ЯРЭМІЯ4bel_jfc

1Калі вернешся, Ізраіль, кажа ГОСПАД, вернешся да Мяне, і калі адкінеш ідалаў сваіх ад аблічча Майго, ня будзеш бадзяцца.2І калі будзеш прысягаць: “Як жывы ГОСПАД!” у праў­дзе, судзе і праведнасьці, народы будуць дабраслаўляцца і будуць хваліцца ў Ім.3Бо гэта кажа ГОСПАД да людзей Юды і Ерусаліму: “Разорвайце разоры вашыя, і ня кідайце насеньня ў церні.4Абрэжцеся дзеля ГОСПАДА і адкіньце скуравінкі сэрцаў вашых, мужы Юды і жыхары Ерусаліму, бо выйдзе гнеў Мой, як агонь, і будзе гарэць, і не затухне з прычыны ліхіх учынкаў вашых”.5Абвяшчайце ў Юдзе, і агаласіце ў Ерусаліме, і скажыце: “Трубіце ў трубы па ўсёй зямлі, крычыце моцна і кажыце: ‘Зьбі­раймася і хадземце ў гарады ўмацаваныя!”6Падыміце знак у напрамку Сыёну! Уцякайце! Не затрымлівайцеся! Бо Я прыводжу гора з поўначы і няшчасьце вялікае.7Выйшаў леў з гушчара свайго і нішчыцель народаў вырушыў. Пакінуў ён сваё месца паселішча, каб зрабіць зямлю тваю пусткаю; гарады твае будуць разбураны і без жыхароў.8Дзеля гэтага апраніце зрэбніцу, лямантуйце і галасіце, бо не адвярнулася ад вас ярасьць гневу ГОСПАДА.9І станецца ў тыя дні, кажа ГОСПАД, спыніцца сэрца валадара і сэрца князёў, і аслупянеюць сьвятары, і прарокі зьнямеюць.10І скажуць: “Госпадзе ГОСПАДЗЕ! Падманваючы, падмануў Ты народ гэты і Ерусалім, калі казаў: "Супакой будзе вам", а вось меч дакрануўся да душы”.11У той час будуць казаць народу гэтаму і Ерусаліму: “Вецер гарачы з гораў, што ў пустыні, [прыходзіць] на шлях дачкі народу Майго не для прасяваньня і не для ачышчэньня.12Вецер, мацнейшы за яго, прыйдзе ад Мяне. Цяпер Я праслаўлю суд над імі”.13Вось, ён падымаецца, нібы хмары, і як бура калясьніцы ягоныя, хутчэйшыя, чым арлы, коні ягоныя. “Гора нам, бо мы будзем зьнішчаны!”14Абмый ад ліхоты сэрца тваё, Ерусалім, каб ты быў уратаваны! Дакуль жа будуць у табе думкі твае нягодныя?15Бо голас абвяшчае з Дана і агалашаюць загубу з гор Эфраіма.16Паведамце народам: “Вось яны!” Абвясьціце гэта ў Ерусаліме: “Прыходзяць з зямлі далёкай, каб аблягаць яго, суп­раць гарадоў Юды ўзносяць голас свой!17Як вартаўнікі палёў, яны атачаюць яго навокал, бо ён збунтаваўся супраць Мяне, кажа ГОСПАД.18Шляхі твае і ўчынкі твае зрабілі гэта табе. Беззаконьне тваё такое горкае, што сягае нават сэрца твайго!”19“Улоньне маё, улоньне маё! Я качаюся ад болю! Сьцены сэр­ца майго! Трапеча ў-ва мне сэр­ца маё! Не магу маўчаць, бо гук трубы чуе душа мая, гармідар ваенны”.20“Бяда за бядою абвяшчаюцца, бо зруйнаваная ўся зямля, зьнянацку зьнішчаны намёты Мае, у момант — заслона Мая.21Дакуль Я буду глядзець на знакі і слухаць голас трубы?22Бо неразумны народ Мой, ня ведае Мяне; сыны дурныя і бязглуздыя; мудрыя, каб чыніць зло, але добрага рабіць ня ўмеюць.23Я зірнуў на зямлю, і вось, яна бязладная і пустая; [зірнуў] на неба — і няма сьвятла ягонага.24Зірнуў на горы, і вось, яны трасуцца, і ўсе ўзгоркі хістаюцца.25Зірнуў, і вось, няма чалавека, і зьніклі ўсе птушкі нябесныя.26Зірнуў, і вось, зямля ўрадлівая [сталася] пустыняй, і ўсе гарады зьнішчаныя перад абліччам ГОСПАДА, перад абліччам полымя гневу Ягонага”.27Бо гэта кажа ГОСПАД: “Спустошана будзе ўся зямля, але загубы поўнай Я не зраблю.28Дзеля гэтага будзе галасіць зямля і зацемрыцца неба ўгары. Бо Я прамовіў гэтак, і так вырашыў, і ня буду шкадаваць, і ад гэтага не адступлюся”.29Ад голасу вершніка і страляньня з луку ўцякуць усе гарады. Кінуцца ў гушчары, ушчэпяцца на скалы, усе гарады будуць пакінутыя, ніводзін чалавек ня будзе жыць у іх.30А ты, зруйнаваная, што будзеш рабіць? Хоць апранешся ў кармазын, хоць начэпіш аздобы залатыя і падмалюеш фарбай вочы твае, надарма ўпрыгожваешся, бо пагарджаюць табою палюбоўнікі твае, цікуюць яны на жыццё тваё.31Чую голас быццам парадзіхі, нібы стогн жанчыны, якая першы раз нараджае, голас дачкі Сыёну, якая памірае і выцягвае рукі свае: “Гора мне, бо млее душа мая між забойцаў!”