАД пра Бабілон і пра зямлю Халдэйскую праз рукі Ярэміі прарока:2«Паведаміце сярод народаў і абвяшчайце, узьніміце сьцяг, абвяшчайце, не хавайце, кажыце: “Здабыты Бабілон! Асаромлены Бэль! Зламаны Мэрадах! Асаромлены балваны іхнія, паразьбіваныя ідалы іхнія!”3Бо ідзе супраць яго народ з поўначы. Ён пераменіць зямлю іхнюю ў пустэчу, і ніхто ня будзе жыць у ёй, ад чалавека да жывёлы, [усе] ўцякуць і адыйдуць [адтуль].4У тыя дні і ў той час, кажа ГОСПАД, прыйдуць сыны Ізраіля разам з сынамі Юды, ідучы і плачучы, і пойдуць, і будуць шукаць ГОСПАДА, Бога свайго.5Яны будуць пытацца пра шлях на Сыён, і [зьвернуць] абліччы свае да яго: “Хадземце, злучымся з ГОСПАДАМ запаветам вечным, якога не забудзем”.6Народ Мой як авечкі заблуканыя, пастыры іхнія завялі іх бадзяцца па гарах; ад гары да ўзгорку яны хадзілі, і забыліся пра месца адпачынку свайго.7Усе, якія знаходзілі іх, зьядалі іх, і прыгнятальнікі іхнія казалі: “Не вінававтыя мы, бо яны саграшылі супраць ГОСПАДА, Пашы праведнасьці і надзеі бацькоў іхніх, ГОСПАДА”.8Уцякайце з Бабілону, выходзьце з зямлі Халдэйскай, і будзьце як казлы перад авечкамі.9Бо вось, Я абуджу і прывяду на Бабілон грамаду народаў вялікіх з зямлі паўночнай; і яны пашыхтуюцца супраць яго і адтуль здабудуць яго. Стрэлы іхнія — як у спраўнага волата, не вяртаюцца дарэмна.10І станецца Халдэя здабычаю, і насыцяцца ўсе, хто пустошыць яе, кажа ГОСПАД.11Радуйцеся і цешцеся, рабаўнікі спадчыны Маёй! Бо вы скачаце, як цяляты па траве, і іржыцё, як жарэбчыкі.12Зьбянтэжылася маці вашая, асаромленая тая, якая вас нарадзіла. Вось, яна будзе апошняй з народаў, пустыняй, сухою [зямлёй] і стэпам.13Дзеля гневу ГОСПАДА ня будзе ніхто жыць на ёй, але ўся яна станецца пусткаю. Кожны, хто будзе праходзіць праз Бабілон, аслупянее і засьвішча дзеля ўсіх ранаў ягоных.14Пашыхтуйцеся супраць Бабілону навокал усе, якія нацягваеце лукі! Страляйце ў яго, не шкадуйце стрэлаў, бо ён саграшыў супраць ГОСПАДА.15Гаманіце супраць яго вакол яго, бо ён падняў руку сваю. Упалі слупы ягоныя, разбураны муры ягоныя, бо гэта помста ГОСПАДА. Адпомсьціце яму. Як ён рабіў, так зрабіце яму.16Зьнішчыце ў Бабілоне таго, хто сее, і таго, хто трымае серп у час жніва. Перад абліччам мяча забойчага кожны вернецца да народу свайго і кожны ўцячэ ў зямлю сваю.17Ізраіль — заблукалая авечка, ільвы пагналі яго. Першы еў яго валадар Асірыйскі, а апошні, Навухаданосар, валадар Бабілонскі, паламаў яму косткі.18Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля: “Вось, Я наведаю валадара Бабілонскага і зямлю ягоную, як наведаў валадара Асірыйскага.19І Я прывяду Ізраіль на пашы ягоныя, і ён будзе пасьвіцца на Кармэлю і ў Башане, і на гары Эфраіма, і ў Гілеадзе, і насыціцца душа ягоная”.20У тыя дні і ў той час, кажа ГОСПАД, будуць шукаць беззаконьне ў Ізраіля, і ня будзе яго, і [шукаць] грахі ў Юды, і ня знойдуць іх, бо Я прабачу тых, якіх пакіну.21Выруш супраць зямлі Мэратаім і супраць жыхароў Пэкоду! Руйнуй і зьнішчы з закляцьцем, кажа ГОСПАД, і зрабі ўсё, што Я табе загадаў!22Гармідар ваенны ў зямлі і зьнішчэньне вялікае.23Як пабіты і зламаны молат усёй зямлі! Як стаўся пустэчаю Бабілон сярод народаў!24Я паставіў на цябе сіло, і ты схоплены, Бабілон, а ты ня ведаў. Ты знойдзены