ЯРЭМІЯ37bel_jfc
1І заваладарыў Сэдэкія, сын Ёсіі, замест Коніі, сына Егаякіма. Яго паставіў як валадара ў Юдзе Навухаданосар, валадар Бабілонскі.2Але ані ён, ані слугі ягоныя, ані народ зямлі гэтай ня слухалі словаў ГОСПАДА, якія Ён прамаўляў да іх праз рукі Ярэміі прарока.3І паслаў валадар Сэдэкія Егухаля, сына Шэлеміі, і Сафонію, сына Маасэі, сьвятара, да Ярэміі прарока, кажучы:4«Памаліся, прашу, за нас да ГОСПАДА, Бога нашага!» А Ярэмія [тады] хадзіў і выходзіў сярод народу і ня быў яшчэ ўкінуты ў вязьніцу.5І войска фараона выйшла з Эгіпту, і пачулі вестку пра гэта Халдэйцы, якія аблягалі Ерусалім, і адступілі ад Ерусаліму.6І было слова ад ГОСПАДА да Ярэміі прарока, кажучы:7«Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля. Так скажаце валадару Юды, які паслаў вас да Мяне шукаць [параду]: “Вось, войска фараона сьпяшаецца вам на дапамогу. Яно вернецца ў зямлю сваю, у Эгіпет.8І вернуцца Халдэйцы, і будуць ваяваць супраць гораду гэтага, і здабудуць яго, і спаляць яго агнём”.9Гэта кажа ГОСПАД. Не ашуквайце душаў вашых, кажучы: “Адыходзячы, адыйдуць Халдэйцы!”, бо яны не адыйдуць [ад вас].10Нават калі б вы пабілі ўсё войска Халдэйцаў, якія ваююць з вамі, і засталіся б з іх [толькі] параненыя, і тады кожны з іх падымецца з намёту свайго, і яны спаляць горад гэты агнём».11І сталася, калі адступіла войска Халдэйцаў ад Ерусаліму ад аблічча войска фараона,12выйшаў Ярэмія з Ерусаліму, каб ісьці ў зямлю Бэн’яміна і там падзяліць [спадчыну] сярод народу.13І калі ён быў пры браме Бэн’яміна, быў там начальнік варты на імя Ірыя, сын Шэлеміі, сына Хананіі, і ён схапіў Ярэмію прарока, кажучы: «Ты пераходзіш да Халдэйцаў».14І сказаў Ярэмія: «Хлусьня! Я не пераходжу да Халдэйцаў!» Але той ня слухаў яго. І схапіў Ірыя Ярэмію, і завёў яго да князёў.15І разгневаліся князі на Ярэмію, і білі яго, і ўкінулі ў вязьніцу ў доме Ёнатана пісара, бо з яго зрабілі вязьніцу.16І зыйшоў Ярэмія ў лёх, у сутарэньні, і быў там шмат дзён.17І паслаў валадар Сэдэкія, і прывялі яго, і пытаўся ў яго валадар таемна ў доме сваім, і сказаў: «Ці ты маеш слова ад ГОСПАДА?» І сказаў Ярэмія: «Маю». І сказаў [далей]: «Ты будзеш выдадзены ў руку валадара Бабілонскага».18І сказаў Ярэмія валадару Сэдэкіі: «Чым саграшыў я перад табою, і перад слугамі тваімі, і перад народам гэтым, што ўкінулі мяне ў вязьніцу?19Дзе прарокі вашыя, якія прарочылі вам, кажучы: “Ня прыйдзе валадар Бабілонскі супраць вас і супраць зямлі гэтай”?20І цяпер паслухай, прашу, гаспадару мой, валадар! Няхай маленьне маё прыйдзе, прашу, перад аблічча тваё! Не вяртай мяне ў дом Ёнатана пісара, і я не памру там».21І загадаў валадар Сэдэкія, і трымалі Ярэмію на панадворку вартоўні, і давалі яму штодзень па кавалку хлеба з вуліцы пекараў, пакуль ня скончыўся ўвесь хлеб у горадзе. І заставаўся Ярэмія на панадворку вартоўні.