ЯРЭМІЯ46bel_jfc

1Слова ГОСПАДА, якое было да Ярэміі прарока пра народы.2Супраць Эгіпту, супраць вой­ска фараона Нэхо, валадара Эгіпецкага, якое было каля ракі Эўфрат у Каркемішы і якое пабіў Навухаданосар, валадар Бабілонскі, у чацьвёртым годзе Егаякіма, сына Ёсіі, валадара Юды:3«Падрыхтуйце тарчу і шчыт і ідзіце ў бой!4Запрагайце коней і сядайце, вершнікі, і пашыхтуйцеся [тыя, што] ў шаломах, навастрыце дзіды і апраніце панцыры!5Што я бачу? Яны напалоханыя, адыходзяць, і волаты іхнія пабітыя, уцякаюць у страху і не аглядаюцца! Жах вакол, кажа ГОСПАД.6Не ўцячэ хуткі і ня выратуецца волат. На поўначы, на беразе ракі Эўфрат спатыкаюцца яны і падаюць.7Хто той, які падымаецца як рака, воды ягоныя хвалююцца як ручай?8Эгіпет падымаецца як рака, і воды ягоныя хвалююцца як ручай, і ён кажа: “Падняўшыся, пакрыю зямлю, зьнішчу горад і жыхароў ягоных”.9Імчыце, коні, ляціце, калясьніцы, і ідзіце наперад, волаты. Куш і Пут няхай трымаюць шчыты, і Людыйцы няхай нацягваюць лук!10Гэта дзень Госпада, ГОСПАДА Магуцьцяў, дзень помсты, каб адпомсьціць ворагам Ягоным. І меч будзе есьці, і насыціцца, і нап’ецца крыві, бо гэта ахвяра для Госпада, ГОСПАДА Магуцьцяў, у зямлі паўночнай каля ракі Эўфрат.11Пайдзі ў Гілеад і вазьмі бальзам, дзяўчына, дачка Эгіпту! Надарма, памнажаючы, ты памнажаеш лекі, няма аздараўленьня для цябе!12Пачулі народы пра ганьбу тваю, і галашэньне тваё напоўніла зямлю, бо волат спатыкнуўся аб волата, і абодва ўпалі разам».13Слова, якое прамовіў ГОСПАД да Ярэміі прарока пра прыйсьце Навухаданосара, валадара Бабілонскага, каб захапіць зямлю Эгіпецкую:14«Паведаміце Эгіпту і паслухайце ў Мігдоле, паслухайце ў Нофе і Тахпанхэсе! Скажыце: “Стань і рыхтуйся, бо меч праглыне [ўсё] вакол цябе”.15Чаму ўпаў асілак твой? Не ўстаяў ён, бо ГОСПАД штурхнуў яго.16Моцна захістаўся і ўпаў чалавек на бліжняга свайго, і сказаў: “Падыміся і вернемся да народу нашага і ў зямлю нараджэньня нашага ад аблічча мяча забойчага”.17Назавіце фараона, валадара Эгіпецкага, “Гармідар”, ён прапусьціў час адпаведны.18Як жывы Я, кажа Валадар, ГОСПАД Магуцьцяў — імя Ягонае, як Табор сярод гор і як Кармэль пры моры, прыйдзе ён.19Падрыхтуй рэчы на выгнаньне, жыхарка, дачка Эгіпту, бо Ноф стане пустэчаю, і будзе спалены, без жыхароў.20Эгіпет — цялушка ладная, прыгожая, але авадзень з поўначы прыходзіць, прыходзіць.21Найміты ягоныя пасярод яго як цяляты кормныя, але і яны вярнуліся і ўцяклі разам, ня вытрымалі, бо прыйшоў на іх дзень загубы іхняй, час наведваньня іхняга.22Голас [Эгіпту] загучыць як [сычэньне] зьмяі, бо набліжаюцца з войскамі, і прыйдуць да яго з сякерамі, як дрывасекі.23І сьсякуць яны лес ягоны, кажа ГОСПАД, хоць ён непраходны, бо іх больш ад саранчы, і няма ім ліку.24Асаромлена дачка Эгіпту і аддадзена ў рукі народу паўночнага.25Кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля: “Вось, Я наведаю Амона ў Но, і фараона, і Эгіпет, і багоў ягоных, і валадароў ягоных, і фараона, і тых, якія спадзяюцца на яго.26І аддам іх у рукі тых, якія шукаюць душу іхнюю, у рукі Навухаданосара, валадара Бабілонскага, і ў рукі слугаў ягоных, але потым ён будзе абжыты як у дні старадаўнія, кажа ГОСПАД.27А ты ня бойся, слуга Мой Якуб, і не палохайся, Ізраіль, бо вось, Я збаўлю цябе з [зямлі] далёкай, і насеньне тваё — з зямлі палону іхняга. І вернецца Якуб, і супачыне, і будзе ў бясьпецы, і ніхто ня будзе трывожыць [яго]!28Ты ня бойся, слуга Мой, Якуб, кажа ГОСПАД, бо Я з табою, бо Я зраблю канец усім народам, у якіх Я расьцярушыў цябе, а табе не зраблю канец, але пакараю цябе паводле правасудзьдзя, і непакараным не пакіну цябе”».