і схоплены, бо ты паўстаў супраць ГОСПАДА.25Адкрыў ГОСПАД скарбніцу Сваю і дастаў начыньні гневу Свайго, бо справу мае Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў, у зямлі Халдэйскай.26Прыходзьце да яе з канцоў [зямлі], адкрыйце ўсе клуні ейныя, і раскідайце яе як снапы, і зрабіце яе закляцьцем, няхай ніхто не застанецца ў ёй.27Пазабівайце ўсіх валоў ейных, няхай ідуць яны на зарэз. Гора ім, бо надыйшоў дзень іхні, час наведваньня іхняга.28Голас тых, якія ўцяка­юць, і тых, якія выйшлі з зямлі Бабілонскай, каб абвясьціць на Сыёне пра помсту ГОСПАДА, Бога нашага, пра помсту за сьвятыню Ягоную.29Склічце лучнікаў суп­раць Бабілону. Вы ўсе, якія нацягваеце лукі, станьце табарам вакол яго, няхай ніхто не ўцячэ. Аднагарадзіце яму паводле справаў ягоных і тое, што ён вам рабіў, зрабіце яму, бо ён выхваляўся супраць ГОСПАДА, супраць Сьвятога Ізраіля!30Дзеля гэтага пападаюць юнакі ягоныя на плошчах ягоных; і ўсе ваяры ягоныя змоўкнуць у той дзень, кажа ГОСПАД.31Вось, Я супраць цябе, пыхлівец, кажа Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў, бо прыйшоў дзень твой, час наведваньня твайго.32І спатыкнецца пыхлівец, і ўпадзе, і ня будзе каму яго падняць, і Я запалю агонь у-ва ўсіх гарадах ягоных, і ён спаліць усё навокал.33Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў: “Уцісканыя сыны Ізраіля і сыны Юды разам з імі, і ўсе, якія зьняволілі іх, трымаюць іх і ня хочуць адпусьціць іх.34Адкупіцель іхні магутны. ГОСПАД Магуцьцяў — імя Ягонае. Баронячы, Ён будзе бараніць справу іхнюю, каб даць супакой зямлі і ўстрывожыць жыхароў Бабілону”.35Меч на Халдэйцаў, кажа ГОСПАД, і на жыхароў Бабілону, і на князёў ягоных, і на мудрацоў ягоных!36Меч на варажбітоў, і яны стануцца дурнямі; меч на волатаў ягоных, і яны напужаюцца!37Меч на коней ягоных і на калясьніцы ягоныя, і на ўсю мешаніну [людзей], якая пасярод яго, і будуць яны, як жанчыны; меч на скарбы ягоныя, і будуць яны разрабаваныя.38Меч на воды ягоныя, і яны высахнуць, бо гэта зямля ідалаў, яны хваляцца балванамі сваімі.39Дзеля гэтага будуць жыць у ім зьвяры пустыні, і шакалы, і страусы, і ня будзе больш ніколі ён абжыты, і ніхто там не паселіцца з пакаленьня ў пакаленьне.40Як збурыў Бог Садом і Гамору і суседнія гарады, кажа ГОСПАД, ня будзе жыць там чалавек і не паселіцца там сын чалавечы.41Вось, прыходзіць народ з поўначы, народ вялікі, і шматлікія валадары паўстаюць з канцоў зямлі.42Яны трымаюць лук і дзіду, яны жорсткія і бязьлітасныя. Голас іхні — нібыта шуміць мора, і яны едуць на конях, яны пашыхтаваныя як адзін чалавек да бою супраць цябе, дачка Бабілону!43Пачуў валадар Бабілону вестку пра іх, і аслабелі рукі ягоныя, жах ахапіў яго і боль як тую, якая нараджае.44Вось, ён выходзіць як леў з гушчару над Ярданам на паплавы зялёныя. Я ў момант змушу яго ўцякаць ад іх, а выбранага юнака пастаўлю над імі. Бо хто [падобны] да Мяне? І хто пакліча Мяне [на суд]? І які пастыр устаіць перад абліччам Маім?45Дзеля гэтага паслухайце пра намер ГОСПАДА, які Ён мае супраць Бабілону, і думкі Ягоныя, якія Ён мае адносна зямлі Халдэйскай. Выцягнуць нават найменшых авечак, і будуць спустошаны пашы іхнія.46На вестку, што здабыты Бабілон, задрыжыць зямля, і крык будзе чутны сярод народаў.